Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачванні намесніка дырэктара ДП «Гараўтамост» у службовай нядбайнасці. Ён, маўляў, ведаў пра дэфекты ў канструкцыі моста на Нямізе, але не прыняў неабходных захадаў.
«Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны ведаў пра дэфекты рыгеля прамежкавай апоры пуцеправода праз вуліцу Няміга ў сталіцы, якія пастаянна прагрэсавалі. Аднак не арганізаваў ліквідацыю падначаленымі наяўных дэфектаў на стадыі, калі яны з'яўляліся не небяспечнымі для збудавання і для ліквідацыі якіх патрабаваліся мінімальныя выдаткі», — гаворыцца ў паведамленні Генеральнай пракуратуры.
«Як вынік — 8 студзеня 2022 года пешаходная частка пуцеправода абрынулася», — дадалі ў ведамстве.
Генеральная пракуратура прад'явіла абвінавачанаму таксама іск аб пакрыцці прычыненай шкоды.
Нагадаем, у ноч на суботу, 8 студзеня, у Мінску на вуліцы Няміга абрынулася пешаходная частка моста, пацярпелых з-за позняга часу не было. Папярэдняй прычынай абвальвання называлася стомленасць канструкцый моста (у сувязі з працай метро і павышанай нагрузкай з-за скачкоў тэмператур). Пасля за месяц на тым месцы пабудавалі новы мост, рух па ім для ўсіх відаў транспарту аднавіўся 11 лютага.
Каментары