Грамадства66

Мытнік Юркойць заявіў пра катаванні ў турме КДБ

У судовым працэсе над 11 мытнікамі Ашмянскай мытні, які трэці тыдзень праходзіць у Партызанскім судзе, чарговы этап судовага сьледзтва: 5 сьнежня падсудныя скончылі даваць паказаньні, а сёньня, 6 сьнежня, суд перайшоў да апытаньня сьведак.

Алесь Юркойць

Публіку ў залі чакаў сюрпрыз: выкліканыя ў суд былыя мытнікі, якіх прысутныя лічылі за сьведак, аказаліся ў зусім іншым працэсуальным статусе — «асобаў, якія раней дапытваліся ў межах крымінальнай справы». Але якой?

Статус, пра які ведаюць толькі юрысты

«Вы будзеце дапытаныя ў якасьці абвінавачанага», — зьвяртаўся судзьдзя да выкліканых у суд сёньня былых мытнікаў Аляксандра Якубцэвіча, Аляксея Сьмірнова, Вячаслава Рынковіча і Мікалая Мішука.

Усе чацьвёра не зьяўляюцца абвінавачанымі ў справе, якая разглядаецца ў Партызанскім судзе. Больш за тое, ніводзін з дапытаных сёньня мытнікаў ані слова не сказаў пра тых адзінаццацёх, якіх судзяць у гэтым працэсе. Затое ўсе чацьвёра падрабязна распавядалі пра хабарніцтва мытнікаў зь іншых працэсаў (нагадаем, ашмянскіх мытнікаў адначасова судзяць яшчэ ў Кастрычніцкім, Фрунзенскім і Менскім абласным судах).

Дайшло да таго, што адзін з адвакатаў выказаў пратэст.

«Пратэстую! Навошта ў судзе вывучаюцца эпізоды, не зьвязаныя з нашымі падсуднымі? Давайце не губляць працэсуальны час», — заклікаў суд абаронца.

Але яму запярэчыў пракурор: «Не забывайце, што падсудныя абвінавачаныя ў злачынстве ў складзе арганізаванай групы, таму ўсё, што тычыцца гэтай групы, варта расьсьледаваньня».

Суд з гэтым пагадзіўся і перайшоў да допыту чарговага былога мытніка. Прыкладам, вось якія паказаньні даваў Мікалай Мішук.

«Абвінавачаны» мытнік: Чарга была не на мытні, але ў кампутары

Мішук сказаў, што атрымаў упершыню грошы ад начальніка свайго аддзелу Горбаля — той перадаў 500 даляраў.

Перадаваў на стаянцы службовага аўтобуса па-за мытным пастом, на паперцы быў пазначаны нумар ягонай пячаткі. За што грошы, не тлумачыў, але ён і без таго зразумеў — за аўтамабілі з кветкамі. Усяго атрымаў гэтак 3100 даляраў. Ня толькі браў грошы сабе, але і перадаваў іншым мытнікам — Канстанціну Ўрбановічу і Матняку (гэтыя прозьвішчы ў справе прагучалі ўпершыню).

Цікавыя дыялёгі ў «абвінавачанага Мішука» ўзьніклі спачатку з пракурорам, а потым з судзьдзёй. Пракурор дапытваўся, за што былі грошы. Мішук адказаў, што за «пазачарговы агляд аўтамабіляў з кветкамі», і распавёў пра сваю працу:

«Стаю, падыходзіць кіроўца з дакумэнтамі, пачынаю аглядаць».

Пракурор запытаў: «А пры чым тут чарга? Дзе яна? Вы ж стаіце вольны, не заняты?»

Уцямнага адказу пракурор так і не атрымаў, акрамя таго, што «чарга была бачна на маніторы кампутара». У разбор эпізоду ўцягваецца судзьдзя:

«Але ж аўтамабілі з кветкамі як з прадукцыяй, якая хутка псуецца, і без таго трэба правяраць у першую чаргу. Паводле закону. За што ж тады бралі грошы?»

Абвінавачаны працягвае настойваць на тым, што нічога не парушаў і ўсе інструкцыі выконваў спраўна, але потым згадвае, што аднойчы начальнік аддзелу Горбаль на плянэрцы загадаў інфармаваць яго пра аўтамабілі з кветкамі і пра тое, ці магчымыя ў іх парушэньні — «індыкатар рызыкі», як кажуць мытнікі.

Другі з мытнікаў, апытаных сёньня ў статусе «абвінавачаных», Аляксандар Якубцэвіч на допыце казаў, што нарматыўныя акты на агляд аўтамабіляў дазваляюць па-рознаму ставіцца да «індыкатараў рызыкі». Прыкладам, вага грузу звыш пазначанай у дакумэнтах можа азначаць як парушэньне, гэтак і тое, што здарылася памылка з вагой аўтамабіля. Таму мытнік мог альбо прычапіцца да гэтага і ўчыніць дадатковы агляд, альбо сьпісаць усё на «аўтамабільную памылку». За выбар, які патрэбны перавозчыку, і давалі хабар.

«Сьведкі-чаўнакі»?

Варта дадаць, што загадчык аддзелу афармленьня і кантролю Аляксандар Горбаль, як і ягоная калега з другога аддзелу Марына Мароз, цяпер падсудныя на працэсе, які пачаўся 5 сьнежня ў Менскім абласным судзе. Назіральнікі за працэсам у Партызанскім судзе Менску не выключаюць, што сёньняшнія паказаньні на Горбаля, Мароз ды іншых «кіраўнікоў» злачыннай «групоўкі» прагучаць празь нейкі час і на працэсе ў Менскім абласным судзе, дзе судзяць «вярхушку» групоўкі. «Інакш гэтыя людзі з «абвінавачаных» у невядома якой справе пяройдуць у статус падсудных па пэўнай справе», — мяркуе пра «сьведак-чаўнакоў» адзін з адвакатаў.

Паказаньні Алеся Юркойця ў судзе і на сьледзтве не мяняліся

Працэс у Партызанскім судзе вылучыўся гучнай заявай: пра фактычныя катаваньні падчас сьледзтва заявіў суду падсудны мытнік Алесь Юркойць.

Паводле ягонай заявы, падчас знаходжаньня ў турме КДБ — у «амэрыканцы» — ахоўнікі не давалі яму нармальна адпачываць, бо тры ночы запар грукалі дубінкамі ў дзьверы камэры, сьляпілі сьвятлом. Юркойць мяркуе, што гэтак ціснулі, каб прызнаў віну. Але былы мытнік так і не прызнаў, што браў грошы. Паводле Юркойця, з былым калегам Сяргеем Чэпіным, які паведаміў сьледзтву, што тройчы нібыта перадаваў «хабарныя» грошы Алесю, у яго былі непрыязныя адносіны. Паказальная і такая дэталь: сьледзтва інкрымінуе Юркойцю больш за 12 тысяч даляраў хабару, але Чэпін кажа толькі пра тры выпадкі перадачы грошай, а гэта цягне прыкладна на адну тысячу. Адкуль жа ўзяліся астатнія?

«Выглядае, сьледзтва проста падлічыла колькасьць аўтамабіляў з кветкамі, якія аформіў за пэўны час Алесь Юркойць, а доказы, што пры гэтым былі парушэньні, пакуль не прад’яўленыя», — лічыць адзін з назіральнікаў.

Іншы назіральнік заўважыў, што допыт Алеся Юркойця скончыўся без параўнаньня ягоных паказаньняў у судзе з тым, што мытнік казаў на сьледзтве. Звычайна бывае менавіта гэтак: параўноўваюць і ловяць падсуднага на розьніцы ў паказаньнях, выцягваюць тлумачэньні ці нават прызнаньне, дзе схлусіў. Зь Юркойцем гэтак не атрымалася. Значыць, ягоныя паказаньні нічым не адрозьніваліся, Алесь Юркойць адразу казаў, што ня браў хабару, і працягвае гэта даказваць у судзе.

Каментары6

У Беларусі з'явіўся народны паэт7

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ4

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт7

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →