Рэкламнае агенцтва з расійскімі сувязямі прапаноўвала грошы вядомым блогерам, каб яны раскрытыкавалі вакцыну Pfizer
Агенцтва Fazze прапаноўвала грошы навукоўцам і блогерам, каб яны сказалі, што ад вакцыны Pfizer паміраюць сотні людзей.
Як адзначае агенцтва, Fazze — гэта маркетынгавая платформа, якая злучае блогераў і рэкламадаўцаў. Кампанія сцвярджае, што знаходзіцца ў Лондане, але насамрэч яна не зарэгістраваная па адзначаным адрасе. Згодна са звесткамі з LinkedIn, кіраўніцтва Fazze паходзіць з Масквы і працавала ў агенцтве, якое заснаваў расійскі прадпрымальнік.
На сёння закрыла свой вэб-сайт і акаўнт у Instagram, піша The Guardian.
На мінулым тыдні прадстаўнікі агенцтва звязваліся з французскімі блогерамі, якія асвятляюць тэма аховы здароўя і навукі, і прасілі іх на англійскай патлумачыць, што «ўзровень смяротнасці сярод вакцынаваных Pfizer утрая вышэйшы, чым сярод вакцынаваных AstraZeneca».
Блогерам прапанавалі спасылкі на артыкул у Le Monde, Reddit і на вэб-сайт Ethical Hacker, дзе быццам бы пацвярджаецца гэта інфармацыя.
Артыкул у Le Monde прысвечаны звесткам, якія быццам бы выкралі расійскія хакеры з Еўрапейскага агенцтва па лекавых сродках, а пасля апублікавалі ў даркнэце. Аднак у артыкуле няма паказальнікаў смяротнасці.
Блогераў прасілі акцэнтаваць увагу на тым, што «галоўныя СМІ ігнаруюць гэту тэму, а ўрады многіх краін працягваюць купляць вакцыну Pfizer, якая небяспечная для здароўя людзей».
Таксама былі патрабаванні, каб матэрыял быў паказаны як уласны незалежны погляд блогера, а не кімсьці прафінансаваны.
Скрыншоты перапіскі з агенцтвам апублікаваў Лео Грасэ — папулярны французскі відэаблогер з 1,2 мільёна падпісантаў на ютубе.
C'est étrange.
J'ai reçu une proposition de partenariat qui consiste à déglinguer le vaccin Pfizer en vidéo. Budget colossal, client qui veut rester incognito et il faut cacher la sponso.
Éthique/20. Si vous voyez des vidéos là dessus vous saurez que c'est une opé, du coup. pic.twitter.com/sl3ur9QuSu
Грасэ адзначыў, што агенцтва прапаноўвала вялікі бюджэт, але адмовілася называць рэкламадаўцу.
Французскія СМІ ўказалі на падабенства паміж паведамленнямі агенцтва і афіцыйным акаўнтам расійскай вакцыны, дзе неаднаразова сцвярджалася, што вектарныя вакцыны, якімі з’яўляюцца Sputnik V і AstraZeneca, больш эфектыўныя і бяспечныя, чым РНК-вакцыны, да якіх адносіцца Pfizer.
Каментары