Больш як пяцігадзінныя перамовы дэлегацый Беларусі і Расіі ў Сочы скончыліся. Прэзідэнты падаравалі адзін аднаму падарункі, піша «Пул Першага».
Лукашэнка з'ехаў з Бачарова Ручая без заяваў для прэсы.
Пра вынікі перамоваў журналістам мае хутка расказаць кіраўнік Мінэканомразвіцця РФ Максім Арэшкін, дадае «Пул N3». Ён нейкі час марудзіў, бо «яго выклікаў начальнік» (трэба думаць, Пуцін).
Справаздача Максіма Арэшкіна журналістам пра сённяшнія шматгадзінныя беларуска-расійскія перамовы заняла недзе хвіліну.
«Плённа папрацавалі па цэлым шэрагу кірункаў - па сельскай гаспадарцы, па сувязі, па мытні, па рэгуляванні нафтавага рынку дасягнулі вельмі сур'ёзнага прагрэсу, - сказаў ён. - Нават па пытанні нафты і газу пазіцыі былі вельмі сур'ёзна збліжаныя. Атрыманы ўказанні. Пачынаем прапрацоўваць. На 20 снежня ў прэзідэнтаў прызначана сустрэча ў Пецярбургу. Будзем ім дакладваць», — сказаў Арэшкін.
З гэтай заявы вынікае, што падпісанне 8 снежня ў Маскве дакументаў аб «паглыбленай інтэграцыі» адмянілася.
Перамовы доўжыліся пяць з паловай гадзін.
Пасля «агульнай» дзвюхгадзіннай часткі сустрэчы Лукашэнка і Пуцін працягнулі гутарку сам-насам. Дэлегацыі ж на чале з Румасам і Мядзведзевым працягнулі сустрэчу ў фармаце рабочага абеду. Пасля абеду кіраўнікі дзяржаў вярнуліся да абмеркавання пытанняў за агульны стол.
Каментары