З-за міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і краін Еўразвяза, які да канца пакуль так і не вырашаны, Украіна істотна актывізавала ўладкаванне паўночнага ўчастка сваёй мяжы, паведамляе Дзяржаўная памежная служба Украіны.
Яшчэ з пачатку лістапада на ўкраінска-беларускай мяжы пастаянна працуюць каля трох дзясяткаў інжынерных груп памежнікаў. Яны ставяць рознага кшталту загароды — з калючага дроту, сеткі рабіцы і іншых матэрыялаў.
Таксама інжынерныя групы працуюць над упарадкаваннем верталётных пляцовак, каб забяспечыць аператыўнае перакіданне рэзерваў у выпадку рэзкай змены становішча на пэўным участку.
У Чаркаскай вобласці ўкраінскімі памежнікамі разгорнутая нават уласная вытворчасць, якая дазваляе вырабляць дрот і сеткі. Ужо сёння памежнікі здольныя самастойна вырабляць кожныя суткі столькі матэрыялаў, каб магчы штодзень загароджваць па тры кіламетры мяжы.
Згодна з распараджэннем урада «аб выдзяленні сродкаў для ажыццяўлення мерапрыемстваў, звязаных з умацаваннем абараназдольнасці дзяржавы» Дзяржаўнай памежнай службе Украіны выдзелена 21 млн грыўняў (амаль 800 тысяч даляраў). Гэта дазволіла закупіць амаль 300 тон сыравіны, з якой вырабяць агароджу для інжынернага перакрыцця каля 62 км украінска-беларускай мяжы.
Каментары