Гісторыя11

Літвіны ці русіны? Кім былі продкі беларусаў

Заблытацца ў нашых каранях прасцей, чым разабрацца. Апроч складанасці саміх гістарычных працэсаў, дакапацца да навуковай праўды перашкаджаюць уплывы разнастайных ідэалогій. Пытанні да мінулага між тым застаюцца. Як і калі з’явіліся беларусы? Ці праўда, што мы з расіянамі адзін народ? І чаму пры велічнай спадчыне мы так лёгка сталі самай савецкай з усіх савецкіх рэспублік? На ўсе пытанні адказвае кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Насевіч. Бярыце аловак, ужо можна пачынаць чарціць сабе тлумачальную схемку.

Кожны чалавек мае дзядуль, бабуль і больш аддаленых продкаў як па бацькоўскай, так і па мацярынскай лініі. У сённяшнім урбанізаваным, змешаным грамадстве яны часта паходзяць з розных мясцін, а часам і належаць да розных народаў. Бывае і так, што этнічныя ці сацыяльныя групы, да якіх яны належаць, не вельмі ладзілі паміж сабой, а то і ставіліся адна да адной як бацькі Рамэа і Джульеты. Тым не менш усе яны нашы продкі, і мы па магчымасці памятаем і шануем іх усіх. Здараюцца сітуацыі, калі чалавек ведае сваіх продкаў толькі па адной лініі. У мінулым такіх называлі байструкамі, і гэта было вельмі крыўднай мянушкай. У любым выпадку такая сітуацыя ўспрымаецца як непажаданая, як адхіленне ад нормы.

Народы, ці па-навуковаму этнасы, з’яўляюцца на свет не так, як людзі. Аднак працэс іх складання, які называецца этнагенезам, мае і пэўнае падабенства з нараджэннем і сталеннем чалавека. Як правіла, новы этнас паўстае ў выніку змяшэння двух ці болей старых этнасаў. Часта гэта адбываецца ў выніку міграцый, калі новае насельніцтва змешваецца з абарыгенным, мясцовым (субстратным).

Незалежна ад таго, была міграцыя мірнай ці адбывалася ў форме заваёвы, рана ці позна паміж абедзвюма групамі пачынаецца збліжэнне: пераймаюцца моўныя і культурныя рысы, нараджаюцца дзеці ад змешаных шлюбаў. І калі такое змяшэнне заходзіць далёка, суседзям становіцца ўжо няёмка называць такія групы іх старымі імёнамі. Тады нараджаецца новы этнонім, азначаючы тым самым і ўзнікненне новага этнасу.

Усё сказанае ў поўнай меры тычыцца і беларусаў. Іх сучаснае імя замацавалася параўнальна нядаўна, у другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Менавіта тады іх адрозненні ад суседніх народаў, вывучаныя і сістэматызаваныя этнографамі і мовазнаўцамі, сталі настолькі відавочнымі для ўсіх, што спатрэбілася адмысловая назва. Утварылася ж гэтае ўнікальнае спалучэнне прыкмет дзякуючы доўгаму працэсу інтэграцыі дзвюх продкавых груп, у мінулыя часы вядомых пад назвамі «літвіны» і «рускія» («русіны»). Праўда, ніводная з іх не была субстратам (асновай) для другой, іх змяшэнне адбылося дзякуючы шчыльнаму суіснаванню ў супольнай дзяржаве — Вялікім Княстве Літоўскім і Рускім.

Беларускую сітуацыю вельмі ўскладняе тая акалічнасць, што абедзве групы спрычыніліся і да ўзнікнення суседніх народаў. Зліццё літвінаў з жамойтамі ў межах таго ж Вялікага Княства прывяло да фармавання сучасных літоўцаў. Этнічная група, якую крыніцы абазначаюць імем «літва», ужо з ХІІІ стагоддзя была змешанай. Прытым продкавых кампанентаў у яе было ажно тры: субстратнае насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі і дзве прышлыя групы — балцкая (аўкштайты) і славянская (дрыгавічы і крывічы), якія шчыльна змяшаліся з тубыльцамі і паміж сабой. Прытым гутарковая мова літвінаў была запазычана ў асноўным ад балцкага кампанента, а вось мова пісьменнасці, на якой ствараліся дакументы ВКЛ, — ад славянскага. Што да рускіх-русінаў, то продкамі беларусаў стала толькі частка гэтай супольнасці, якая і ў складзе ВКЛ захоўвала назву «русь». Іншыя часткі ўліліся ў склад сучасных рускіх і ўкраінцаў.

Сёння толькі гісторыкі памятаюць, што за карэнным этнасам Расіі імя «рускія» канчаткова замацавалася ажно ў XVIII стагоддзі. Раней суседзі для вызначэння гэтай этнічнай групы ўжывалі назвы «маскавіты», «масквічы», часам — «маскалі».

Нават назва «Рускае царства», афіцыйна прынятая ў якасці дзяржаўнай у сярэдзіне XVI стагоддзя, прыжывалася слаба. Навокал прынята было называць гэтую дзяржаву «Масковіяй». Такую назву можна пабачыць і на многіх старых картах.

Пры гэтым сучасныя рускія маюць сярод продкаў не толькі рускіх-маскавітаў. Другая па значнасці група — жыхары Наўгародскай зямлі, якія пры Іване Жахлівым «масквічамі» ні ў якім разе не лічыліся. Наўгародцы мелі ў сваім складзе іншы, неўласцівы маскавітам продкавы кампанент — субстратнае фінскамоўнае насельніцтва, ды і дзяржава ў іх з ХІІ да XVI стагоддзя, да ўчыненага Іванам Грозным пагрому, была свая, самастойная.

Што тычыцца «маскоўскіх» і «літоўскіх» рускіх, то супадзенне іх назваў не выпадковае. Яны мелі агульных продкаў па дзвюх лініях. З аднаго боку, гэта славяне (блізкароднасныя крывічы, дрыгавічы, радзімічы і вяцічы), якія жылі ў Старажытнай Русі — дзяржаўным утварэнні з цэнтрам у Кіеве. З другога боку, іх агульныя продкі — субстратнае, карэннае насельніцтва Падняпроўя, Падзвіння і Паволжа, якое на падставе лінгвістычных меркаванняў часта вызначаюць як «дняпроўскіх балтаў». Гэтая назва няўдалая, бо, па-першае, насялялі яны не толькі берагі Дняпра. А па-другое, з сапраўднымі балтамі — цяперашнімі латышамі і літоўцамі — супольных продкавых кампанентаў у іх амаль няма. Хіба што ў літвінаў-аўкштайтаў і дрыгавічоў агульным продкам былі носьбіты культуры штрыхаванай керамікі, а ў латгалаў (адной з этнічных груп латышоў) і крывічоў супольным субстратам былі носьбіты днепра-дзвінскай археалагічнай культуры. Да ўсяго, тлумачэнне мясцовай гідраніміі (перанятых славянамі назваў рэк і азёр) праз аналогіі ў балцкіх мовах не заўжды бясспрэчнае. Мноства назваў мае не менш пераканаўчыя аналогіі ў фінскіх мовах. Найбольш імаверна, што абарыгенныя мовы належалі да самастойнай, ужо цалкам зніклай моўнай групы.

Была ў XIV—XVII стагоддзях і яшчэ адна этнічная група з імем рускіх ці русінаў — жыхары Галіччыны, заходняй Валыні і Закарпацця. Сваё імя яны атрымалі ад таго ж продкавага кампанента — Русі. Прытым яны не мелі кампанентаў субстратнага кшталту, бо былі карэннымі жыхарамі сваёй зямлі — прынамсі, з пачатку V стагоддзя, калі менавіта там адбылося ўтварэнне славянскага этнічнага масіву. Пазнейшыя ж асаблівасці набываліся праз кантакты з этнасамі тых дзяржаў, у якія згаданыя русіны ўваходзілі. Галіцкія і заходневалынскія русіны існавалі ў складзе Польскага Каралеўства. Закарпацкія русіны былі падданымі Венгрыі, а затым Трансільваніі.

Пазней менавіта гэтая частка рускіх стала адным з продкавых кампанентаў украінцаў. Другім кампанентам было насельніцтва, якое ўтварылася практычна нанова на працягу XV—XVII стагоддзяў у працэсе міграцый у лесастэпавы абшар сярэдняга Падняпроўя, раней малалюдны з-за пагрозы татарскіх набегаў. Гэтае насельніцтва паходзіла з розных частак Русі і не толькі з яе. Яго адметнасць была відавочнай ад самага пачатку, і таму вызначалі тамтэйшых жыхароў звычайна як казакаў, часам «чаркасаў», а іх зямлю — як «ускраіну». Адсюль паходзіць і назва сучаснай Украіны.

У Савецкім Саюзе ідэалагічнай мэтай было зліццё этнічных адметнасцей і ўтварэнне адзінага «савецкага народа». Але ствараўся ён на падставе выключна рускага этнічнага кампанента. Таму ў народаў, якія гэтага кампанента не мелі ўвогуле, савецкая ідэнтычнасць была вельмі хісткай. Яе можна было лёгка абрынуць адной фразай, як адбылося ў дзяцінстве з адным маім знаёмым казахам. Ён неяк глядзеў мультфільм, у якім Ілья Мурамец сек у капусту карыкатурна пачварных, касавокіх ворагаў. Якім жа быў ягоны шок, калі маці раптам сказала: «А гэта нашы продкі!»

Беларусы зусім не выпадкова сталі самым «саветызаваным» народам. Для гэтага меліся важкія аб’ектыўныя прычыны: той «рускі» продкавы кампанент, на які рабіўся і дагэтуль робіцца акцэнт у ідэнтычнасці рускіх, сапраўды супольны ў іх з беларусамі. Пры гэтым літвінскі кампанент у этнагенезе беларусаў савецкая ідэалогія ігнаравала. Таму ўжо ў незалежнай Беларусі натуральнай рэакцыяй стала з’яўленне ў пэўных колах ідэалогіі «літвінізму». Бяда толькі ў тым, што новая ідэалогія не адмаўляецца ад «байструкоўства», а толькі мяняе ягоны змест: акцэнтаванне літвінскага кампанента адбываецца за кошт ігнаравання рускага.

Гэта бяда не толькі беларусаў: стаўленне сучасных народаў да продкавых этнічных груп пераважна застаецца «байструкоўскім». Акцэнтуецца сувязь толькі з адной лініяй продкаў, а астатнія ігнаруюцца ці, прынамсі, знаходзяцца на перыферыі ўвагі. На гэтым грунтуюцца і афіцыйная ідэалогія, і побытавыя ўяўленні. Прытым тычыцца гэта не толькі народаў былога Савецкага Саюза. Для сучасных венграў і румын, напрыклад, не характэрна засяроджвацца на славянскім продкавым кампаненце. У балгар жа ён якраз акцэнтуецца, у той час як цюркскі, уласна балгарскі ў першапачатковым сэнсе, адыходзіць у цень (у ідэалогіі Асманскай імперыі, куды доўгі час уваходзілі балгарскія землі, было якраз наадварот).

Для нас наспеў час прызнаць і ўшанаваць усе лініі нашых продкаў — не зважаючы на тое, якія гістарычныя калізіі існавалі між імі ў мінулым. З гэтага пункту гледжання бессэнсоўна спрачацца, якім чынам утварылася Вялікае Княства. Няважна, ці гэтую дзяржаву стварылі нашы рускія продкі праз скарэнне літвінаў (альбо праз акультурванне — у больш мяккай версіі), ці наадварот — нашы літвінскія продкі праз заваяванне Русі. Калі памятаць, што нашымі продкамі былі і тыя, і другія, усё можа выглядаць крыху інакш.

***

Вячаслаў Насевіч (нар. 1957) — кандыдат гістарычных навук, жыве ў Мінску. Адзін з найлепшых знаўцаў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, сацыяльнай гісторыі, мікрагісторыі. Асноўныя працы выдадзеныя пад адной вокладкай у зборніку «Беларусы: станаўленне этнасу і нацыянальная ідэя» (Смаленск, 2015).

Каментары1

  • Дима
    15.11.2022
    Не очем текст. Вообще никак не даётся ответ на вопрос. Зря потратил время.

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Усе навіны →
Усе навіны

У Новай Баравой прадаюць кватэры-студыі на 20 квадратных метраў. Цана здзіўляе4

У Іране 27-гадовая спявачка выступіла з непакрытай галавой на канцэрце, што забаронена правіламі краіны ВІДЭА

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы8

Напярэдадні святаў квіткі на аўтобус з Мінска ў Вільню адчувальна даражэюць6

У Казахстане судзяць беларуса за ДТЗ, у якім загінулі восем чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей

Сі Цзіньпін, здаецца, адхіліў запрашэнне на інаўгурацыю Трампа

Кавалеўскі: Інтарэсы Беларусі ў мірных перамовах па Украіне нельга ігнараваць6

20-гадовая дзяўчына станцавала ў міліцэйскай форме. Да яе прыйшлі сілавікі7

Мелказёраў расказаў, як аформіў медыцынскую страхоўку для сабакі і чаму гэта выгадна8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Галоўнае
Усе навіны →