Улада

Хто такая Вольга Карач, якая хоча падсядзець Ціханоўскую?

Апошнія некалькі месяцаў Вольга Карач вядзе вельмі агрэсіўную рыторыку — яе шмат, яна рэзкая, вядзе папулярны ютуб і шмат крытыкуе набліжаных да Святланы Ціханоўскай. У чым феномен Карач і чаго яна дамагаецца? Паспрабавалі адказаць на гэтыя пытанні ў нашым матэрыяле.

Вольга Карач. Фота «Наш дом».

Пры падрыхтоўцы артыкула мы паразмаўлялі з многімі знаёмымі Вольгі. Адны сутыкаліся з ёй у Віцебску, іншыя — па працы ў «Нашым доме», трэція пазнаёміліся толькі цяпер. Усе пагаджаюцца, што гэта дастаткова незвычайная асоба. Незразумелыя толькі мэты — наколькі яны канструктыўныя і ці нясуць за сабой рэальнае жаданне змен.

«Сёмая грань»

Вольга Карач нарадзілася ў 1979 годзе ў Віцебску ў рабочай сям’і. Гэтай старонкай біяграфіі яна заўсёды ганарылася. Прыкладна як і тым, што слухае расійскі шансон. Скончыла школу з залатым медалём, а Віцебскі педуніверсітэт — з чырвоным дыпломам. Па адукацыі настаўніца рускай мовы і літаратуры.

У бландзінку Карач перафарбавалася, каб разбураць стэрэатыпы пра іх. Фота «Наш дом».

Калісьці марыла стаць пісьменніцай, хацела напісаць іранічны дэтэктыў пра апазіцыйнае змаганне. Друкаваліся невялікія апавяданні і вершы. Яшчэ будучы студэнткай заснавала літаратурную арганізацыю «Сёмая грань».

Фактычна на той момант, у канцы 90-ых, былі два цэнтры актыўнага моладзевага жыцця Віцебска — гэта «Сёмая грань» і Цэнтр моладзевых ініцыятыў «Контур», які ўзначальваў Юрась Корбан. Адносіны ў Карач і Корбана не надта ладзіліся. Юрась заўжды стаяў на беларускіх патрыятычных пазіцыях, вакол Карач гуртавалася рускамоўная моладзь.

Юрась Корбан таямніча знікне ў пачатку 2000-х, пра яго лёс па сёння няма ніякай пэўнасці. А «Сёмая грань» Карач фактычна перарасла ў віцебскую філію «Зубра», якую яна і ўзначальвала.

У 25 гадоў стала дэпутатам гарсавета

У адрозненне ад большасці «зуброў», якія канцэнтраваліся выключна на вулічнай актыўнасці, Вольга бачыла сябе ў якасці палітыка. У 2004 годзе яна выйграла выбары ў Віцебскі гарсавет. Яе канкурэнтамі былі галоўны доктар паліклінікі і кіраўнік ЖЭСа, але перамагла Карач — на той момант 25-гадовая настаўніца.

Карач казала, што праца ў гарсавеце навучыла яе глядзець на многія рэчы па-іншаму. Напрыклад, што не ўсё заўсёды залежыць ад чыноўнікаў, калі даводзіцца працаваць з пустым бюджэтам.

У лістах да яе часцяком пісалі просьбы расстраляць таго ці іншага чалавека. «Спачатку да мяне ставіліся не вельмі сур’ёзна: дзяўчынка нейкая 40-га памеру, я не магу простай масай прымусіць іх да сябе прыслухоўвацца. Але пасля таго, як некалькі разоў выступіла, мяне пачалі паважаць».

Муж, дзеці

Вольга Карач ужо амаль 20 гадоў замужам за віцебскім журналістам Алегам Баршчэўскім, пляменнікам вядомага перакладчыка Лявона Баршчэўскага. Яны калісьці разам рабілі літаратурны часопіс, а потым пабраліся. Цікава, што сведкам на вяселлі быў Павел Севярынец — сябра дзяцінства Алега.

Вольга Карач і Алег Баршчэўскі з першынцам Святаславам.

У пары двое дзяцей — Святаслаў і Марыя. Сын нарадзіўся ў 2014 годзе ва Украіне падчас Еўрамайдана. Добрыя знаёмыя Карач кажуць, што ніводнага дня не памятаюць яе цяжарнай. Аднак сама Вольга кажа, што не звярталася да сурагатнага мацярынства.

Выхаваннем дзяцей у асноўным займаюцца бацькі Вольгі. Сама Карач прызнавалася, што не ўмее гатаваць, а вось яе мама — кухар з 35-гадовым стажам.

У Вольгі хвароба Бехцерава (цяжкая хвароба хрыбта), сама яна казала, што быў перыяд, калі амаль не магла хадзіць. «Я страціла надзею, ляжала і нічога не хацела. І вось мой муж падыходзіць да мяне і кажа: «Вольга, у цябе самы кепскі характар з усіх людзей, каго я ведаю. І я не веру, што з такім характарам ты зможаш узяць і змірыцца».

Жыццё ў Вільні

Ужо амаль дзесяцігоддзе Карач жыве ў Вільні. Доўгі час яна ўвогуле не прыязджала ў Беларусь, тлумачыла гэта пытаннямі бяспекі пасля таго, як у Фрунзенскім РУУС Мінска ёй фізічнай расправай і гвалтам пагражаў міліцыянт Дзінас Лінкус. Гэтая гісторыя ў свой час мела вялікі рэзананс.

Спачатку яе офіс у Вільні знаходзіўся ў невялічкім пакоі ля аўтабазы на вуліцы Навагрудскай. Тыя, хто прыязджаў да Вольгі па справах, спыняліся на ноч тут жа, у інтэрнаце для кіроўцаў. Кажуць, гэта было яшчэ тое спецыфічнае месца.

Потым Карач зняла пад офіс і жыллё вялікі катэдж на вуліцы Камялі. Яна тлумачыла патрэбу ў такім вялікім памяшканні тым, што катэдж выкарыстоўваўся як гатэль для яе прыхільнікаў. Людзі спалі там на надзіманых матрацах.

У сталіцу Літвы з часам пераехала ўся сям’я Карачоў і Баршчэўскіх, у тым ліку і бацькі Вольгі. Цяпер у валоданні сям'і ёсць свая маёмасць у літоўскай сталіцы.

«Наш дом»

Галоўным месцам дзейнасці Карач стала ініцыятыва «Наш дом», якая займалася лакальнымі праектамі: грамадскі транспарт, паліклінікі, пад’езды, паркоўкі. Актывам арганізацыі былі як пенсіянеры накшталт Валерыя Шчукіна і сталініста Мікалая Петрушэнкі, так і моладзь, што прыходзіла з АГП і іншых арганізацый. Так, праз шчыльныя кантакты з Карач прайшоў, напрыклад, цяперашні кіраўнік «Альтэрнатывы», палітвязень Алег Корбан.

«Маглі ініцыяваць збор подпісаў за прыборку могілак, за гэта яна плаціла 200 даляраў на месяц», — расказвае былы актывіст «Нашага дома».

Іншы сябра кампаніі кажа, што грошы былі дастаткова някепскімі, нават вышэйшымі за сярэднія ў правінцыі. Выплочваліся яны таксама дастаткова стабільна, затрымак болей за два месяцы амаль не бывала.

«Працаваць было не тое каб лёгка. Дзесьці раз на месяц мы збіраліся ў Мінску. І Вольга пастаянна крытыкавала старыя падыходы ў працы, але не магла растлумачыць, як менавіта трэба працаваць. Яна пастаянна была незадаволеная фарматам», — расказваюць яе старыя знаёмыя.

«Яе любімай фразай было тое, што «палітычныя грошы вельмі лёгкія, а вось трэцясектарныя — цяжкія». Вольга расказвала дзіўную гісторыю, як для нейкага праекта збірала пад Віцебскам на жаночую рыбалку больш за тысячу жанчын. Сур’ёзна?! Канечне, ніхто пра гэта не чуў».

Усе расказваюць, што Карач вельмі пільна ставіцца да справаздачнасці. «Калі яна аддавала табе грошы і там не хапала даць ёй рэшты адзін літ, то носішся пасля па ўсёй Вільні, каб абмяняць і вярнуць назад». «Калі едзеш у камандзіроўку ў любы горад, то чэкі патрэбныя былі аж да бутэлькі з вадой, якую набываеш».

Карач і беларускамоўныя

У Вольгі заўсёды былі не самыя лепшыя адносіны з беларускай мовай, хаця яна валодае ёй і нават часам здольная даваць інтэрв’ю. Аднойчы Карач заявіла амаль у стылістыцы Аляксандра Лукашэнкі, што беларуская мова «недастаткова развітая», бо ў ёй, напрыклад, няма слоў «унітаз» і «стаяк».

У выніку Карач вырашыла, што «хамства — гэта адметная рыса беларускамоўных, у якіх няма аргументаў, а толькі знявагі і мат». Больш за тое, Карач прыйшла да высновы, што сярод прыхільнікаў Лукашэнкі беларускамоўных больш, чым сярод астатніх груп насельніцтва ў працэнтным вымярэнні.

Потым Карач расказвала гісторыю, як колішні кіраўнік віцебскага БНФ Васіль Шалухін абяцаў бабулі-пенсіянерцы выразаць крыж на ілбе, калі прыйдзе да ўлады. Вядома, што гэтая гісторыя не пацвердзілася.

Карач і Расія

Вольга Карач ніколі не хавала сваіх прарасійскіх поглядаў. Напрыклад, на выбары 2015 года яна адмовілася ісці, бо кандыдат ад «Нашага дома» не быў падтрыманы Масквой. Карач бачыць, што вызваленне ад Лукашэнкі можа прыйсці толькі з Усходу. Пры гэтым усё ж адзначым, што яна ніколі не пераходзіла межаў наконт пытанняў незалежнасці краіны.

Пры гэтым Карач актыўна супрацоўнічала з самымі маргінальнымі і радыкальнымі расійскімі СМІ, у тым ліку «Рэгнумам». Іншыя беларускія палітыкі рабіць гэта гідзяцца, а вось для Вольгі тое было цалкам натуральным. Калі за кратамі аказаліся аўтары «Рэгнума» ў Беларусі, то Карач была адзінай у апазіцыйным асяроддзі, хто назваў гэтых людзей палітвязнямі.

Вакол Вольгі Карач доўгі час віхляўся журналіст-махляр Дзяніс Лаўнікевіч, які нават прыдумаў для яе вызначэнне «Княгіня Вольга». Лаўнікевіч браў у Карач каментары амаль у кожным сваім артыкуле для расійскіх СМІ, у тых самых публікацыях фігуравалі і фэйкавыя эксперты, якіх прыдумаў журналіст.

Дзяніс Лаўнікевіч і Вольга Карач.

Ютуб

У сакавіку 2020 года Карач афіцыйна прызналася, што пераехала ў Вільню на пастаянную аснову. Падчас выбараў яна ніяк не нагадвала пра сябе, была незаўважнай асобай у спісе былых палітыкаў, якія калісьці падавалі надзеі.

Аднак сітуацыя імкліва пачала мяняцца ў поствыбарчы перыяд, асабліва ў апошнія месяцы. Вольга цягне коўдру на сябе і гатовая стаць новым лідарам апазіцыі замест Ціханоўскай.

Увосень у ютуб-канал Карач былі ўкінутыя немалыя грошы, яна пачала ўласную раскрутку. Робіць стрымы, дзе простымі словамі гаворыць пра падзеі ў краіне, а таксама інтэрв’ю з гасцямі.

Варта адзначыць, што талент і харызма ў Карач сапраўды ёсць. Яна добра трапляе ў аўдыторыю людзей «за 40», асабліва тых, што жывуць у рэгіёнах. Фактычна ў гэтую самую кропку яшчэ год таму біў Сяргей Ціханоўскі. Карач гаворыць рэзка, метафарычна, у яе моцныя запамінальныя выразы. Напрыклад, гэта яна ўвяла ў абарот выразы «сінепалы» і «былы» ў адносінах Лукашэнкі. Іншым палітыкам варта вучыцца гаварыць такой простай мовай.

Ролікі Карач звычайна набіраюць больш за 100 тысяч праглядаў. У каментарах, як правіла, з ёй толькі пагаджаюцца. Справа ў тым, што многія ўжо заўважылі: Карач не гідзіцца выкарыстоўваць у сваёй працы расійскую фабрыку троляў. Многія такія тролі не надта шыфруюцца, а пішуць прамым тэкстам «Белоруссія».

Наталля Калегава

Карач звязвае даўняе сяброўства з літоўскай бізнэсменкай беларускага паходжання Наталляй Калегавай. Гэта менавіта тая жанчына, якая трапіла ў поле зроку літоўскіх сілавікоў за нібыта махлярскія схемы ў размяшчэнні беларускіх мігрантаў у Літве.

Менавіта з боку Калегавай ад восені ішла вялікая колькасць крытыкі ў бок штабу Ціханоўскай, а таксама фонда BYSOL. Дасведчаныя людзі расказваюць, што Калегава пабудавала сабе імя на сумніўных схемах выдачы дазволаў на жыхарства грамадзянам Беларусі ў Літве праз псеўдапрадпрымальніцкія структуры, якія яна рэгістравала ў вялікай колькасці. Другой крыніцай даходу была здача жылля ў арэнду.

Калегава адразу ўспрыняла ў штыкі новыя палітычныя ўтварэнні, што знайшлі прыстанішча ў Вільні. «Справа ў тым, што гэта фактычна ставіла кропку на яе бізнэсе». Пасля гэтага яна не абмінала магчымасці ўдарыць па Ціханоўскай і яе штабе непасрэдна ці ўскосна, усяляк падрываючы давер да гэтай структуры.

Расказваюць, што была сітуацыя, калі Калегава прапанавала праз яе структуры легалізоўваць грошы, што ішлі на падтрымку рэпрэсаваным. Пры гэтым яна хацела атрымліваць 10%. Зразумела, што з ёй супрацоўнічаць не сталі. Некаторым людзям (не ўсім), якім Калегава дапамагла з’ехаць у Літву, яна прапаноўвала звяртацца па грашовую дапамогу ў BYSOL, пасля чаго плаціць грошы за арэнду ўжо непасрэдна ёй.

Пасля таго, як Калегава трапіла ў фокус расследавання літоўскіх сілавікоў і журналістаў, яна прыцішыла дзейнасць, а вось на першы план выйшла яе сяброўка Карач.

Карач і Ціханоўская

Адметна, што ў штаб Ціханоўскай на першую пару для знаёмства і завядзення супрацы прыязджаў хто заўгодна: Латушка, Пракоп’еў і іншыя, але ніколі не было Карач, хаця яна таксама знаходзіцца ў Вільні.

Агрэсіўную рыторыку Карач пачала выкарыстоўваць у студзені гэтага года. Яна накінулася на дарадцу Ціханоўскай Франка Вячорку за тое, што не была запрошаная на сустрэчу апазіцыйных лідараў у Троках 25-26 студзеня. Гэта пытанне нібыта не дае жыць Карач.

«Я называю яе дзейнасць «тактыкай шаўрмы». Як дасведчаны шаўрмен зразае па кавалачку мяса, гэтак і Карач — мэтанакіравана патрохі спрабуе ўнесці разлад, дыскрэдытаваць кагосьці, часам іншасказальна, часам прама», — кажа суразмоўца «НН».

Карач не нападае наўпрост на Ціханоўскую — бо тая мае занадта вялікі аўтарытэт і карыстаецца даверам беларускага грамадства, — але не спыняецца рабіць наскокі на атачэнне лідаркі апазіцыі. Асабліва шмат дастаецца за ягоную работу Франку Вячорку. Фактычна, Карач усяляк паказвае, што яго каманда ні на што не здатная, а вось яна сама магла б паказаць, як трэба рабіць.

Што тычыцца непасрэдна Ціханоўскай, то і тут у галовы прыхільнікаў Вольга закладвае думку, што сама Святлана нічога не вырашае, што палітыка — гэта не яе справа, фактычна паўтараючы мантры лукашэнкаўскай прапаганды.

Карач і Стрыжак

Асабліва значны канфлікт у Вольгі адбываецца са структурай BYSOL. Карач не прамінае магчымасці крытыкаваць гэтую структуру, хоць часам гэта носіць зусім анекдатычны характар. Напрыклад, яна апавядае сваім прыхільнікам, што кіраўнік «Байсола» Андрэй Стрыжак рабіў усё магчымае, каб Міхаіл Жызнеўскі пасмяротна не атрымаў звання героя Украіны. Хоць усё было дакладна наадварот.

Выкарыстоўваецца любая магчымасць скампраметаваць дзейнасць «Байсола». Нядаўна быў выпадак, калі ў дапамозе было адмоўлена былому рабочаму БМЗ Алегу Шанюку, бо ён не з’яўляўся фігурантам крымінальнай справы, але выстаўляў сябе такім. Цяпер крыўды Шанюка ўсяляк апублічваюць Карач і яе прыхільнікі.

Цікавае дачыненне Карач і да працы тэлеграм-канала «Штаб Аношкі», які бамбіў Стрыжака і кампанію. Менавіта ў Калегавай знайшла прытулак тая самая былая журналістка «Советской Белоруссіі» і сакратарка Стрыжака Святлана Галуза, якая спрабавала выліць кампрамат на «Байсол», толькі гэта нічым не скончылася.

Мэты і сродкі

«Яе мэта відавочная — адсунуць Святлану і стаць аднаасобным фюрэрам», — кажуць суразмоўцы «Нашай Нівы». Карач гатовая будаваць кааліцыю з усімі, хто з ёй гаворыць, а хто не гаворыць, як Ціханоўская, тых будуць метадычна дыскрэдытаваць.

На 8 сакавіка на ютубе Вольгі Карач анансаваўся стрым з лідарамі апазіцыі, у ім узялі ўдзел Вераніка Цапкала, Павел Латушка, Ігар Макар і Вадзім Пракоп’еў.

«Стрым прайшоў зусім не так, як планавалася. Ну рэальна ж, не дзеля таго, каб павіншаваць дзяўчын са святам, яны збіраліся. Але спачатку саскочыў Цапкала, нешта няўцямнае прамовіў Латушка, уражанне, што сцэнар мяняўся проста падчас эфіру. Ціханоўскую ніхто не клікаў прыняць удзел, дый яна і была ў гэты час у Швейцарыі. Уражанне, што такія стрымы з удзелам іншых вядомых асоб будуць працягвацца. І падчас іх могуць абвясціць аб стварэнні новай кааліцыі, маўляў, аб’ядналіся ўсе, хто хацеў, а хто не хацеў — нам і непатрэбныя», — гаворыць абазнаны чалавек.

Нягледзячы на папулярнасць на ютубе, рэйтынгі Карач усё адно застаюцца не надта вялікімі — гэта добра бачна па апытанках у незалежных тэлаграм-каналах. Тым не менш, менавіта Карач спадзяецца стаць лідарам новай кааліцыі.

Што гэта: палітычная авантура ці свядомая гульня на разбурэнне еднасці і знішчэнне аўтарытэтаў? «Здаецца, яна зацікаўленая толькі ў адным: засяродзіць усе крыніцы фінансавання на сабе», — кажа адзін з суразмоўцаў. «Хутчэй за ўсё, авантурыстка. А калі гэта глыбейшая гульня, то мы ўсё адно не даведаемся», — дадае другі чалавек.

Чытайце таксама: «Трэба было прыбраць паразітаў з акружэння Ціханоўскай». Бягун заявіў, што Карач фінансуе канал з кампраматам на Стрыжака і Вячорку

Каментары

Ціханоўская: Перапрызначэнне Лукашэнкі не мае ніякага ўплыву на маю далейшую працу9

Ціханоўская: Перапрызначэнне Лукашэнкі не мае ніякага ўплыву на маю далейшую працу

Усе навіны →
Усе навіны

Пасля смерці Прыгожына наймітам з ампутаванымі канечнасцямі перасталі плаціць пенсіі5

У Беларусі з'явіўся народны паэт12

У Мінску назвалі самыя папулярныя сёлетнія дзіцячыя імёны1

Расійскія настаўнікі на загад беларуса спалілі джынсы, партрэты нобелеўскіх лаўрэатаў і дыскі з Windows4

Расія ў найбліжэйшыя дні можа зноў ударыць «Арэшнікам» па Украіне2

У сірыйскай Латакіі спалілі труну з целам бацькі Башара Асада22

На «востраве педафілаў» у Вялікабрытаніі манахі згвалцілі больш за 50 дзяцей7

Сувязь 5G хутка прыйдзе ў Беларусь, але часу спатрэбіцца шмат1

Перад ударам «Арэшніка» па Дняпры кіраўніцтва Расіі эвакуявалася на Урал2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская: Перапрызначэнне Лукашэнкі не мае ніякага ўплыву на маю далейшую працу9

Ціханоўская: Перапрызначэнне Лукашэнкі не мае ніякага ўплыву на маю далейшую працу

Галоўнае
Усе навіны →