Афіша22

Кастрычнік у РТБД — агляд усіх спектакляў месяца, абірайце

Халодныя і мокрыя восеньскія вечары існуюць для таго, каб з асалодай правесці іх у зале тэатра. Глядзіце, на якія спектаклі РТБД можна схадзіць у кастрычніку.

1 кастрычніка (аўт), 19:00

Пакуты ад здаровага сэнсу (16+)

Жанр: камічная прыпавесць
Працягласць: 2 г. 30 хв.

Маці, бацька, суседзі і сябры спрабуюць наладзіць асабістае жыццё 29-гадовай інтэлігентнай настаўніцы Аліны. Знаёмая сітуацыя? Тады ў тэатр!

Купіць квіток

2 кастрычніка (ср), 19:00

Кар’ера доктара Рауса, паводле Марціновіча (16+)

Жанр: гістарычна недакладная трагікамедыя
Аўтар: Віктар Марціновіч
Рэжысёр-пастаноўшчык: Аляксандр Гарцуеў
Працягласць: 2 г. 40 хв.

Ці шмат вы ведаеце пра Скарыну? Віктар Марціновіч і Аляксандар Гарцуеў расказалі поўную прыгод гісторую пра «канкрэтнага мажора, які вучыўся не ў Полацку, а за мяжой». А каб гледачу было цікавей, дадалі ў рэаліі XVI стагоддзя сучасных фарбаў: тут Скарыну суправаджаюць лазерная ўказка, мабільны тэлефон і нават шклянкі для гарбаты ў цягніках.

«Кар’ера доктара Рауса» — гэта, у першую чаргу, пра чалавека, а ўжо потым пра асветніка і першадрукара. Безумоўна, погляд суб’ектыўны. А якім вы ўяўлялі Скарыну, калі чыталі пра яго ў падручніках па гісторыі і літаратуры?

Купіць квіток

3 кастрычніка (чц), 19:00

Дзед (12+)

Жанр: трагікамедыя
Аўтар: Вячаслаў Панін
Рэжысёр-пастаноўшчык: Дзяніс Паршын
Працягласць: 1 г. 30 хв., без антракта

«Дзед» — гэта погляд на сучасныя сем’і, дзе маладзейшыя пакаленні за ўласнымі праблемамі часам забываюць пра сваіх старэнькіх сваякоў, вымушаных дажываць адведзены ім час дзесьці за перагародкай.

Купіць квіток

4 кастрычніка (пт), 19:00

Адамавы жарты (16+)

Жанр: камедыя
Аўтар і рэжысёр: Святлана Навуменка
Працягласць: 1 г. 50 хв., з антрактам

Саўка і Марыся — выдатныя муж і жонка, шмат у чым нагадваюць біблейскіх Адама і Еву. Яны маладыя, прыгожыя і вельмі працавітыя. Жывуць у любові і згодзе, старанна вядуць хатнюю гаспадарку. Але адкуль ні вазьміся да іх заяўляецца Чорт…

У спектаклі пераплятаецца рэальнае і фантастычнае, сапраўднае і карыкатурнае, сучаснае і старажытнае. Шмат музыкі, пластыкі і, вядома, жартаў.

Купіць квіток

11 кастрычніка (пт), 19:00

Мудрамер (16+)

Жанр: сатырычная камедыя
Рэжысёр: Аляксандр Гарцуеў
Працягласць: 2 г., з антрактам

Вынаходнік-самавучка Мурашка прыдумляе апарат, які вызначае ступень чалавечай мудрасці. У спробах запусціць мудрамер у серыйную вытворчасць вынаходца звяртаецца ў Міністэрства ўзгаднення. Вось тут і пачынаецца самае цікавае…

Купіць квіток

15 кастрычніка (аўт), 19:00

Бетон (18+)

Жанр: візуальная паэзія
Аўтар ідэі і рэжысёр: Яўген Карняг

Спектакль зроблены паводле міфу аб Арфеі, кожная частка спектакля названа ў гонар пэўнага эпізода, але скразная гісторыя не такая важная, апроч таго, што яна пра смерць і пра адчуванне сябе чужым сярод іншых людзей. У спектаклі цудоўнае афармленне: роўная бетонная сцяна, якая цягам спектакля аказваецца напоўненай самымі разнастайнымі сакрэтамі і сюрпрызамі. Нечым гэта нагадвае наша жыццё ў бетонных мікрараёнах, дзе ў бетонных блоках пахаванае таемная стракатае жыццё. У нейкай ступені менавіта гэта і ёсць нашым Аідам, куды спускаецца артыст, рэжысёр па сапраўдную эмоцыю для свайго мастацтва. Што праўда, у Арфея такой эмоцыяй зрабілася смерць і тварыць пасля гэтага ён ужо не даў рады.

Купіць квіток

17 кастрычніка (чц), 19:00

Сіндром Медэі (18+)

Жанр: трагедыя
Аўтар: Юлія Чарняўская
Рэжысёр-пастаноўшчык: Кацярына Аверкава
Працягласць: 2 г. 30 хв., з антрактам

Спектакль пра жанчыну, прыдуманы жанчынай-драматургам і пастаўлены жанчынай-рэжысёрам. Юлія Чарняўская наўрад ці мела тое на ўвазе, калі пісала сучасную версію класічнай Медэі, але паралелі паміж трагічным міфам і сучаснасцю здаюцца невыпадковымі. Справа нават не ў тым, што сучасная Медэя выкідвае сваіх дзетак з вокнаў шматпавярховіка… Абсалютна да месца аказваецца, што Мэдэя, па сутнасці, імігрантка, старажытны хор выглядае падобным на сучасныя форумы і фэйсбук, і самае галоўнае: залежнае ад мужчыны месца жанчыны ў грамадстве становіцца сюжэтастваральным. Калі так шмат залежыць ад мужчыны, што рабіць, калі пакласціся на яго нельга? Аказваецца, рабіць няма чаго…

Купіць квіток

19 кастрычніка (сб), 14:00

Залатое сэрцайка (6+)

Жанр: інтэрактыўная казка для дзяцей і іх бацькоў
Аўтар і рэжысёр-пастаноўшчык: Святлана Навуменка
Працягласць: 1 г. 10 хв.

Захапляльная гісторыя пра хітрую Лісу і някемлівага Воўка, якія павадзіліся разам спусташаць куратнікі. Аднойчы скралі яны залатое яйка, бо былі ўпэўнены, што з яго з’явіцца цуда-курыца і будзе несці ім залатыя яйкі. Але штосьці пайшло не так…

Купіць квіток

22 кастрычніка (аўт), 19:00

Паляванне на сябе (16+)

Жанр: не камедыя
Аўтар: Аляксандр Вампілаў (па матывах п’есы «Утиная охота»)
Рэжысёр: Стас Жыркоў (Украіна)

Жыў-быў чалавек з прозвішчам Зілаў. Звычайны чалавек са звычайным прозвішчам. І была ў яго звычайная жонка. Як раптам… ён атрымаў кватэру! Здавалася б, усё ў яго павінна быць добра. Але ён аказваецца замураваны ў лабірынце ўласнай свядомасці. А ў лабірынце гэтым шмат квэст-пакояў, дзе яго чакаюць жонка, палюбоўніца, сябры. З кожным крокам Зілаў заблытваецца ўсё больш. Ці знойдзе ён выхад?

Спектакль «Паляванне на сябе» пра тых, хто лічыць сябе дарослым, а на справе аказваецца дзіцём, якое ўпершыню патрапіла ў такі ​​квэст-пакой уласнага жыцця.

Што гэта будзе? Гумар, гумар, гумар і яшчэ раз гумар, толькі смеху будзе станавіцца не больш, а менш. Бо не заўсёды чалавек смяецца тады, калі хоча.

Купіць квіток

23 кастрычніка (ср), 19:00

Партрэт (16+)

Жанр: трагіфарс
Аўтар інсцэніроўкі: Святлана Навуменка
Рэжысёр-пастаноўшчык: Аляксандр Гарцуеў
Працягласць: 1 г. 20 хв.

Фантасмагарычная, містычная, гратэскная гісторыя мастака (Чарткова) і яго жыццёвага выбару.

Кожны творчы чалавек хаця б аднойчы ў жыцці сутыкаўся з няпростым выбарам: прысвяціць сваё жыццё таму, для чаго ты быў народжаны, раскрыццю свайго таленту і служэнню высокаму, альбо паддацца спакусе багацця і ўцех.

У спектаклі глядач пабачыць працэс прыняцця гэтага выбару, і чаму ўсё адбываецца так ці інакш. Містыка? Будзе. Інтрыга? Яшчэ якая. Напружанне? Хапае.

Купіць квіток

25 кастрычніка (пт), 19:00

Ліфт (16+)

Жанр: хроніка аднаго злачынства
Аўтар: Юлія Чарняўская
Рэжысёр-пастаноўшчык: Галіна Чарнабаева
Працягласць: 1 г. 40 хв., без антракта

«Зняволеныя» ліфтам, выкладчыца філасофіі Ганна Мікалаеўна і рабаўнік Дымон вымушаны размаўляць паміж сабой. Яна — прыгожая і разумная, не знаходзіць паразумення ні з сынам, ні з мужам, і Дымон — аднагодак яе сына — з дзяцінства пакрыўджаны лёсам.

Купіць квіток

29 кастрычніка (ндз), 19:00

Сірожа (16+)

Жанр: жыццё ў дзвюх эпохах
Аўтар: Юлія Чарняўская
Рэжысёр-пастаноўшчык: Аляксандр Гарцуеў
Працягласць: 3 г. 30 хв., з антрактам

Юлія Чарняўская: «Сірожа» — гэта гісторыя пра юнацтва маіх аднагодкаў — і пра іх сталасць. Пра ганенне і помсту. Пра тое, як учынкі людзей, зробленыя ў маладосці па дурасці, непрыкметна становяцца ніткамі лёсу, а дробязі ткуць непапраўнасць будучыні. І галоўнае — пра тое, як неабходна прабачэнне. Гэта разуменне таго, чаму галоўны герой стаў тым, кім стаў».

Купіць квіток

30 кастрычніка (ср), 19:00

Білет на брэсцкі цягнік (16+)

Аўтар: Віталь Каралёў
Рэжысёр-пастаноўшчык: Аляксандр Гарцуеў
Працягласць: 1г. 30хв.

Вадзім — звычайны сучасны малады беларус. Ён шукае сваё месца ў жыцці, жыве з адчуваннем, што ўсё найлепшае адбудзецца з ім не тут і не зараз, а толькі за мяжой, напрыклад, у Маскве. Там яго чакае прэстыжная праца, сапраўднае каханне і шмат надзей на лепшае жыццё. Здаецца, вось яно — здзяйсненне ўсіх яго мараў! Аднак усё аказваецца зусім не так, як ён малюе ў сваіх фантазіях…

Купіць квіток

Каментары2

Мядзведзеў прыгразіў ядзернай зброяй, калі вайна прыйдзе на тэрыторыю Беларусі16

Мядзведзеў прыгразіў ядзернай зброяй, калі вайна прыйдзе на тэрыторыю Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Шэф ФСБ: КДБ Беларусі дапамог выявіць датычных да падрыхтоўкі замахаў на расійскіх афіцэраў3

Дзвярнога майстра з Калінкавічаў будуць судзіць па 4 палітычных артыкулах. У сацсетках ён хваліць Пуціна і Кадырава7

Маршруткі ў Мінску падаражэюць на 20 працэнтаў?2

«Я еў велізарныя сэндвічы з крэветкамі за адным сталом з КДБ». Столтэнберг распавёў, як у 1991 годзе спрабаваў завербаваць савецкага агента

Беларуска здае патэльні назад у крамы праз год пасля карыстання8

У Мінску з'явіцца перасадка на чацвёртую лінію метро: да яе прыйдзецца ісці амаль 300 метраў

Беларускі расказалі, колькі атрымліваюць аліментаў на дзяцей9

Эмінем стане дзедам

Былы нямецкі міністр схуднеў на 30 кілаграмаў і адправіў вопратку ва Украіну

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мядзведзеў прыгразіў ядзернай зброяй, калі вайна прыйдзе на тэрыторыю Беларусі16

Мядзведзеў прыгразіў ядзернай зброяй, калі вайна прыйдзе на тэрыторыю Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →