Грамадства

Ігар Макар: Павел Кулажанка прапаноўваў шантажаваць ці атруціць Андрэя Стрыжака АЎДЫЯ

Былы сілавік Ігар Макар перадаў «Нашай Ніве» аўдыязапісы, з якіх вынікае, што Павел Кулажанка, вядомы таксама як блогер Exomon, выношваў план шантажу або нават атручвання Андрэя Стрыжака, сузаснавальніка фонду салідарнасці «Байсол». Гэта былі намеры самога Кулажанкі, ці за ім нехта стаяў? Калі так, то хто?

Павел Кулажанка ў розныя перыяды свайго жыцця

Падчас вялікага інтэрв’ю (поўная версія будзе апублікаваная ў найбліжэйшыя дні) карэспандэнт «Нашай Нівы» згадаў ранейшыя прэтэнзіі Ігара Макара да Паўла Кулажанкі. На прапанову агучыць гэтыя пытанні, Макар сярод іншага заявіў:

«І, напэўна, апошняе пытанне Паўлу Кулажанку. Навошта ён схіляў мяне забіць Андрэя Стрыжака? Гэта была размова, падчас якой Кулажанка неаднаразова схіляў мяне да пранікнення ў жытло Стрыжака. Там я мусіў завалодаць інфармацыяй пра грошы. Кулажанка даў бы рахунак, куды я перавёў бы грошы. І што я мусіў зрабіць далей, мяркую, раскажа сам Павел».

Нагадаем, Андрэй Стрыжак — адзін з заснавальнікаў фондаў BYSOL і BYHELP, якія пачалі сваю дзейнасць у 2020 годзе. Фонды збіралі грошы для пацярпелых ад дзеянняў улады беларусаў, дапамагалі аплачваць штрафы.

Андрэй Стрыжак

На Стрыжака ў Беларусі заведзена некалькі крымінальных спраў, улады вінавацяць яго ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання, фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці. Апошняе абвінавачванне — фінансаванне ўзброенага канфлікту на тэрыторыі сумежнай дзяржавы — лукашэнкаўцы выставілі Стрыжаку за дапамогу беларускім добраахвотнікам ва Украіне.

І Макар, і Кулажанка — былыя сілавікі. Макар — былы баец «Алмаза», уладальнік крапавага берэта. Сышоў з сілавых структур у 2003 годзе. Быў у ахове Аляксандра Казуліна, пасля эміграваў, з 2006 года жыве ў Літве. Шырокую публічную актыўнасць Макар развіў пасля выбараў 2020 года.

Павел Кулажанка, вядомы таксама як Exomon, служыў у віцебскім АМАПе (адсюль і яго нік), у 2011 годзе выйграў грын-карту і з’ехаў у ЗША. Жыў у Нью-Ёрку, зарабляў камерцыйнымі баямі, да 2020 года палітыкай не цікавіўся (падрабязней пра Кулажанку чытайце па спасылцы). Але пасля жніўня 2020 года Павел завёў канал у Ютубе і тэлеграм-каналы, актыўна крытыкаваў Ціханоўскую і яе штаб, грэбліва ставіўся да прыхільнікаў мірных пераменаў, ухваляў толькі Вольгу Карач. 

Ігар Макар

І Кулажанка, і Макар, былі ўдзельнікамі сумна вядомых зум-канферэнцый, падчас якіх нібыта абмяркоўваўся замах на Лукашэнку. Трох удзельнікаў гэтых сазвонаў (Юрася Зянковіча, Аляксандра Фядуту і Рыгора Кастусёва) затрымалі вясной 2021 года.

Таксама Павел стаў тварам радыкальнага партызанскага руху «Супраціў», які беларускія ўлады прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй.

У 2021 годзе Кулажанка з Макарам пасварыліся і разарвалі адносіны. Макар сышоў у цень, апошнім часам амаль не выступаў публічна. Кулажанка ваюе ва Украіне, далучыўшыся да беларускага добраахвотніцкага батальёна Каліноўскага.

Цяпер жа Макар абвінаваціў свайго былога паплечніка ў падрыхтоўцы цяжкага злачынства.

У якасці доказаў Макар перадаў некалькі асобных фрагментаў аўдыязапісаў. На аўдыя чуваць, як Макар размаўляе з чалавекам, чый голас падобны да голасу Паўла Кулажанкі. 

Як сцвярджае Макар, гэтая размова адбылася паўтара года таму, 28 снежня 2020-га.

Важны момант: Ігар Макар вінаваціць Кулажанку ў падрыхтоўцы да злачынства. Але без экспертызы мы не можам са стопрацэнтнай упэўненасцю сцвярджаць, што на запісе гучыць голас Паўла.

Ніжэй — тэкставая расшыфроўка аўдыязапісу.

Фрагмент 1:

— Так, таму трэба вось, трэба зноў жа нам кампрамат гэты сабраць ціха, цягам тыдня-паўтара. І, самае галоўнае ў гэтым кампрамаце, каб там быў склад злачынства. 

— Угу. 

— Чаму? Таму што, калі яму адразу, як цэбар халоднай вады: вось слухай, давай спачатку па-добраму дамовімся. Гэта, гэта і гэта, патрэбныя канкрэтна грошы. Ёсць план — патрэбныя грошы, так? Ён кажа, грошай няма. (Неразборліва.) Яшчэ адна важная асаблівасць кампрамату адносна грошай: пажадана як мага больш сабраць інфармацыі пра тое, дзе ўтрымліваюцца грошы, як трапляе ўвесь гэты грашовы абарот, каб дакладна валодаць больш дакладнай карцінай таго, што ў яго ёсць і ў якім выглядзе. 

Значыць, і вось тады, калі, значыць, дамаўляцца не атрымліваецца, тады: ну глядзі, ёсць такі вось варыянт развіцця падзей. Выкладваюцца папкі. Вось гэта, дапусцім, у паліцыю, там, Латвіі ідзе на цябе. Гэта матэрыялы і заявы па завядзенні крымінальнай справы. Фонды — гэта адкрытае грамадскае, гэта любы грамадзянін можа на іх падаць заяву, па сутнасці. Вось я ўклаў $20 у фонд, я магу даведацца, куды там, як распараджаюцца маімі грашыма? Канечне, магу. Адпаведна, я магу на іх падаць у суд, калі мне (неразборліва) проста там пакажацца, што яны там махляры, яны прысабечылі гэтыя грошы. Вось. 

І, значыць, другі, напрыклад, іск па завядзенні крымінальнай справы ідзе ў Інтэрпал.

Значыць, важна таксама выключыць магчымасць сказаць Ціханоўскай нейкае слова ў падтрымку Стрыжака. Таму што мы першапачаткова разглядаем варыянт, што яна ад яго фінансава залежная, каб ён не ўздумаў ёю маніпуляваць.

Фрагмент 2:

— Давай падумаем.

Вось выкладваем мы Стрыжаку гэта. Ён кажа, там, так, не. І якія варыянты далейшых дзеянняў, як што? Чаму? Таму што, скажу адразу, радыкальны гэты другі і трэці варыянт, яго не вельмі хочацца прыводзіць.

Там вялікія складанасці, так, не вельмі хочацца яго прыводзіць у выкананне. І, зноў жа, Стрыжак публічная фігура, было б, як бы, гэта ўсё адно будзе спрыяць якому-ніякому расколу ў апазіцыі, так?

Фрагмент 3:

— Мы заводзім крымінальныя справы, пра гэта робіць заяву сама Ціханоўская, вось ужо тэкст заявы ў Святланы на руках, так, і яна кажа, што так, у нас узніклі праблемы, мы сутыкнуліся з махлярствам. Але ўсё ў парадку. Значыць, калі падумаць у тактычным плане, так, яна як лідар, як твар пратэстаў, заяўляе толькі, што як бы, яны згубілі фонды. Можна сказаць. Адпаведна, гэта будзе, трэба нешта даць узамен, каб нівеліраваць вось гэтую вось страту. З аднаго боку.

Адпаведна, яна кажа: так, мы згубілі фонды, але ў мяне для вас добрыя навіны, таму што мы цяпер адкрылі новыя фонды, мы пачынаем збіраць грошы. Ёсць на гэты момант ужо структура, так, якая ўжо створаная, ёсць людзі, ёсць двайны план ужо, па якім мы працуем, і цягам тыдня ўжо агучым публічную частку.

І вось так вось сказаць, і ўсё, і тады страты Стрыжака, у тым выпадку, калі яна яго, вось гэта ўсё як бы падтрымае Ціханоўская, і будзе так выглядаць, нібыта проста, слухайце, вясна прыходзіць, мы прыбраліся, вынеслі смецце з хаты, там, выбілі старыя дываны, усё.

Фрагмент 4:

— Першы план: зараз сабраць усё, што толькі магчыма, і паспрабаваць нацягнуць усе наяўныя матэрыялы на склад крымінальнай справы.

— Пачакай, але ты ж казаў, што можна там тыпу яго альбо там са ствалом ці нейкім ядам. 

— А, ну гэта апошні, фарсіраваны варыянт.

— А, гэта тыпу калі гэта не спрацуе, так? 

— Так-так-так-так. Таму што, зноў жа, ёсць свае вялікія, ведаеш, мы не ў Беларусі, ёсць вялікія складанасці зрабіць гэта ў Латвіі, так, ці ў Літве, дзе ён там будзе ў гэты час.

Фрагмент 5:

— Таму, можа, у яго флэшка недзе ёсць, можа, з яго асабістага дэвайса — там будзе пытанне пароля толькі. То-бок электронныя кашалькі, вось гэтыя, біткойн-кашалькі, яны звычайна прывязваюцца на дэвайсы канкрэтна.

— Угу.

— Вось. Адпаведна, фарсіраваны варыянт, хутчэй за ўсё, будзе мець месца, калі першы варыянт не пройдзе. 

— То-бок, калі першы не праходзіць, тады лепш з гэтымі ядамі зрабіць, так?

— Так, так, так, так, так. Фарсіраваны варыянт.

— А калі з ядамі, ты яшчэ расказваў, ёсць нейкі трэці варыянт. Прасцейшы, так? 

— Ну… Прасцейшы… Груба кажучы, гэта вось, я кажу, чаму вось гэты склад удзельнікаў мусіць быць першапачаткова. Ціханоўскую ў разлік не бяром. Бо Ціханоўская мусіць даведвацца пра гэты план ужо непасрэдна, калі са Стрыжаком яе разам трэба пасадзіць. То-бок яе проста ставім перад фактам, што вось, вось, вось. І так, каб яна нават пры ўсім жаданні, хаця яна ад яго фінансава залежная, яна не змагла сказаць слова «не».

Фрагмент 6:

— Ну, давай далей.

— Так, то-бок чаму? Таму што пасля гэтага, калі пракручваць другі варыянт, усё роўна да яго трэба ісці гэта і рабіць, але рабіць гэта так, каб не засталося ніякіх слядоў, доказаў. Каб ён не сказаў пасля, разумееш, каб не было ніякіх слядоў і доказаў. Адпаведна, заходзіць да яго, дапусцім, у нумар, ці дзе ён там жыве, трэба пасля гэтай сустрэчы там, праз некалькі гадзін, ці, можа, увечары, так?

— Угу.

— Альбо тыпу пад выглядам, што прапанаваць нейкую здзелку, альбо дамовіцца за спінаю ў Ціханоўскай, вось так. Па такой сістэме. І заходзіць, каб ён адчыняў дзверы, то-бок, напрыклад, ты будзеш заходзіць як чалавек знаёмы, якому ён адчыніць і ўпусціць. І з табой яшчэ павінны заходзіць людзі. Альбо адзін чалавек яшчэ нейкі.

— Зразумеў.

— Вось. Бо ў гатэлі камеры і ўсё. Ён пасля будзе там… Ну, па-першае, ведаеш, гэта як… Калі мы накапаем гэты кампрамат, то гэта атрымаецца, што, ну злодзей ніколі не будзе заяўляць, што яго абрабавалі. 

— Так, я разумею. Разумею.

— Так-так-так. Па-другое, ну, акей, заявіць, ты скажаш: «Ды не, мы зайшлі там, выпілі, пагутарылі, і ўсё. Пасядзелі, пасля я пайшоў дадому. Тое, што ён цяпер кажа, я не ведаю, проста перабраў лішняга, і ўсё. 

— Так, усё, я зразумеў. Добра, акей. 

Фрагмент 7:

— Трэба пачынаць гутарыць на гэтую тэму і наконт Стрыжака, наконт усёй аперацыі варта наладзіць кантакт з Карач, таксама і з Юрасём [Зяньковічам]. 

— Я наколькі чуў, Карач, яна вельмі моцна капае пад Стрыжака. Наколькі я чуў.

— Так-так-так. Яна днямі пазваніла Юрасю і кажа: што ў цябе ёсць на Стрыжака?

Таму што яна злая, бо яна таксама, як любы, у прынцыпе… Ну я гэта адчуваю вельмі добра, ужо даўно адчуваю, ведаеш. А яна гэта адчувае, бо ўсё ж такі яна нашмат большы лідар, яна рыба вялікая ўжо, так? І яна адчувае гэтыя рухі, што людзі незадаволеныя, што ніхера не робіцца, што людзі чакаюць дзеянняў… 

— Так.

— Што яны ўбачылі, што гэтыя кветкі-карагоды — нічога не эфектыўна. Што там санкцыі, санкцыі, што Латушка да гэтай пары талдычыць, блін, таксама, зноў жа вельмі ўказвае на недальнабачнасць Латушкі як палітыка, калі ён гэта не адчувае.

— Добра, глядзі, такое пытанне: адкуль будзе ўпэўненасць, што вось людзі, якія зойдуць да Стрыжака ў нумар, так, ці ўколюць там нешта, ці стваламі будуць пагражаць, так? А адкуль упэўненасць у тым, што ў яго будуць менавіта ў нумары камп’ютар, коды, калі ён можа гэта ўсё адправіць? А калі ў яго проста фізічна не будзе? Проста тупа фізічна будзе, не ведаю, у іншым нумары там, альбо яшчэ недзе, у офісе, я не ведаю, кудысьці выязджаць — ну ты ж разумееш, што выязджаць — гэта праблема.

— Гэта праблема, гэты выключаны варыянт.

***

Важны момант: на аўдыя суразмоўца Макара не прагаворвае нічога канкрэтнага пра забойства. Але Макар сцвярджае:

«Кулажанка прапаноўваў асабіста мне вымагаць грошы на падставе кампрамату. Але, калі гэты варыянт не спрацаваў бы, я мусіў бы прыгразіць зброяй. Калі б і гэта не спрацавала, я мусіў бы зрабіць Стрыжаку нейкі ўкол. Які ўкол? Дзе я мусіў гэта ўсё ўзяць? Кулажанка сказаў, што ён гэта мне прадаставіць.

Я не ведаю, што гэта мусіла быць — наркотык? Ці прачнуўся б чалавек пасля? Але мне было гарантавана, што гэта можа быць з летальным вынікам, і гэта ўсё трэба зрабіць мегачыста». 

Ігар Макар кажа:

«Пасля [размоў з Кулажанкам] я звязваўся са Святланай Георгіеўнай [Ціханоўскай], папрасіў пазнаёміць мяне са Стрыжаком. Але пра тое, што мяне схіляюць да забойства, я не казаў. 

Мне было адмоўлена. Прынамсі, маю просьбу праігнаравалі. 

Калі зразумеў, што мяне схіляюць да злачынства, я пачаў запісваць размовы на дыктафон. Калі нейкія органы зацікавяцца, я магу перадаць запіс. Гэты запіс у новай Беларусі будзе доказам, што чалавек хацеў здзейсніць цяжкае злачынства. Каб Павел разумеў, што тут памылкі быць не можа — ёсць дзеянні, за якія раней ці пазней прыйдзецца адказваць, па ўсёй строгасці закона.

Таксама я пайшоў у літоўскую паліцыю, там усё распавёў. Гэта зафіксавалі. Заяву не пісаў, але ўсё расказаў».

Але да гэтай гісторыі адразу ўзнікае шэраг пытанняў. 

Па-першае, чым скончыліся планы Макара і яго суразмоўцы наконт гэтага вымагання? 

Макар кажа: «Я пасварыўся з Вольгай Карач, і яна, і Кулажанка ў адно імгненне выдалілі ўсю перапіску са мной, і выдалілі акаўнты».

Па-другое. Макар запэўнівае: яму за ўдзел у «аперацыі» нават не прапаноўвалі грошы. Тады навошта гэта ўсё было патрэбна? І чаму звярнуліся менавіта да Макара?

Ён мяркуе:

«Стрыжак жывы ж? І грошы ў яго не скралі, праўда?

Значыць, гэта ўсё планавалася менавіта для ліквідацыі мяне як чалавека, які непадкантрольны спецслужбам.

І ёсць адзін удзельнік, каму гэта было б вельмі цікава — Вольга Карач. Яна б адразу пазбавілася свайго галоўнага ворага — Стрыжака — і апанента — Ігара Макара. Я ўпэўнены, што гэта рабіла Карач. Яна спакусіла Кулажанку грашыма. Кулажанка спакушаў мяне тым, што можна зрабіць добрую справу: завалодаць грашыма і зрабіць дабро, бо нібыта падманваюць беларусаў. Хоць Кулажанка ніводнага разу не прапаноўваў мне грошы за ўдзел у гэтым. 

Я мяркую, рыхтаваліся чарговыя «Манкурты» (фільм БТ пра «здраднікаў». — «НН»). За Карач стаяць беларускія спецслужбы — я ў гэтым упэўнены». 

І, нарэшце, чаму Макар агучвае гэтую інфармацыю толькі цяпер? Прайшло паўтара года. Макар мае свой ютуб-канал, дзе ў любы момант мог апублікаваць аўдыязапіс. Макар не хавае — гэта проста помста.

«Таму што я ваенны чалавек, і я заўсёды тактычна граматна стаўлюся да сваіх апанентаў.

Калі сказаць коратка: помста — гэта страва, якую падаюць халоднай», — адказаў Ігар Макар.

Перад публікацыяй «Наша Ніва» звярнулася па каментарыі да Паўла Кулажанкі і Вольгі Карач. 

Кулажанка паведаміў, што не дае каментарыяў «Нашай Ніве». 

«А каментаваць тое, што распавядае гэты персанаж, увогуле зашкварна», — выказаўся ён пра Ігара Макара.

Вольга Карач параіла карэспандэнту «Нашай Нівы» даслаць афіцыйны запыт, але не ўдакладніла каму і куды.

«Калі ласка, пішыце афіцыйны запыт па каментар, на які будзе адказ. Гэта прыватны телефон, які выкарыстоўвываецца выключна для каардынаціі і сувязі з людзьмі і структурамі, якія змагаюцца за правы чалавека і незалежнасць Беларусі, а не для кантактаў з асобамі, што абслугоўваюць рэжым, і праўладнымі прапагандыстамі», — быў яе адказ.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Усе навіны →
Усе навіны

Ілан Маск вярнуў статус найбагацейшага чалавека ў свеце, пабіўшы ўласны рэкорд4

Ультраправая прыхільніца тэорый змоваў стане рэгуляваць урад ЗША25

Рычард Гір прадставіў новы серыял, у якім свае 20 секундаў славы атрымала і Беларусь2

На Філіпінах віцэ-прэзідэнтка адкрыта прыгразіла прэзідэнту і яго сям'і смерцю2

У беларускіх лясах пайшлі зімовыя апенькі. Якія яшчэ грыбы не спужаліся першых снегападаў?

Ангела Меркель: Я добра ведала намеры Пуціна і ведала, што ён вораг Еўропы11

У Брэсце паставілі скульптуру Дон Кіхота з ветраком, падобным да вентылятара ФОТАФАКТ1

«Жанчыны, на якіх можа разлічваць Гайдукевіч». Найлепшыя твіты тыдня2

Міністр замежных спраў Францыі пацвердзіў права Украіны біць па Расіі французскімі ракетамі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Галоўнае
Усе навіны →