Самае цікавае ў фільме – рэклямны ролік, але стужку ацэняць аматары благога кіно
У недалёкім прышлым баявік Турап (Він Дызель) мусіць перавезьці ў Н’ю-
Ёрк дзяўчыну з кіргіскага кляштара сэкты наэлітаў. Але праблема ня толькі ў тым, што Сярэдняя Азія і Расея ахопленыя вайною і тэрарызмам. Сама дзяўчына праяўляе незвычайныя здольнасьці – і ўяўляе верагодную пагрозу для ўсяго чалавецтва.
Француз Мэцью Касовіц пачынаў кар’еру, як незалежны эўрапейскі аўтар, схільны да відовішчнага жанравага кіно (“Нянавісьць”, “Барвовыя рэкі”, “Готыка”).
Актор Він Дызель праславіўся ролямі накачаных выратавальнікаў у фантастычных баевіках (“Чорная дзірка”, “Хронікі Рыдыка”).
Стужка Касовіца – высокабюджэтны ўдарны трэш зь бязладна нагрувашчанымі адмысловымі эфэктамі, няўцямным сцэнарам і дыялёгамі – ідыятызму якіх пазайздросьцілі бы на “Беларусьфільме”.
Фразы дзяўчыны, якая ні з пушчы ні з поля – ведае, як кіраваць расейскаю субмарынаю – выклікалі ў залі гістэрычны рогат замест меркаваных сьлёзаў. У нікчэмна-гратэскных ролях – Шарлота Рэмплінг і Жэрар Дэпард’ё (гэты кашмар варта ўбачыць).
І хаця самае цікавае ў фільме – рэклямны ролік, стужку ацэняць аматары благога кіно.
Каментары