Архіў

Горад з попелу

Пампэі, горад-прывід з каменю, попелу і сонца, горад-напамін, што ўсё на сьвеце апошні раз. Падарожнае эсэ Франца Сіўка.

Трапіць у Італію і ня ўбачыць Пампэі — тое самае, што не спаткацца ў вечным горадзе з папам. Ні першае, ні другой нашай прытомленай лекцыямі групе, на шчасьце, не пагражала. Больш за тое, так сталася, што з ласкі нашых апекуноў абедзьве падзеі меліся адбыцца ў адзін дзень, зь невялікім перапынкам. Ажно занадта, ды хто зазірае ў зубы доранаму каню?

Гэтая досьвітная хвіліна пачатку вандроўкі да жаданага! Яшчэ драбнаваты вясковы спадкаемца насельнікаў колішняй імпэрыі ледзь даў рады раскласьці свой сялянскі тавар у намёце збоч уваходу на тэрыторыю нашага часовага жытла і магнолія пры вокнах страўні не пасьпела як сьлед атрэсьці кроплі ранішняе імжы, як мы, абцяжараныя пакункамі «сухога» харчу ды тэчкамі з «горшым» (пампэйская лава занадта ўедлівая, папярэдзіў гід) абуткам, пасьпяхова ўнікнуўшы агромністых шышак паўднёвае хвоі, што раз-пораз падаюць з дрэў на пляц, вырушаем аўтобусам у няблізкі шлях.

Італьянская дарога — момант спраўджваньня ісьцін з падручніка даўняе гісторыі.

Белавата-шэрым прывідам эпохі брутальнае распусты вымкнецца з хмызу пры шашы і схаваецца зноў у яго чэпкіх абдоймах выкінуты наўздагон нядобрай памяці ўззлаванымі месьцічамі па-за мяжу гораду саркафаг Нэрона.

Пляцоўка з шыхтамі элеганцкіх падробак — скульптурных выяў часоў росквіту антыкі — мільгне перад вачамі і асядзе глыбока ў глуздах пацьвярджэньнем растыражаванага зь лёгкае рукі спадара Расэліні міту аб адкрытасьці Вечнага гораду.

Апіеў бальшак, па якім увайшоў у Рым апостал Пётар, узрушыць і пакіне ў разгубленасьці ад здагадкі, што ўсё гэтак блізка, амаль побач, у суседзтве.

Утульныя, больш падобныя да казачных гарадкі ды мястэчкі выплывуць насустрач аўтобусу з просіні надгор’я і растаюць па-за часам, ускалыхнуўшы душу вярэдліва-пакутлівым пачуцьцём (даруй, божа!) зайздрасьці.

Чысьцюткія штучныя ставы ды басэйны, падманлівае ўвасабленьне экалягічнага раю, пацешаць вока хвіліну-другую і, нібыта не жадаючы браць удзел у бессаромным ашуканстве, саступяць месца за акном брудна-жоўтым стужкам рэчак і раўчукоў.

Адметная рыса ранішняга апэнінскага краявіду — бязьлюдзьдзе на тле ўпарадкаваных, неверагодна акуратных (і калі пасьпяваюць людзі ўрабляць?) палеткаў.

Чародка козаў пасярод нэапалітанскага краявіду — яскравы напамін, адкуль яно ўсё.

Завеса марыва над затокаю, такога густога, што, колькі ні ўзірайся, так і ня ўгледзіш услаўленага безьліччу пёраў ды пэндзляў зваблівага аквамарыну.

Бясконцы, як размовы беларусаў пра лёс роднае мовы, Геркулянум зь відам на Вэзувій — сымбаль заўсёднае рызыкі і наканаванасьці.

Урэшце, Пампэі, горад-прывід з каменю, попелу і сонца, горад-напамін, што ўсё на сьвеце апошні раз.

Шлях ад Марское брамы да ўскраіннай забудовы Пампэі — прагулянка ў вечнасьць працягласьцю ў тры-чатыры гадзіны. Водаправодчык-вынаходнік, архітэктар, пекар ці проста аматар карцінак фрывольнага зьместу — кожны знойдзе сярод руінаў сваё, тое, што абраў за прыярытэт на шляху ў кудысьці.

У Пампэі вечнасьць — рэч цалкам датыкальная. Мазаікі і фрэскі, узрост якіх сягае пад амаль два дзясяткі стагодзьдзяў, мармуровыя балеі, што помняць цяпло сьцегнікоў і сьпін старажытных аматараў камфортнага купаньня, белыя каменьчыкі ў бруку, што сьвяцілі па начах не аднаму пакаленьню палкіх мясцовых донжуанаў падчас шпацыраў да ложка каханкі, малюнкі з выявамі сабак перад уваходам у жытло, ахайна абчасаныя плескачы пасярод вулкі — праезд забаронены! — усё можна пакратаць, памацаць, агледзець з усіх бакоў.

І — лава, лава, лава… Яе так шмат усюды, што яна яшчэ доўга па вандроўцы будзе нагадваць пра сябе шараватым налётам на чаравіках. Попел, пасланы Богам (існуе і такая вэрсія) жыхарам дваццацітысячнага гораду дзеля пакараньня за легкадумнасьць і парушэньне Яго запаветаў.

Трынаццаць зьлепкаў целаў патрыцыяў і іх рабоў, атрыманых у выніку маніпуляцый рэстаўратараў з гіпсам і пустотамі, што ўтварыліся зь цягам часу ў лаве на месцы тых целаў праз стагодзьдзі пасьля таго, як яна накрыла Пампэі, — дакладная ілюстрацыя катастрофы лета 79 г. н.э. і адначасова — напамін аб хуткаплыннасьці жыцьця і нікчэмнасьці людзкіх жарсьцяў ды таго, што мянуецца грамадзкім статусам чалавека.

Пампэі — мудры дарадца, што дапамагае кожнаму, хто меў шчасьце дакрануцца да яго жудаснай мінуўшчыны, хоць на нейкае імгненьне пазбыцца ўсяго таго дробязнага і неістотнага, што перашкаджае жыць.

Пампэі ўзрушаюць і — узвышаюць. Гнятуць і разам з тым — ачышчаюць, высьвечваючы сапраўдны, а ня ўяўны кошт слова, рэчы, учынку.

Пампэі — узор паважлівага стаўленьня люду паспалітага і яго правадыроў да ўласнае этна-культурнае спадчыны. Схаваны ад вока чалавечага цягам больш як паўтары тысячы гадоў пад покрывам сьмерці тоўшчаю пяць-шэсьць мэтраў, рэстаўраваны, наколькі гэта было магчыма, горад стаўся ня толькі ілюстрацыяй прыроднага катаклізму (каго сёньня ім зьдзівіш?), але і сьведчаньнем памкненьня народу да захаваньня сваёй гістарычнай памяці.

Зрэшты, Пампэі — гэта ня толькі руіны старажытных муроў. Ледзь пакінуўшы царства сьмерці, акурат трапіш у горад сучасны, што раскінуўся побач, — ажыўлены, шматлюдны, заняты сваімі штодзённымі клопатамі. Адзін з адметных цэнтраў рэлігійнага жыцьця краіны.

Як Рым — горад вечны, так Пампэі — горад вольны. Вольны перадусім праз наяўнасьць невымернае трагедыі — чыньніка самадастатковасьці, праз адсутнасьць неабходнасьці дбаньня аб дні заўтрашнім — складніка свабоды найвышэйшай, даступнай адно жабракам ды вандроўным паэтам.

Горад-абярэг, што, вандруючы ў аднойчы прыручаным часе, засмучаны тваім духоўным занядбаньнем і празьмернаю прыхільнасьцю да зямных спакусаў, не-не ды і сыпне ў вочы дзеля напаміну пра існае жменю ўедлівага вэзувійскага попелу.

Каментары

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў5

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Усе навіны →
Усе навіны

У сталічным «Паўночным беразе» будуюць першы дзіцячы садок. Якім той будзе2

Бундэсвер: За крушэннем самалёта DHL у Літве можа стаяць Расія4

Даляр упершыню ўзяў планку 3,5 рубля, сёння падаражэўшы на шэсць капеек12

Сапраўдны палац прадаюць пад Мінскам. Плошча — пад тысячу квадратаў, цана — адпаведная8

Сем новаўвядзенняў па пенсіях з 2025 года

Кандыдатам у прэзідэнты Грузіі ад кіроўнай партыі стаў былы футбаліст 

Байдэн памілаваў дзвюх індычак перад Днём падзякі4

Начальнік Генштаба Беларусі назваў запуск «Арэшніка» па Дняпры жэстам добрай волі40

Справу дваровых чатаў маглі прыдумаць самі сілавікі ў рамках «спецыяльнай выбарчай аперацыі»4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў5

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Галоўнае
Усе навіны →