Незаменны сілавік Леанід Мальцаў. Рэпартаж з радзімы старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта
«Чулі, што Леанід Мальцаў стаў галоўным памежнікам?» — пытаемся ў стрыечнага брата ўплывовага генерал-палкоўніка. «Лёня? Ды не, ён жа сакратар у Радзе бяспекі», — не верыць той. «Ужо не сакратар. Цяпер памежнік… Я чытала», — перабівае яго жонка.
Заблытацца ў кіраўнічых пасадах 64-гадовага Леаніда Мальцава проста: міністр абароны — адстаўка — намеснік старшыні Рады бяспекі — зноў міністр абароны — старшыня Рады бяспекі — выканаўца абавязкаў старшыні КДБ — старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта…
Пустая радзіма
Адзін з нешматлікіх сілавікоў беларускага паходжання нара-дзіўся на Слонімшчыне, зусім блізка ад славутых Жыровічаў, «праваслаўнай Мекі Беларусі», як называюць мястэчка ў турыстычных даведніках.
Назву вёскі Вяценеўка, малой радзімы Мальцава, скланяюць на розны лад. У некаторых крыніцах яна называецца як «Віцінеўка», на непісьменным дарожным указальніку зафіксаваная «Вяценяўка», а ў расійскамоўным навігатары фігуруе вычурная «Веценювка».
Але ўжо праз некалькі гадоў моўнае пытанне можа знікнуць. Калі вымрэ і сама вёска… Цяпер у Вяценеўцы жывуць толькі ў трох хатах, хоць стагоддзе таму тут налічвалася ажно 330 чалавек!
750-старонкавы том слонімскай «Памяці» не пакідае сведчанняў ні пра аднаго «даваеннага» Мальцава ў тых краях. Затое ёсць дзясяткі людзей з прозвішчам Малец. Ці не змянілася прозвішча пад расійскую традыцыю, гадаюць у інтэрнэце? Разгадка аказваецца простай. Бацька міністра, Сямён Данілавіч Мальцаў, нарадзіўся ў Арлоўскай вобласці Расіі.
Знайсці кагосьці з Мальцавых у напаўвымерлай Вяценеўцы не ўдаецца. Тубыльцы раяць пашукаць сваякоў міністра ў суседніх Сучках і Пляшках. Савецкая кампанія па перайменаванні населеных пунктаў на больш мілагучныя адпаведнікі зрабіла іх Коласавым і Партызанаўкай.
50 гадоў у вайсковых ботах
У Партызанаўцы мы і знаёмімся з Васілём, стрыечным братам колішняга міністра абароны. «Мы ж з Леанід Сямёнавічам у адной хаце выраслі! — пачынае расповед ён. — У маёй сям’і сямёра чалавек, і іх тады было чацвёра».
«Я ўсё смяюся з яго: як у 14 гадоў у вайсковыя боты абуўся, дык дагэтуль у іх і ходзіш, — усміхаецца Васіль і пралічвае: — Гэта ж ужо 50 гадоў прайшло, як ён паступіў на службу».
У мінскую Сувораўскую вучэльню Леанід з’язджаў ужо з іншай вёскі, з Чамяроў. Цяпер гэта прыгарад Слоніма. Туды бацькі пераехалі, калі Леанід быў зусім малым.
Хата, у якой вырас будучы міністр абароны, стаіць дагэтуль. Цяпер яна пустая: брыгадзір Сямён Данілавіч памёр два гады таму. Ягоная жонка, паляводка Ганна, — значна раней.
Вайсковец-выдатнік
У Чамяры Леанід так і не вярнуўся. Пасля Мінска яго чакала Кіеўская вышэйшая ваенная агульнавайсковая камандная вучэльня, якую беларус скончыў з залатым медалём, служба ў Германіі і на Далёкім Усходзе з перапынкам на вучобу ў маскоўскай Ваеннай акадэміі імя Фрунзе. Яе Мальцаў таксама скончыў на выдатна, як пасля і Вайсковую акадэмію расійскага Генеральнага штаба.
Чаму пайшоў у вайскоўцы? Трэба было дапамагаць гадаваць меншых братоў і сясцёр, тлумачаць сваякі. Зрэшты, вайсковая будучыня чакала і братоў, і пляменнікаў Леаніда Мальцава.
Брат міністра Мікола, напрыклад, даслужыўся да звання падпалкоўніка. Ён прайшоў Афганістан, атрымаў два раненні. Цяпер на пенсіі. Пабудаваў катэдж побач з бацькоўскай хатай.
Другі брат, Уладзімір, быў чыноўнікам на Барысаўшчыне. Сёлета ён памёр, расказваюць сваякі.
«У нашай сям’і ўсе ваенныя, адзін я, як гаворыцца, калгаснік», — смяецца Васіль. Ён працуе трактарыстам у калгасе, выгадаваў дваіх дзяцей, а цяпер разам з жонкай сталі прыёмнымі бацькамі — у дагледжанай хаце бегае чацвёра малых.
Працоўныя поспехі
«Ён жа ведае 15 замежных моваў! Прайшоў і Амерыку, і Афганістан, і Кітай», — хваліцца стрыечным братам Васіль. Гучыць сумнеўна, аднак для беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў нават адна замежная — дасягненне.
А Мальцаў не абмінуў яшчэ і навуковую кар’еру. У канцы 1990-х ён стаў кандыдатам сацыялагічных навук з даследаваннем «Дзейнасць органаў вайсковага кіравання па падтрымцы і ўмацаванні вайсковай дысцыпліны».
А ў сярэдзіне 2000-х напісаў доктарскую работу па паліталогіі «Стратэгія вайсковага будаўніцтва ў Беларусі ў сучасных умовах». Дарэчы, абодва разы генерал-палкоўнік абараняўся ў Маскве.
Вянчае спіс ягоных заслуг гордае званне адзінага ў Беларусі кавалера ордэна Вайсковай Славы.
Наркотыкі ў келіху?
Аднак далёка не заўсёды кар’ера вайскоўца развівалася бясхмарна. Нядаўняя адстаўка мінскага губернатара Барыса Батуры ў жывым эфіры — дробязі ў параўнанні з тым, як з пасады міністра абароны выганялі Мальцава.
Аляксандру Лукашэнку падалося, што Мальцаў выступае перад студэнтамі-медыкамі нецвярозы. Кіраўнік дзяржавы абазваў міністра п’яным і звольніў яго. Што ж адбылося насамрэч?
«Яму нехта падсыпаў наркату ў шампанскае, — перакананы стрыечны брат. — І Лукашэнка зняў яго… Добра, што пасля разабраліся і ўгаварылі Леаніда Сямёнавіча вярнуцца». — «Можа, высветлілася, хто падсыпаў?» — «Ды не, засакрэцілі гэтую справу».
Закладнік становішча ў краіне
Былы дэпутат, вайсковец Валер Фралоў служыў разам з Мальцавым яшчэ на Далёкім Усходзе.
«Маё меркаванне пра яго тагачаснага — гэта вельмі адукаваны, разумны чалавек, які здольны прымаць важныя, стратэгічныя рашэнні. Што адбылося з ім пазней? Напэўна, змяніліся многія падыходы… Многія дасведчаныя кіраўнікі — не толькі Мальцаў — сталі паводзіць сябе нечакана.
Прыязджае Лукашэнка, яны пагаджаюцца: тут я не даглядзеў, тут я не разабраўся… Пасля ў іх пытаешся: як так? Яны сумна адказваюць: ну, вось не змог адказаць, не выйшла… — узгадвае генерал Фралоў. — Хоць разумелі, што ў інтарэсах справы павінны адстаяць сваё меркаванне. А яны гатовыя пагаджацца з чым заўгодна. Гэта і іх бяда, і Лукашэнкі».
«Праз такое «перараджэнне» вертыкалі ўлады змяніўся і Леанід Мальцаў, які калісьці быў мэтанакіраваным падрыхтаваным вайскоўцам, — мяркуе Фралоў. — Хоць як міністр абароны ён глядзеў наперад і спрабаваў прыўнесці многія новыя рэчы».
Часам Мальцаў бывае вельмі жорсткім, заўважаюць людзі, якія сутыкаліся з міністрам.
Не войска, а камерцыя
Сям’я ў Мальцавых невялікая — двое сыноў. Жонка Ніна атрымала медыцынскую адукацыю, а пасля ездзіла за мужам па ўсім свеце.
Аляксей і Дзмітрый не пайшлі шляхам бацькі. «Выбралі камерцыю», — кажа іх дзядзька.
Да выбараў 2006 Мальцавы дабудавалі двухпавярховы катэдж у Драздах побач з паплечнікам Лукашэнкі Уладзімірам Канаплёвым.
За пару гадоў да таго сям’і ўдалося прыватызаваць трох-пакаёўку ў «міністэрскім» доме ў наменклатурным раёне на вуліцы Азгура. Дарэчы, суседнюю кватэру ў гэтым доме займеў Віктар Шэйман.
***
Леанід Мальцаў
Нарадзіўся ў 1949 у вёсцы Вяценеўка Слонімскага раёна. Скончыў Мінскую сувораўскую вучэльню (1967), Кіеўскае вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню (1971), Вайсковую акадэмію імя Фрунзе (1979), Ваенную акадэмію Генеральнага штаба (1992).
Служыў у групе савецкіх войскаў у Германіі, у Далёкаўсходняй вайсковай акрузе. З 1992 — першы намеснік камандзіра 28-й арміяй. У 1994 — начальнік Галоўнага штаба Узброеных Сіл Беларусі. У 1995-1996 — міністр абароны Беларусі. У 1997-2000 — першы намеснік начальніка Штаба па каардынацыі вайсковага супрацоўніцтва СНД. У 2000-2001 — намеснік сакратара Рады бяспекі. У 2001-2009 — міністр абароны, у 2009-2013 — сакратар Рады бяспекі, цяпер старшыня Памежнага камітэта. У 2012 — в.а. старшыні КДБ.
Каментары