Зімовы этап здымак «нацыянальнага кінапраекта» «Авель», які стварае беларуская кінакампанія «Нонстоп Медыя» ў супрацоўніцтве з ЗША, Германіяй і Расіяй, пачнецца 28 студзеня, паведаміў прадзюсер кампаніі Юрый Ігруша.
У фільме будуць прысутнічаць эпізоды, дзеянні якіх разгортваюцца на фоне масавай дэманстрацыі ў Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Гэты факт у мінулым годзе даў падставу інтэрнэт-супольнасці назваць «Авель» своеасаблівым адказам на фільм «Жыве Беларусь» Кшыштафа Лукашэвіча па сцэнары апазіцыйнага актывіста Франака Вячоркі.
Праца над гэтымі эпізодамі запланавана на 30 студзеня — 2 лютага. Здымкі будуць весціся на праспекце Незалежнасці, пачынаючы ад Кастрычніцкай плошчы і да плошчы Незалежнасці, пераважна ўвечары і ўначы. Так, у першыя два здымачныя дні на пляцоўцы задзейнічаюць 500 чалавек, а ў астатнія дні - да 4 тысяч чалавек.
«Як і кожная здымачная група, мы звяртаемся да Службы бяспекі прэзідэнта, распісваем, дзе і што будзе адбывацца, і атрымліваем дазвол, — растлумачыў Ігруша. — Нам выдзяляецца дапамога і падтрымка МУС, рух будзе рэгуляваць ДАІ, але ніякіх турнікетаў не прадугледжана».
Паводле яго слоў, усё, што адбываецца на здымачнай пляцоўцы, будзе «у рамках закона», таму, калі хтосьці паспрабуе яго пераступіць, у адносінах да парушальніка «будуць прымацца меры».
«Калі на здымачную пляцоўку прыйдуць хуліганы і пачнуць рабіць правакацыі, то, натуральна, будзе выкліканая міліцыя, як гэта зрабіла б любая здымачная група — беларуская, расійская ці амерыканская, закон ёсць закон», — папярэдзіў прадзюсер кампаніі.
Каментары