«Мексіканцы заўсёды на расслабоне»: беларус, які з’ехаў у Гвадалахару, расказвае пра тамтэйшае жыццё, кухню, бяспеку
Ілля Петравец на радзіме працаваў спецыялістам у інфармацыйнай бяспецы. Ад пачатку лютага хлопец жыве ў Мексіцы.
Магчыма, гэтая вандроўка зацягнецца на год, а магчыма, на большы тэрмін. Лета Ілля планаваў правесці ў Беларусі, але цяпер у сувязі з сітуацыяй з каранавірусам сумняецца, ці прыляціць у маі на радзіму. Пра асаблівасці жыцця ў Мексіцы Ілля Петравец расказаў «Нашай Ніве».
Чаму пераехаў?
Так атрымалася, што ў мяне з'явілася магчымасць на нявызначаны час з’ехаць у Мексіку. Справа ў тым, што нас двое, і аднаму з нас прапанавалі працу ў адной з мексіканскіх ІТ-кантор. Гэта не разглядаецца як эміграцыя, як нешта на ўсё жыццё, а толькі як магчымасць паглядзець далёкую, экзатычную краіну і, што немалаважна, цёплую. Фактычна я паехаў за кампанію: не я быў галоўным ініцыятарам, а толькі пагадзіўся.
У Мінску я скончыў справы, якія мог скончыць, пакінуў частку аддаленай працы і паехаў сюды. Выляталі 2 лютага, у Беларусі была зіма, яшчэ нават пра каранавірус нічога ў нашых краях не было чуваць, была такая стандартная халадрыга. Цяпер жа я сяджу, умоўна кажучы, без майкі: тут днём +30, а ўначы — +20.
Раней на гэтым кантыненце я быў толькі ў ЗША, а ў іншых краінах мне быць не даводзілася. Мой галоўны стымулятар, мой наркотык — гэта падарожжы, таму і вырашыў паехаць. Мексіка — гэта 45-я краіна ў маёй скарбонцы падарожжаў.
У якім горадзе жывуць?
Мы пераехалі ў горад Гвадалахара — гэта другі па велічыні горад у Мексіцы пасля сталіцы Мехіка-Сіці. Каб вы разумелі, сама краіна складаецца з 31 штата, а таксама асобнай адміністрацыйнай адзінкі — Мехіка-Сіці. Груба кажучы, 32 штаты. У самім Мехіка жыве каля 10-12 мільёнаў чалавек, больш, чым ва ўсёй Беларусі.
Гвадалахара складаецца з уласна самога горада, а таксама ранейшых прыгарадаў, якія далучыліся да горада пазней. Такая вялікая агламерацыя — каля 5 мільёнаў чалавек. Чым Гвадалахара добрая, дык гэта тым, што тут знаходзяцца офісы вялікіх карпарацый, у тым ліку айцішнікаў.
Тут ёсць дагледжаны гістарычны цэнтр. Гвадалахара ў Цэнтральнай Амерыцы — гэта такі аналаг Львова. Культурны горад са сваім шыкам.
Гвадалахара — гэта сталіца штата Халіска, ён знаходзіцца на захадзе краіны дзесьці пасярэдзіне. Тут ёсць горы, акіян за 250 кіламетраў. Каб разумелі, у Беларусі 250 кіламетраў — гэта сеў у аўтобус ці аўтамабіль і даехаў за тры гадзіны. У Мексіцы ж гэтую адлегласць трэба пераадольваць шэсць гадзінаў, бо перасоўвацца даводзіцца па гарах. Гэта не тыя хуткасці і адлегласці, да якіх вы прывыклі. Дарогу тут вымяраюць не ў кіламетрах, а ў гадзінах.
Там вельмі спякотна?
Сама Гвадалахара знаходзіцца на вышыні 1500 метраў над узроўнем мора. Дыхаць было цяжка першыя дні. Але гэта не тое, каб зусім паміраеш: бывае, ідзеш па горадзе, нешта расказваеш, і ў гэты момант табе проста не хапае паветра. Складана ісці ў звычайным тэмпе па прыступках і размаўляць. Было няпроста першы тыдзень, а пасля прызвычайваешся.
Галоўны плюс знаходжання на такой вышыні — гэта тое, што ўвечары на горад спускаецца ратавальная свежасць, прахалода. Удзень тут духата па +30, за ўвесь час я бачыў дождж толькі аднойчы, у дзень прыезду. Увечары ж рэальны кайф, становіцца вельмі камфортна.
У мясцовых адрозніваецца ўспрыманне тэмпературы ад нас. За два месяцы я не апрануў нічога, апроч шортаў і майкі. А бывае такое, што ідзеш у абед пад сонцам, хаваючыся ў цянёк, а збоку будзе ісці мясцовая дама ў куртцы, кофце, джынсах і шапцы. З мяне ж будзе ў гэты момант валіць пот градам, а ім нармальна. Магчыма, гэта звязана з тым, што яны прачынаюцца на працу рана, калі яшчэ свежа, дамоў вяртаюцца позна, таму так апранутыя.
Як там з грамадскім траспартам?
Вялікія праблемы. Тут ёсць аўтобусы і метро. Метро, насамрэч, гэта такі наземны трамвай. Ёсць дзве лініі, прыкладна як у Мінску, але яны горшыя, меншыя. Адна лінія ідзе па цэнтры, а другая ўвогуле незразумела адкуль і куды. Шчыра кажучы, за два месяцы ніводнага разу не ездзіў у метро.
Аўтобусы ўжо ад ранку забітыя людзьмі. У аўтобусы не ўбіцца. Білет каштуе 8-10 песа, на нашы гэта каля 1 рубля. Калі няма выбару, то ўсё адно паедзеш. Амаль усе мясцовыя маюць машыны, што стварае вялікія заторы. Горад і ранкам, і вечарам стаіць намертва. На жаль, няма канкрэтнай паласы для аўтобусаў. Часта няма прыпынкаў. Дзе людзі стаяць, там і тармозяць транспарт. Пасля Беларусі, дзе ездзяць дагледжаныя, аднолькавыя МАЗы, гэта выглядае троху дзіка.
Аўтобусы збольшага маюць кандыцыянеры. І яны там працуюць на такой магутнасці, што калі трапляеш унутр, то адчуванне нібыта ты ў лядоўні. А ў іншых не будзе кандыцыянера, і ты будзеш паміраць ад спёкі. І там, і там некамфортна. Магчыма, гэта такія праблемы «белых людзей», але камфорту няма зусім.
Ёсць яшчэ сэрвіс па арэндзе ровараў. Схема прыкладна такая ж, якая існуе ў Вільні. Ёсць станцыі і ёсць ровары. Можна ўзяць абанемент на дзень, тры, тыдзень, месяц альбо год. Калі едзеш менш за трыццаць хвілін ад станцыі да станцыі, то табе гэта нічога не каштуе. Вельмі зручная схема. У цэнтры вялікая сетка такіх роварных станцый. Я ўзяў сабе абанемент на год. Ён каштаваў каля 19 еўра. Гэта вельмі граматная інвестыцыя.
Дзе там жывяце?
Мы здымаем кватэру. Гэта асобная гісторыя. Замежніку зняць кватэру тут вельмі няпроста. Па мексіканскіх законах, той, хто арандуе кватэру, больш абаронены за тых, хто яе здае. Я чуў гісторыі, калі людзі здымаюць кватэру, потым перастаюць плаціць, а іх не могуць выселіць. Таму гаспадары кватэраў ставяць умовы, якія трэба выканаць. Па-першае, кватэру трэба зняць мінімум на год, ты не можаш яе зняць на месяц ці на два. Па-другое, трэба мець мясцовага мексіканскага даручальніка, які валодае тут маёмасцю і падпішацца за цябе. Калі такога мексіканца няма (а ў нас няма!), то гэта вельмі ўскладняе пошукі жылля.
Мы знялі аднапакаёвую кватэру-студыю, за паўгадзіны пешай хады да гістарычнага цэнтра. Яна нам каштавала 7500 песа без аплаты камунальных паслугаў. На беларускія грошы гэта 750 рублёў на месяц. Мы прывязваліся да раёна, каб было блізка да цэнтра і каб не карыстацца транспартам, таму выбар быў не такі вялікі. Мы хадзілі па горадзе і шукалі абвесткі на вокнах дамоў, на якіх людзі пішуць «Прадаецца» ці «Здаецца», пошук анлайн нашмат цяжэйшы.
Калі ў вас ёсць свой транспарт і ёсць магчымасць зняць жыллё ў прыгарадзе, то, можа, атрымаецца ў два разы танней. І магчыма, нават удасца знайсці цэлы дом. Але нам не хацелася прывязвацца да грамадскага транспарту. Лепш хадзіць пешшу і ездзіць на роварах.
Ці бяспечна ў Мексіцы?
Калі мы сюды ехалі, то шмат усяго начыталіся, былі на нервах. Мы не разумелі, куды трапляем, гэта ж Лацінская Амерыка. Ходзяць гісторыя пра тое, калі да цябе падыдуць людзі са зброяй, то трэба аддаць ім усё. Нават не думай супраціўляцца. Такі настрой быў.
За два месяцы тут я не пабачыў ні разу нейкага крывога погляду ў мой бок. Першы час мы стараліся не выходзіць на вуліцу, калі станавілася цёмна. Цяпер жа я проста забыўся на ўсе тыя небяспекі, пра якія чытаў.
Разам з тым, варта разумець, што Мексіка велічэзная краіна, і за ўсю яе казаць не магу, але Гвадалахара — адносна бяспечны горад. Мы размаўляем з усімі мясцовымі пра бяспеку. Нам далі пару парадаў: па-першае, не цягаць з сабой шмат грошай і не свяціць імі. Гэта проста, бо іх у нас няма. Па-другое, тэлефоны таксама не варта ўвесь час трымаць у руках. Паглядзеў, што трэба, і схаваў. Тут распаўсюджаныя чахлы для тэлефонаў з колцам ззаду. Гэта на той выпадак, калі раптам у цябе нехта будзе вырываць мабілку — не атрымаецца.
Я ні разу не бачыў, каб хтосьці з кімсьці біўся, кагосьці рабаваў. Калі пытаешся ў мясцовых, ці было такое з вамі, то адказваюць, што з намі не, але вось у кума брата было калісьці даўно. Сітуацыя з бяспекай тут аб’ектыўна горшая, чым у Беларусі, але я ўжо расслабіўся. Бывае, ідзеш вечарам па горадзе, стаяць на вуліцы такія чувачкі на расслабоне, яны максімум табе пазычаць добрага вечара. Але існуюць больш небяспечныя штаты — гэта паўночныя, блізкія да ЗША. Там больш распаўсюджаны наркатрафік, гандаль людзьмі. Менавіта там тэарэтычна адбываецца ўсё тое, што мы бачым у фільмах.
Дзе жывуць багацей? У нас ці ў іх?
У Мексіцы большая расслоенасць насельніцтва, чым у Беларусі. Тут вельмі шмат бедных людзей. Дамы багацейшых людзей адгароджаныя платамі, кратамі. Такога амаль няма, што проста дзверы — і ўсё. Тут нельга зайсці ў чужы двор. 85% будынкаў у штаце Халіска двухпавярховыя, можа быць, гэта звязана з землятрусамі, я не ведаю. Хмарачосы адзінкавыя, але і там будзе абавязковая ахова. Мексіканцы дастаткова прыязныя, але ў іх прынята абараняць сваю маёмасць. Магчыма, проста на ўсялякі выпадак.
Мексіканцы любяць праводзіць час на вуліцы, яны будуць сядзець на прыступках увечары, піць піва, тачыць лясы. Тут шмат такіх кібітак з ежай. І гэта нават не фуд-тракі, а, хутчэй, ровары.
Днём лепш за ўсё на вуліцу не высоўвацца, бо тут пякельна спякотна. Нават мясцовыя, якія ўсё жыццё жывуць пад гэтым сонцам, карыстаюцца спецыяльным крэмам, хоць іхняя скура і цямнейшая за нашу.
Чаго мне вельмі не хапае ў параўнанні з Беларуссю — гэта паркаў у вольным доступу. Канечне, ёсць вялікія паркі, але яны працуюць, скажам, з 7-й раніцы да 7-й вечара, а сонца садзіцца таксама а 19-й. У цэнтры дрэўкі ёсць, але і бетону хапае.
Ці ведаеш ты іспанскую мову?
Ніколі ў жыцці не вучыў іспанскую мову, але троху ведаю англійскую, французскую і на гэтай падставе мне троху прасцей. Іспанскую я вучу з нуля праз інтэрнэт з дапамогай нейкіх мабільных дадаткаў. Вучыў перад прыездам, некалькі гадзін на дзень стараюся рабіць гэта і тут, не забіваць.
Варта разумець, што ўсе мясцовыя размаўляюць толькі па-іспанску. Табе вельмі пашанцуе, калі ты сустрэнеш чалавека, які разумее англійскую. Пры гэтым адказваць табе ён усё адно будзе, хутчэй за ўсё, па-іспанску. Яны лічаць, што калі ты можаш хаця б два словы па-іспанску звязаць, то могуць гаварыць з табой, як са сваім братам — хутка-хутка, пры гэтым глытаючы канчаткі словаў. Лацінаамерыканская іспанская дастаткова адрозніваецца ад іспанскай у самой Іспаніі. Пры гэтым справядліва лічыцца, што гэта не самая складаная мова для вывучэння. Нават мая мова становіцца ўсё лепшай і лепшай. Спадзяюся, што хутка змагу размаўляць і не тупіць.
На акіян ездзіў?
За 250 кіламетраў ад Гвадалахары знаходзіцца цудоўны горад Пуэрта-Вальярта. Гэта цудоўны курорт. У нас на вачах здарылася наступнае. Мексіканскія курорты — гэта такая Мека для амерыканцаў і канадцаў. 90% турыстаў — гэта менавіта яны. Для іх тут усё вельмі танна. Як у нас людзі ў Турцыю ездзяць, так сюды прыязджаюць амерыканцы. Яны тут п’юць, ядуць, купаюцца ў басейнах, зрэдку ў акіяне. Але калі мы сюды прыехалі, то ў Штатах абвясцілі надзвычайнае становішча ў сувязі з каранавірусам. Усе імгненна з’ехалі, горад апусцеў, засталіся толькі мясцовыя. Губернатар штата Халіска рэкамендаваў усім установам закрыцца. Горад мёртвы, але акіян не закрылі. Я чытаў, што ў Эквадоры вайскоўцы патрулююць акіян, каб не купаліся, а тут гэтага няма. Можна сядзець і працаваць з дома ў Гвадалахары, але мы вырашылі, калі ёсць такая магчымасць, папрацаваць з берага акіяна. [На момант публікацыі пляжы ў Мексіцы ўсё ж закрылі — «НН»].
Якая сітуацыя з каранавірусам?
З улікам мексіканскай культуры спажывання ежы ва ўсіх іхніх кібітках ёсць дэзынфектары рук. Бо большасць ежы даводзіцца есці рукамі. Ва ўсіх гандлёвых цэнтрах, вялікіх крамах ёсць спецыяльны чалавек, які не пусціць цябе туды, пакуль не папырскае дэзынфектарам на рукі. Ніхто не супраціўляецца. Гэта робіцца натуральным чынам.
У Мексіцы першы пацверджаны выпадак каранавіруса быў выяўлены ў той жа дзень, што і ў Беларусі. Мясцовы прэзідэнт Лопес Абрадор, як і Лукашэнка, адмаўляе каранавірус, кажа, што гэта змова, усё прыдумана. Але ў мясцовай вертыкалі ёсць рэальная ўлада, і губернатары могуць прымаць свае рашэнні. Закрыліся кірмашы, якія граюць важнае значэнне ў жыцці мексіканцаў. Разумею, што мясцовыя церпяць вялікія страты, калі няма турыстаў.
Раскажы пра мексіканскую кухню
За два месяцы я вывучыў, можа, 10-20% усіх страваў, якія тут можна пакаштаваць. Я проста падсеў на мексіканскую кухню, якая, дарэчы, была ўключаная ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Менавіта мексіканская кухня была першай з тых, што туды ўвайшлі, ужо потым уключылі французскую і японскую. Калі я раней адзін-два разы бываў у Еўропе ў мексіканскіх рэстаранах, то былі адчуванні, што прыкольна, але нічога асаблівага. Тут жа я цалкам змяніў сваё стаўленне.
Тут вельмі шмат і стрытфудных, і стацыянарных пунктаў, дзе можна пад’есці. Няважна, які ў цябе даход, мясцовыя ўсё адно часцей за ўсё харчуюцца на вуліцы. Там можна паесці самыя розныя такасы. Што такое такасы? Гэта такая кукурузная ляпёшка з разнастайнымі начынкамі: мясам, цыбуляй, кінзой, сельдэрэем, соусамі.
Я раней думаў, што мексіканская кухня — гэта вельмі востра. Насамрэч, яна не дужа вострая. Справа ў тым, куды б ты ні прыйшоў, нават у самую задрыпаную забягалаўку, табе разам з ежай пададуць некалькі талерак з дадаткамі, якімі ты будзеш рэгуляваць смак. У 99% выпадкаў будуць ляжаць парэзаныя лаймы. З лаймамі тут ядуць усё, лаймы можна выціскаць на ежу і гэта рэальна вельмі смачна.
Будуць стаяць два ці тры соусы. Адзін вельмі востры, адзін сярэдні, адзін нявостры. Таксама будуць ляжаць марынаваныя гуркі, перцы, зеляніна. І ты сам дадаеш, што хочаш. Адзін такас каштуе прыкладна рубель, бывае, па паўтара. Двух такасаў для перакусу цалкам дастаткова.
Паспрабую пералічыць стравы мексіканскай кухні, якія я ведаю.
Лончасы — гэта такія бутэрброды.
Тортас-ахогадас — гэта лакальная страва, здаравенны бутэрброд: калі ў цябе атрымаецца адзін такі з’есці, то табе можна помнік ставіць. Ён заліты соусамі, з яго нешта вывальваецца, ледзь змяшчаецца ў рот, каб укусіць. Каштуе недзе 5 рублёў на нашы грошы.
Тастадас — гэта цвёрдая ляпёшка, чыпсіна. Яе не скруціш, як такас, і ў рот не пакладзеш, яе трэба кусаць.
Тамалес — гэта страва, якая заварочваецца ў кукурузны ліст. Яна варыцца ў гэтым лісце, а потым ты яго прыбіраеш.
Карнэ-эн-су-хуга — гэта мяса, што тушаць ва ўласным соку.
Кесадылья — вялікі такас абавязкова з сырам.
Канечне, бурыта — гэта наша шаурма. За два месяцы я тут не бачыў ніводнага разу шаурмы, хапае сваёй кухні.
Чыла-кілес — гэта такія чыпсы, якія заліваюць сырам, яйкамі. Яны ядуць вельмі шмат чыпсаў, точаць і точаць. Калі ты хочаш чагосьці папіць і замаўляеш маленькае, то табе даюць 0,5 літра, калі вялікае, то цэлы літр напою.
Супоў мне жудасна не хапае. Яны зрэдку ёсць, але гэта ў асноўным мясная пахлёбка. Нешта сярэдняе між мясам і супам. Даводзілася нават у хатніх умовах гатаваць, каб не забыцца, што такое суп.
А якія там садавіна і гародніна?
Я падсеў тут на авакада. У Мексіцы яно мегасмачнае і мегатаннае. Мне даводзілася браць кілаграм авакада за 1 рубель на нашы грошы — гэта амаль задарма. Разразаеш авакада, выціскаеш на яго лайм, трошкі солі, трошкі перцу, можна пакласці на хлеб. Ёсць гуркі, бульба, капуста, перац, кавуны, дыні, папая, манга, бананы, ананасы. Хапае і экзатычнай садавіны, назву якой я нават не ведаю.
Таксама яны ядуць кактусы. Не тыя кактусы, якія ў нас растуць на падаконніках. Гэта такі плоскі ліст кактуса, зялёны, з якога яны зразаюць калючкі і які стругаюць на кавалачкі, па смаку гэта нагадвае стручковы гарох.
Тэкілу ўсе п’юць?
Тэкілы тут шмат. Яна смачная. Я ніколі не любіў тэкілу, але тут пакаштаваў — нармальна. Па факце мексіканцы п’юць тэкілу мала, бо яны п’юць піва. З улікам таго, што тут пастаянна вельмі спякотна, яны проста ідуць і пасёрбваюць. У іх вельмі дзіўныя аб’ёмы піўной тары: 355 мл ці 473 мл. Гэта звязана з амерыканскай сістэмай, з унцыямі. Яшчэ п’юць мечэладу — гэта піва з соусам і лаймам. Вельмі спецыфічна, але пакаштаваць варта. Галоўнае — гэта піць з маленькіх бляшанак, каб сонца не паспела нагрэць напой і піва засталося халодным. На вуліцы я бачыў, можа, адзін раз, каб людзі сядзелі і пілі тэкілу. У барах п’юць, але вельмі абмежаванымі порцыямі.
Што табе не падабаецца?
Адсутнасць інфраструктуры для пешаходаў. Дарожкі, канечне, ёсць, але яны вузкія. Без аўтамабіля ты такі непаўнавартасны грамадзянін, усё, як у Штатах. Тут іншы падыход да гарадскога планавання: усё заточана пад кіроўцаў.
Я б не сказаў, што мексіканцы вялікія раздзяўбаі. Проста яны ні пра што не парацца. Ведаеце, цёпла, добра. Беларус будзе дзёргацца, а мексіканцы будуць спакойна стаяць і нешта марудна рабіць. Яны ўвесь час на расслабоне. Не спяшайся, чувак, усё само рассасецца.
А чаго не хапае?
Мне вельмі не хапае кефіру. Тут яго няма як з’явы. Я ўзяў з сабой з Беларусі кефірны грыбок, які кідаеш у малако. Планую зрабіць сабе такі крафтавы кефір. Тут няма грэчкі. Няма добрай гарбаты, яны шмат п’юць кавы. Тое, што ў вялікіх крамах прадаецца як добрая гарбата, — гэта тое, што ў нас прадаецца ў пакеціках у самай горшай якасці.
Тут няма сала! Гэта проста боль. Яны ядуць шмат свініны, але сала няма зусім. Я набраў з сабой спецый, каб засаліць сала, але так яго і не знайшоў. У іх ці свінні нейкія іншыя, ці то што. Яшчэ каўбасы няма паўнавартаснай. Няма варанай каўбасы, няма вэнджанай. Усё, што ёсць, даражэзнае, прывезенае з Іспаніі. Хамона, як у Іспаніі, таксама няма.
Каментары