Кіраўнік Слоніма зменшыў суму пазову супраць Nexta і журналістаў у 5 разоў
Старшыня Слонімскага райвыканкаму Генадзь Хоміч, які падаў пазоў аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі, цяпер патрабуе ад Сьвятланы Калінкінай 10 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. На пачатку працэсу ён патрабаваў з журналісткі 50 тысяч, піша «Радыё Свабода».
30 кастрычніка ў Савецкім судзе Менску разглядаўся пазоў старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзя Хоміча да ўладальніцы сайта «Беларускі партызан» Сьвятланы Калінкінай за публікацыю зьвестак з паста Telegram-каналу Nexta.
Ні пазоўнік, ні адказчык у суд не зьявіліся, іх інтарэсы прадстаўлялі адвакаты Марыя Колесава-Гудзіліна і Алег Агееў.
Генадзь Хоміч, які раней заявіў, што атрыманыя праз суд у журналістаў грошы пойдуць на рамонт інфэкцыйнага аддзяленьня Слонімскай бальніцы, адмовіўся патлумачыць карэспандэнту Свабоды сваё рашэньне зьменшыць прэтэнзіі.
Марыя Колесава-Гудзіліна сказала, што Хоміч «проста зьлітаваўся над журналістамі».
«Гэта не азначае, што мы на менш пацярпелі, мы пацярпелі больш чым на 10 тысяч. Больш зьмяншаць суму ня будзем — такога ў пляне не было», — сказала яна.
У судзе адвакатка заявіла, што адказчык не раскаяўся, таму кампэнсацыя ў 10 тысяч рублёў «зьяўляецца разумнай».
Пасьля другога перапынку судзьдзя Марыя Ляшкевіч пастанавіла прыпыніць працэс «па згодзе бакоў» да 18 лістапада. Чакаецца, што якраз да гэтага дня ў судзе Менскага раёну будзе разгледжаны аналягічны пазоў Хоміча да ўладальніка Telegram-каналу Nexta Сьцяпана Пуцілы.
На папярэднім пасяджэньні суд Менскага раёну вырашыў разглядаць справу ў адсутнасьць адказчыка. Асноўнае паседжаньне там прызначылі на 12 лістапада.
Прадстаўнік Сьвятланы Калінкінай Алег Агееў сказаў, што Хомічу трэба поўнасьцю адмовіць у пазове. Артыкул на «Беларускім партызане» мае два пункты погляду — блогера Nexta і Слонімскага райвыканкаму — пра тое, ці быў Хоміч п’яны ў непрацоўны час.
Агееў прасіў суд поўнасьцю адмовіць у задавальненьні пазову Хоміча. Памер кампэнсацыі маральнай шкоды ён назваў «яўна завышаным».
Апроч «Беларускага партызана», аналягічныя пазовы Хоміч таксама падаў супраць уласьнікаў незалежных выданьняў 21.by і «Вечерний Бобруйск», якія таксама перадрукавалі пост Nexta.
Паводле Марыі Колесавай-Гудзілінай, суд Маскоўскага раёну зацьвердзіў міравое пагадненьне паміж Хомічам і выданьнем 21.by, якое сплаціць грашовую кампэнсацыю і апублікуе абвяржэньне. Адносна «Вечернего Бобруйска» працэс працягнецца 6 кастрычніка, там памер кампэнсацыі заяўлены ў 7 тысяч рублёў.
Паводле адвакаткі, у Хоміча «яшчэ ёсьць права выставіць пазовы да астатніх выданьняў, якія распаўсюдзілі непраўдзівую інфармацыю».
Асноўнае пасяджэньне па пазове Хоміча ў Менскім раённым судзе супраць стваральніка Telegram-каналу Nexta Сьцяпана Пуцілы прызначана на 12 лістапада.
Каментары