«Суседзі могуць пайсці на часовую блакаду межаў нават у гандлёвых мэтах». Да чаго яшчэ можа прывесці абвастрэнне міграцыйнага крызісу?
У выніку новага абвастрэння міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы мы ўжо атрымалі цэлы спіс негатыўных рэакцый і наступстваў для краіны ад заходніх суседзяў і не толькі — ад прыпынення руху людзей і грузаў праз Кузніцу да прапановы ўнесці беларускія аэрапорты ў спіс санкцыйных аб’ектаў. Каму выгадная эскалацыя міграцыйнага крызісу і да чаго ўсё гэта можа прывесці? Паспрабавалі разабрацца з палітолагам, экспертам iSANS i Цэнтра EAST Андрэем Елісеевым.
«Тое, што адбываецца на мяжы з Польшчай, — вынік палітычнай гульні Лукашэнкі з вялікімі стаўкамі»
«Тое, што адбываецца на мяжы з Польшчай, перадусім, вынік палітычнай гульні Лукашэнкі з вялікімі стаўкамі ў адказ на прынцыповую пазіцыю ЕС. Задача-мінімум — прымусіць ЕС сесці за стол перамоваў, што дазволіць заявіць: «Ага, вось і прызнаеце мяне легітымным». Задача-максімум: яшчэ і грошай выбіць ад ЕС на стрымліванне міграцыйных плыняў.
Хто, ведаючы крайнюю ступень цэнтралізацыі і кантролю ў Беларусі, паверыць, што тысячы мігрантаў з далёкіх краін без волі на тое беларускіх дзяржорганаў, могуць не толькі ўехаць у краіну, але яшчэ і масава дабрацца да пэўнага памежнага пункта?» — задаецца пытаннем Андрэй Елісееў.
Эксперт адзначае, што гульню Лукашэнкі на гэтым этапе падтрымлівае і Крэмль: гэта дае падставы чарговы раз заявіць пра агрэсіўны і адначасова бездапаможны Захад.
Усё ж краіны ЕС пастаўленыя цяпер у складанае становішча: даць мігрантам зялёнае святло — значыць павялічыць іх плыні ў некалькі разоў (а ўжо восьмага лістапада на мяжы было больш за дзве тысячы мігрантаў).
З іншага боку, кепскія ўмовы, у якіх аказваюцца людзі на мяжы (у тым ліку жанчыны і малыя дзеці), даюць падставы наракаць на негуманныя дзеі з боку ЕС. І алгарытму дзеянняў, каб выйсці з гэтай сітуацыі хутка, няма: Лукашэнка ўсведамляе гэта і грае на такім стане рэчаў.
«Упускаеце мігрантаў — дык вось вам іх у пяць, пятнаццаць разоў болей, чакайце болей і захлыніцеся. Не ўпускаеце — значыць, вы «нацысты», якія здрадзілі еўрапейскім каштоўнасцям».
«З плоскасці ЕС сітуацыя пераносіцца ў плоскасць NATO»
Ужо ў панядзелак да мігрантаў быў ужыты слёзатачывы газ, калі яны спрабавалі прарвацца праз мяжу сілай, руйнуючы агароджы. На месца падзей былі сцягнутыя тысячы вайскоўцаў. У такой разгарачанай сітуацыі многія пачалі выказваць боязі кшталту: а ці не пачнецца такім тэмпамі вайна?
«Нейкія непрыемныя для ўсіх бакоў інцыдэнты цяпер дакладна не выключаныя. Сітуацыя ўсё болей пераносіцца з плоскасці ЕС у плоскасць NATO, бо ступень арганізаванасці і маштабу міграцыйных плыняў стала якасна іншай, што і надае Польшчы задуму спаслацца на чацвёрты артыкул Статута NATO аб надзвычайнай кансультацыі з нагоды пагрозы бяспекі.
Што да артыкула №5 пра дапамогу ў выпадку атакі ці агрэсіі на адну з краін альянсу — гэта пакуль малая, але патэнцыйна вельмі сур’ёзная і небяспечная імавернасць.
З праўнага гледзішча NATO, на маю думку, не мае ўзгодненых крытэрыяў, паводле якіх такая нестандартная сітуацыя ў міграцыйнай сферы магла б трактавацца як агрэсіўны акт. Але сённяшнія падзеі дакладна выклічуць акадэмічныя, а таксама практычныя дыскусіі ўнутры NATO», — каментуе Андрэй Елісееў.
Кажучы пра патэнцыйнае развіццё падзей, эксперт не выключае частковых прарываў мігрантаў у ЕС, улічваючы іх колькасць і арганізаванасць.
«Калі новая стратэгія з масавасцю мігрантаў не атрымаецца, то, з улікам надыходу халадоў, вялікая частка мігрантаў будзе вымушаная калі не вяртацца на радзіму, дык неяк ператрываць у Беларусі халодны сезон.
Калі ж сённяшняя стратэгія будзе даваць плады, то не выключаныя новыя транзітныя мігранцкія плыні з Афганістана і цэнтральнаазіяцкіх краін. Поўнага і хуткага вырашэння сітуацыі з мігрантамі не прадбачыцца», — лічыць суразмоўца.
Якія наступствы будуць у эскалацыі міграцыйнага крызісу?
«Гледзячы на ход падзей, ЕС можа чарговы раз узмацніць санкцыі, а суседзі могуць пайсці аж на часовую блакаду межаў (нават у гандлёвых мэтах).
Пры гэтым самому Лукашэнку з палітычных прычын можа быць выгадная сітуацыя непрадказальнасці на мяжы як мінімум да правядзення рэферэндуму і прызнання Крамлём новай канстытуцыі», — прагназуе Андрэй Елісееў.
Каментары