Вядомы блогер патлумачыў, чаму прагаласаваў за Марыю Калеснікаву як Чалавека года
У тэлеграм-канале «Нашай Нівы» выкацілі апытанне аб тым, каго чытачы лічаць Чалавекам года.
38%, гэта значыць большасць, прадказальна прагаласавалі за Ціханаўскую. А вось я ўвайшоў у лік тых 20% (другое месца), хто зрабіў выбар на карысць Марыі Калеснікавай.
І я растлумачу чаму.
Пратэстоўцы і тыя беларусы, якія спачуваюць пратэсту, нават не заўважылі, што ў іх, на самай справе, ёсць лідар гэтага пратэсту.
Ёсць чалавек, які сфармуляваў стратэгію гэтага пратэсту, распавёў яе беларусам і беларусы ёй ідуць. Лідар, ад ангельскага «leader» — гэта вядучы, ад ангельскага дзеяслова «to lead» — весці. Які паказвае шлях, які паказвае, куды трэба. Вось гэта вось сёння ў Беларусі менавіта Калеснікава і ёсць. Менавіта яна сказала людзям, што трэба рабіць, і яны гэта робяць.
«Дзяўбці, дзяўбці, дзяўбці гэтую ўладу!» — дзеянне, метад, які агучыла і не стамлялася паўтараць Марыя яшчэ летам — гэта вось гэтая стратэгія і ёсць. Яна азначае рабіць усё, што можаш, усё, што даступна, усё, што магчыма, і рабіць пастаянна, не здаючыся і не спыняючыся.
Іншыя фармулёўкі таго, што і як трэба рабіць, тыпу невыразных «людзі павінны абараняць свае галасы», даўно растварыліся ў рэальнасці — пра галасы ўжо мала хто ўспамінае. Сёння тыя, хто пратэстуе, менавіта «дзяўбуць».
На пытанне «Што рабіць?» пры планаванні адказвае менавіта стратэгія. Ёсць яшчэ пытанне «Як рабіць?», але гэта ўжо тактыка і ў яе рамках магчыма мноства варыянтаў і беларусы іх пастаянна ствараюць: ходзяць на маршы, не плацяць камуналку, партызаняць, запісваюць звароты і г. д., і г. д., і г. д. — да бясконцасці.
Але што рабіць — гэта сказала Марыя Калеснікава.
Кажуць: сцісласць сястра таленту, але часта забываюць, што без брата няма і сястры, і калі таленту няма, то і сцісласць часцей ілюструе глупства. Але ў нашым выпадку мы якраз маем справу з іншым: усё геніяльнае проста.
У гісторыі шмат заканамернасцяў, але складаюцца яны часта з выпадковасцяў. Марыю акалічнасці не прымусілі падаваць дакументы ў ЦВК, а Ярмошына не зрабіла яе адзіным кандыдатам-альтэрнатывай. Таму яе ўнёсак у працэсы, якія адбываюцца, цяжка ацэньваць — дакладна гэтак жа, як тысячы іншых людзей.
Але тое, што менавіта яна сказала беларусам, што трэба рабіць, і тое, што беларусы менавіта гэта і робяць, — сёння факт. І ў кантэксце гэтага факту менавіта яна з'яўляецца сапраўдным лідарам беларускага пратэсту, хоць і знаходзіцца цяпер за кратамі.
Таму я прагаласаваў за яе.
Каментары