«Нас проверяют, местные мы или нет. Просят сказать «чучинщина». Што пішуць у чатах расіян, якія хаваюцца ў Беларусі?
Абвешчаная ў Расіі мабілізацыя справакавала масавыя ўцёкі жыхароў у суседнія краіны. Беларусь адна з іх. Нямала расіян разглядаюць яе як месца, дзе можна перачакаць небяспечныя часы на радзіме або адкуль можна выехаць у трэцюю краіну.
У сацыяльных сетках з'явіліся адмысловыя чаты, у якіх расіяне абменьваюцца лайфхакамі і інфармацыяй. Адзін з такіх чатаў называецца «Граница РФ-РБ Чат».
Самае частае ў ім пытанне — пра стаўленне беларусаў да расіян.
«Нянавісць да рускіх, ці ёсць у вас у РБ, асабліва, да тых хто ўцякае ад «магілізацыі»?» — цікавіцца ўдзельнік чату.
«Усім пофігу, абы паводзілі сябе спакойна і адэкватна», — адказваюць яму.
«А каб жыць у Беларусі, ці трэба ведаць беларускую мову?» — пытаецца расіянін.
«Калі ты ў Беларусі гаворыш на беларускай мове, то наадварот могуць быць праблемы», — засцерагаюць госця ад асаблівасцей лукашызму.
«Вывучыце хаця б базавыя слова: дзякую, калі ласка, вітаю, да сустрэчы», — раяць яму.
Некаторыя расіяне чакаюць, што ў Беларусі іх будуць вызначаць па гаворцы.
«А яшчэ нас правяраюць тутэйшыя, — адзначаецца ў адным з допісаў. — Просяць сказаць «чучинщина», альбо нешта такое. Асцярожна».
У яшчэ адным рэкамендацыя, як слушна называць краіну.
«Беларус і Беларусь, а не «Беларусія», бо адразу «палева», — падказваюць гасцям з суседняй краіны.
Яшчэ адзін супакойвае.
«Ой бач. Яны за гадзіну загэкаюць і задзекаюць. Мае ўжо «калі ласка» навучыліся гаварыць», — піша іншы карыстальнік.
Большасці расійскіх удзельнікаў чату Беларусь падаецца еўрапейскай краінаю з гасцінным народам.
«Людзі тут шчаслівыя нейкія, зычлівыя, адразу відаць, што еўрапейскага ў іх шмат», — адзначае адзін з каментатараў, які апавядае пра свае першыя кантакты з беларусамі.
«Мы рэальна дужа адсталі ад заходняй цывілізацыі ў маральным плане», — канстатуе ён.
Яшчэ адзін удзельнік чату, параўноўваючы норавы ў Расіі і Беларусі, наракае, што на радзіме «яго ў краме па два разы на дзень маглі паслаць», а тут, кажа ён пра Беларусь, «ветлівыя ўсе».
«Нават настрой сам лепшае і часцей усміхацца пачынаеш», — адзначае ён.
Не ўсе беларускія ўдзельнікі чату гатовыя прымаць гасцей з суседняй краіны.
«Не хачу я з распасцёртымі абдымкамі сустракаць людзей, якім 6 месяцаў было «с…ць» на вайну, — гаворыцца ў адным са злых допісаў. — Тыя, хто супраць вайны, выходзілі на плошчы. Такіх людзей я рада бачыць і дапамагаць».
На такі допіс некаторыя агрызнуліся.
«Ім трэба дапамагаць, а не свае нейкія незразумелыя прэтэнзіі выказваць. Хочаце выказваць, пішыце ў Крэмль. Звычайныя людзі ні пры чым», — адзначана ў адным з каментароў.
«Бягуць якраз тыя, хто не хоча нікога «вызваляць», і падмацоўвае сваю пазіцыю дзеяннямі — уцякаючы, кінуўшы ўсё сваё жыццё, якое дзесяцігоддзямі выбудоўвалі», — даводзіць сваё бачанне сітуацыі іншы ўдзельнік чату.
«У цэлым да вас прыедзе шмат турыстаў і гэта моцна прастымулюе вашу эканоміку», — аргументуе карысць ад наплыву гасцей расіянін.
Не ўсе, аднак, яго землякі ўпэўненыя, што Беларусь для іх паратунак. Такія лічаць, што «Лукашэнка будзе здаваць рускіх».
«Я проста спрабую зразумець мэтазгоднасць пераезду, — тлумачыць расіянін, які хоча з'ехаць з Расіі. — Не ўпэўнены, што ў Беларусі будзе нашмат бяспечней, чым у Расіі».
Каментары
п.с. а я ўсё думаю - хто анекдоты сачыняе? кажуць - народ-народ. а гэта аказваецца Юзік Крулеўскі сачыняе анекдот)