Спорт22

Каб не гуляць з ябацькамі, футбаліст сышоў з добрага беларускага клуба — і шчаслівы

26-гадовы Дзмітрый Байдук некалі гуляў за брэсцкае «Дынама», але адмовіўся ад грошай і футбольнай кар’еры ў Беларусі, каб не выходзіць на поле разам з падпісантамі праўладнага ліста. Зараз Байдук гуляе ў чацвёртай лізе польскага чэмпіянату і працуе на дрэваапрацоўцы, але кажа пры гэтым, што ў Польшчы пачаў жыць і лепш, і вальней. Мы распыталі ў хлопца ўсе дэталі яго гісторыі.

Фота: dynamo-brest.by

Край, дзе цяпер жыве Дзмітрый, называюць Мазуры. Гэта поўнач Польшчы, рэгіён паміж Беластокам і Гданьскам, вядомы сваімі прыгожымі азёрамі, які называюць адной з галоўных адметнасцяў Польшчы разам з Закапаным. Тут для Байдука знайшлося месца ў клубе Znicz маленькага (20 тысяч чалавек) горада Бяла-Піска.

Пасля правальнага мінулага сезона гэтая каманда гуляе ў чацвёртай польскай лізе, але спадзяецца як мага больш хутка вярнуцца на лігу вышэй. Дзмітрый расказвае, што для гэтага ў клубе робяць усё, і ўмовамі хлопец задаволены.

Два гады таму, перад выбарамі, у жыцці Байдука ўсё было па-іншаму. Футбаліст гуляў у «Гарадзеі», клубе ў пасёлку Мінскай вобласці, які, аднак, мог дастойна супраціўляцца на полі і лідарам беларускага футбола. Той час хлопец згадвае з вялікім цяплом.

«Арыштавалі нашага Крыштаповіча»

«Калі да нас прыязджалі гуляць іншыя каманды, гэта заўсёды было свята. Людзі ехалі да нас на матчы з усіх ваколіцаў. Лепшым камандам было цяжка там гуляць, мы і БАТЭ, і мінскае «Дынама» дома перамагалі, з усімі змагаліся і ў 2019 годзе занялі 7 месца [ў чэмпіянаце]. Ды і проста сябры мае прыязджалі пакайфаваць на матчах, узяць той жа шашлык на стадыёне — гэта ж славутасць таго месца.

У пачатку 2020 года арыштавалі нашага [экс-дырэктара Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіла] Крыштаповіча, кіраўніка клуба, чалавека, які моцна любіў футбол і шмат зрабіў для клуба, для пасёлка і навакольных вёсак. Пасля кожнага матча заходзіў у раздзявальню, нягледзячы на тое, перамаглі мы ці не, падтрымліваў кожны раз, заўсёды трымаў сваё слова.

Пасля яго затрымання футбол у Гарадзеі пратрымаўся некалькі месяцаў, да канца сезону, а потым пачаліся праблемы з фінансаваннем.

Фота: архіў героя

Адразу стала зразумела, што ўсё трымалася на адным чалавеку. Клуб знік, дзіцячую школу таксама закрылі. Цяпер, наколькі я ведаю, на тым полі гуляе «Арсенал» з Дзяржынска, на іх матчы ходзіць 50—100 аматараў. Але я памятаю, якая была ў Гарадзеі атмасфера, калі існаваў футбольны ажыятаж, гэта было класна. Той клуб быў першым клубам вышэйшай лігі, дзе я гуляў, калектыў там быў моцны, і ў мяне там усё выходзіла добра».

«У нас усё пабудаванае на страху, і ў футболе таксама»

У «Гарадзеі» Дзмітрый застаў паслявыбарчыя падзеі 2020 года. Кажа, што, нягледзячы на ўсе эмоцыі ад навін, гульцы працягвалі трэніравацца, хаця, лічыць Дзмітрый, так і нельга было рабіць. Гуляць было цяжка, бо ў галаве было зусім іншае, і пераключыцца было дужа складана, на трэніроўках мала што атрымлівалася.

Хутка пасля пачатку пратэстаў з’явіўся ліст спартсменаў за сумленныя выбары, і Байдук падпісаў яго адразу ж, як толькі пабачыў, і праз гэта меў размову з дырэктарам клуба ў «Гарадзеі»: «Адразу зразумеў, што ў клубе ўсе вельмі баяцца — і трэнерскі штаб, і дырэктар.

На жаль, у нас усё пабудаванае на страху, і ў футболе таксама. Усе баяцца за свае месцы, бо людзі спакойна сядзяць на іх, робяць мінімальную працу і атрымліваюць бюджэтныя грошы. 

Памятаю, як стараліся мяне пераканаць. Адзін чалавек з трэнерскага штаба мне сказаў: «Дзіма, што вы там на гэтыя мітынгі ходзіце па нядзелях? Я з жонкай не магу выйсці ў рэстаран!» І як з гэтымі людзьмі можна будаваць нейкі дыялог? Пасля такіх словаў я адразу ўсё зразумеў і не ўступаў ужо з імі ні ў якія дыскусіі».

Праз паўгода пасля выбараў Байдук апынуўся ў брэсцкім «Дынама». Кажа, што і гэты клуб яму падабаўся, але з футболам у хлопца там складвалася не так гладка: амаль адразу атрымаў траўму, вельмі мала гуляў — у асноўным выходзіў на замену. Але і каманда, і стадыён з аматарамі — усё гэта выклікала добрыя ўражанні.

Фота: архіў героя

Але тое, што некаторые з дынамаўцаў падпісалі праўладны ліст спартсменаў, змяніла стаўленне Дзмітрыя да іх і да клуба:

«Расчараваўся ў тых, з кім разам выходзіў на поле, часам і не адзін год, з кім дзяліў раздзявальню, гутарыў і дзяліўся нечым асабістым, важным.

Футбол — гэта ж не індывідуальны від спорту, нас у камандзе 25 чалавек.

Памятаю, як людзі пачалі мне тлумачыць, чаму яны падпісалі ліст: у кагосьці жонка цяжарная была, у кагосьці нейкія яшчэ так званыя прычыны. Усё роўна было вельмі цяжка іх зразумець, я і не спрабаваў гэта зрабіць, бо ў мяне, як у спартсмена і ў першую чаргу як у чалавека, не было нейкіх сапраўдных прычын, каб улезці ў гэты ліст і падпісаць.

Можа, мне лягчэй так казаць, бо я не маю сваёй сям’і, хаця ў мяне ёсць мама і сястра. Не ведаю, чым кіраваліся тыя людзі, што падпісалі ліст, якія ў іх каштоўнасці, тым больш што ўся інфармацыя [пра гвалт у краіне] была даступная, шмат мы і самі бачылі».

Спачатку хлопец быў упэўнены, што ніхто ў камандзе не будзе падпісваць праўладны ліст, але ж, калі гэтая папера прыйшла ў клуб, некаторыя гульцы ўсё-такі паставілі свой подпіс.

Разам з іншым футбалістам, Віталём Гайдучыкам, Байдук прыняў рашэнне ў такім клубе не заставацца, і хлопцаў звольнілі па пагадненні бакоў.

«Жорсткасць, несправядлівасць — гэта занадта мяккія словы для таго, што было пасля выбараў»

Чаму Дзмітрый сам не падпісаў той ліст? Расказвае, што бачыў, што адбываецца ў краіне, хадзіў на пратэсты. У дзень выбараў, 9 жніўня, Байдук чакаў ля ўчастка вынікаў галасавання, яго знаёмыя траплялі на суткі. Хлопец ведае, што праз гэтыя падзеі шмат людзей пачалі цікавіцца палітыкай, але запэўнівае, што ён сваю пазіцыю сфармуляваў раней:

«Я з дзяцінства не падтрымліваў тое, як ідуць справы ў Беларусі. Мой тата, які памёр 8 гадоў таму, вельмі не любіў дзейную ўладу і меў рацыю.

2020 год стаў пунктам невяртання. Усё гэта — праз жорсткасць сілавікоў, праз стаўленне да нас тых людзей, якія жывуць у адной краіне з намі і за нашы грошы.

Жорсткасць, несправядлівасць — гэта занадта мяккія словы для таго, што было [пасля выбараў]. І так ставіліся да такога цудоўнага, адкрытага, сумленнага народа, як беларусы, у той момант, калі ўсім было ясна, дзе праўда. Дагэтуль не магу зразумець, як гэта ўсё магло здарыцца, адкуль такое жорсткае стаўленне людзей, якія арыштоўвалі і збівалі [грамадзян]».

Фота: архіў героя

Дзмітрый разумеў, што пасля таго, як ён сышоў з каманды па сваіх перакананнях, у іншым беларускім клубе ён гуляць не зможа, але захоўваў надзею на тое, каб працягнуць кар’еру за мяжой. Але пры гэтым вырашыў, пакуль шукае клуб, заняцца нейкай іншай працай і паспрабаваў сябе ў таксі, хаця і атрымаў у свой час інжынерную адукацыю ў БНТУ. Падабалася, што з такой працы можа сысці ў любы момант, калі нарэшце атрымае запрашэнне ў замежны клуб:

«2 жніўня [2021 года] мне пазванілі і сказалі прыехаць уладкоўвацца, а на наступны дзень, калі ў мяне быў дзень нараджэння, я пачаў працаваць. Тры месяцы там прапрацаваў і ўвогуле пра гэта не шкадую, у мяне засталося адтуль вельмі шмат знаёмых, добрых людзей».

З таксі давялося развітацца ў пачатку лістапада, калі ў Дзмітрыя на тры месяцы забралі правы кіроўцы. Байдук кажа, што два разы перавысіў хуткасць: першы раз вёз жанчыну з 20 кілаграмамі яблыкаў, якая спазнялася на маршрутку на Наваполацк, другі раз пасажыры таксама спазняліся і прасілі везці хутчэй. Калі Байдук застаўся без працы, яго запрасіў на сваё прадпрыемства сябар, дзе былы дынамавец займаўся станкамі.

«Спачатку крыху баяўся звычайнай працы, а потым зразумеў, што нічога тут складанага няма»

Там ён прапрацаваў да пачатку 2022 года, і на такую змену працы зараз не скардзіцца:

«Спачатку крыху баяўся звычайнай працы, а потым зразумеў, што нічога тут складанага няма, усё нармальна. І калі ехаў сюды, у Польшчу, разважаў, што калі прапануюць мне [нефутбольную працу], падумаю пра гэта. Проста спачатку мне трэба было два-тры месяцы актыўна трэніравацца, каб прыйсці ў форму, бо да гэтага я сем месяцаў не гуляў у футбол».

У польскім клубе хлопцу падабаецца, ён адчувае неабыякавае стаўленне да сябе. Дапамагаюць з бытавымі момантамі і з дакументамі, і няма ніякіх прыкмет дыскрымінацыі за беларускасць, пра якую часам можна пачуць у Польшчы. Байдук расказвае, што часам у яго пытаюцца пра Беларусь ці па-добраму жартуюць, але да канфліктаў справа не даходзіць.

Фота: архіў героя

Хаця кожная навіна па тэлевізары звязаная з вайной ва Украіне, больш-менш сталыя палякі разумеюць, што і ў Беларусі ўсё складана. Для іх, кажа Дзмітрый, рэжым Лукашэнкі — нешта жахлівае, ён і блізка не выклікае ў іх ніякіх добрых асацыяцый. Але палякі, з якімі ўзаемадзейнічае Байдук, успрымаюць беларусаў спакойна: «Ведаю паляка, які трымае свой гатэль з рэстаранам, дык у яго ў свой час доўга працавалі беларусы, гадоў восем. Называе іх цудоўнымі людзьмі, праз іх і да мяне ставіцца нармальна. Думаю, яму падабаецца, як беларусы працуюць, мо і як паводзяць сябе».

«Як бы гэта ні было крыўдна, але ў Еўропе мы зараз неканкурэнтаздольныя»

Спачатку хлопец толькі гуляў у Польшчы ў футбол, але пасля заканчэння чэмпіянату, калі пачаўся перапынак, яму прапанавалі ўладкавацца на іншую, нефутбольную працу. Вольны час быў, і Дзмітрый на працу пагадзіўся. Уладкаваўся на дрэваапрацоўчы завод, дзе займаецца непасрэдна ўкладкай дошак на станок і тым, што здымае іх, калі дошкі ўжо апрацаваныя.

Першы час, расказвае Дзмітрый, працавалася цяжка, бо такой працы раней не рабіў. Але з часам прывык да графіку, спачатку працаваў па чатыры гадзіны, потым перайшоў на восем. З грашыма новая праца таксама дапамагае. Зразумела, што гэта не тое жыццё, якое футбаліст меў у «Дынама», але ён пра гэта не сумуе. Хутчэй, шкадуе, што страціў былых сяброў і добрых знаёмых, але радуецца, што найлепшыя сябры засталіся найлепшымі.

На ўсё ж астатняе былы дынамавец глядзіць з аптымізмам: «Зараз у мяне ўсё добра, нават не хочацца занадта хваліцца. Пашчасціла з людзьмі, якія каля мяне, яны ідуць насустрач у побытавых момантах. Была ў мяне магчымасць знайсці сабе іншы клуб, але застаўся тут менавіта праз тое, што мне дапамагаюць. Жыву ў двухпавярховым доме, які мне прадаставіў чалавек, на якога працую.

Усё мне падабаецца. Тут я пачаў нанава жыць і нанава мысліць, мысліць зусім па-іншаму і жыць добра і больш вольна. У Беларусі немагчыма было не думаць пра тое, што адбываецца ў краіне, тым больш што ў мяне арыштоўвалі сяброў і знаёмых. Мы ў «Гарадзеі» разам гулялі з [былым палітзняволеным] Росцікам Шавелем, гэта мой добры знаёмы. Праз такія моманты, як яго зняволенне, было немагчыма цвяроза мысліць і прымаць нейкія рашэнні, бо ўсе размовы зводзіліся да гэтага. Ні пра што не шкадую і назад не цягне, як мінімум цяпер».

За паўгода ў Польшчы Дзмітрый добра вывучыў польскую мову, кажа, што быў абавязаны гэта зрабіць, каб у камунікацыі з іншымі яму было лягчэй. Палякаў ён называе вольным народам і распавядае, што гэтым яны ад нас і адрозніваюцца, а яшчэ ўхваляе іх патрыятызм і любоў да сваёй краіны: «У маёй мясцовасці у кожным другім двары абавязкова вісіць польскі сцяг». Палякі таксама не ўсім задаволеныя ў сваёй краіне, але ж да беларускага палітычнага ладу ім далёка.

Хлопец жыве за 130 кіламетраў ад Беластока, дзе вялікая беларуская супольнасць. У Мазурах такой супольнасці няма, ды і сваякі Дзмітрыя жывуць у Беларусі. Зараз хлопец крыху кантактуе з сябрамі, што пераехалі ў Польшчу шмат гадоў таму, але і тыя жывуць далёка, і пабачыцца з імі атрымліваецца няпроста.

Вялікай радасцю для яго быў нядаўні кубак у гонар зняволенага журналіста Аляксандра Івуліна, арганізаваны ў Варшаве Фондам спартовай салідарнасці, той дзень Байдук называе адным з найлепшых у жыцці.

Цяпер, расказвае хлопец, ён проста атрымлівае задавальненне ад таго, што кожны дзень трэніруецца, гуляе і жыве сваім жыццём. У лепшы клуб пакуль што перайсці не можа, але разумее, чаму — пасля звальнення з «Дынама» правёў вельмі шмат часу без футбола і пакуль што не паспеў сябе зарэкамендаваць. Больш за тое, у вышэйшых лігах ёсць абмежаванні на колькасць футбалістаў-замежнікаў на полі, і гэта таксама не паляпшае для Байдука сітуацыю. Параўноўваючы беларускі футбол з польскім, ён прыходзіць да несуцяшальных высноваў:

«Футбол у Польшчы моцны, лігі, вышэйшыя за трэцюю, лічаць цалкам прафесійнымі. Ніжэйшыя лігі — ўжо паўпрафесійныя, бо там ёсць хлопцы, якія адначасова і гуляюць, і працуюць, у выніку яны менш трэніруюцца. Але ўсё роўна ў плане інфраструктуры нам да іх далёка.

Мне часам расказваюць пра беларускіх футбалістаў, якія не хочуць ехаць у першую ці другую польскую лігі і думаюць, што маглі б гуляць у вышэйшай [польскай] лізе. Але тут вельмі добра, калі трапляеш нават у другую лігу, там сапраўды высокі ўзровень, у тым ліку і па фінансах. Як бы гэта ні было крыўдна, але ў Еўропе мы цяпер неканкурэнтаздольныя».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Азаронкі — гэта агрэсіўная меншасць. А жыць мы будзем у Беларусі». Знакаміты валейбаліст вывучае псіхалогію і многае пераасэнсаваў

«Шчэрбу ўвогуле не лічу беларусам». Гімнаст з «Дзю Салей» Сямён Букін даў першае інтэрв'ю пасля пераходу на беларускую мову

«З-за беларускіх сілавікоў і пачалася вайна». Алімпіец-дзюдаіст раней служыў у Пагранкамітэце, а стаў бежанцам у Германіі

Каментары2

  • Паляшук
    03.09.2022
    Сачу за ДБр з часоў маладых Ромы Васілюка і Андрэя Разіна, бачыў заваяванне першага Кубка Беларусі на стадыёне. І вельмі ўсцешаны, што ў нашым клубе гулялі такія хлопцы як Дзіма Байдук, Віталь Гайдучык, Паша Няхайчык - сапраўдныя беларусы і народныя футбалісты. Нічога не забываецца, асабліва галасы, узвышаныя ў падтрымку тых, для каго вы выходзіце на поле - заўзятараў і, увогуле, нашага народа. Шчыра дзякую і поспехаў усім брэстам, хто за перамены!
  • Максим Дизайнер
    04.09.2022
    Вот он сасут. Профессиональный спортсмен, игравший за сильнейший клуб высшей лиги, чувствует себя комфортнее в польском захолустье, подавая и принимая доски на конвейере.

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Усе навіны →
Усе навіны

Што рабіць, калі ў кватэры халодна?

Папярэджанне пра пагаршэнне ўмоваў надвор'я на дарогах краіны1

Чэргі з легкавікоў на польскай мяжы зніклі

Расійская армія ажыццяўляе самае хуткае прасоўванне ва Украіне з 2022 года1

Улады хваляцца, што ў Беларусь па бязвізе прыехаў мільён еўрапейцаў. Няўжо праўда?5

Гендырэктара TikTok выклікалі ў Еўрапарламент пасля выбараў у Румыніі8

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд6

Як Лукашэнка кульгаў, выходзячы з самалёта ў Пакістане ВІДЭА13

Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Галоўнае
Усе навіны →