Вялікі тарфяны пажар лакалізавалі ў Дакудаўскім лясніцтве Лідскага лясгаса. Агмень быў выяўлены пажарным вартаўніком лясніцтва 30 жніўня а 16:40. Плошча ўзгарання склала 1,8 га, паведаміла прэс-служба Мінлясгаса.
Пажар адбыўся недалёка ад рэспубліканскага біялагічнага заказніка «Дакудаўскі», хутчэй за ўсё, праз неасцярожнасць пры карыстанні агнём.
«Работнікі лясгаса пры абследаванні тэрыторыі ўбачылі 17 прыпаркаваных легкавых аўтамабіляў. Месцы ў нас журавінавыя, людзі едуць у лес і на балота. У большасці выпадкаў прычынай падобных узгаранняў з'яўляецца чалавечы чыннік», — растлумачыў галоўны ляснічы Лідскага лясгасу Андрэй Ерамейчык.
На месцы здарэння працавалі 43 спецыялісты лясгаса, было задзейнічана таксама 5 адзінак тэхнікі, 4 мотапомпы, 22 ранцавыя лясныя апырсквальнікі. Дапамагалі работнікі мясцовага торфабрыкетнага завода і пажарнікі.
Яшчэ да канца дня ўдалося ўзяць агонь «у кола», лакалізаваць узгаранне. Па стане на 11:00 31 жніўня пагрозы распаўсюджвання агню няма. Цяпер на месцы здарэння працуе тэхніка, якая залівае агмень вадой.
Каментары