Клясыка Галівуда на вялікім экране
Кананічныя стужкі “Ўсё пра Еву” і “Гукі музыкі”.
У кінатэатры “Перамога” дэманструюцца кананічныя галівудзкія стужкі “Усё пра Еву” (2 траўня, серада) і “Гукі музыкі” (3 траўня, чацьвер). Сэансы а 18.30.
Усё пра Еву (All About Eve)
ЗША, 1950, чорна-белы, 138 хв.
Рэжысэр: Джозэф Леа Манкевіч
Ролі выконваюць: Бэт Дэвіс, Эн Бакстэр, Джордж Сандэрз, Сэлеста Голм, Гэры Мэрыл, Барбара Бэйтс, Мэрылін Манро
Жанр: Драма
Прызы і намінацыі: “Оскары”, “Залаты глёбус”, Канскі фэст.
Састарэлая зорка Брадвэю Марго Чэнінг (Бэт Дэвіс) мае ўсё: славу, сяброў, палюбоўніка. Падабраная на вуліцы тэатралка Ева (Эн Бакстэр) дапамагае Марго ў штодзённых клопатах. Але, насамрэч, Евай (імя скрадзена!) рухае амбітнае жаданьне самой заняць месца Марго Чэнінг. Цынічны крытык Эдысан Дэ Віт (Джордж Сандэрз) вырашае паспрыяць кар’ерыстцы. Ева становіцца таленавітай вучаніцай – і ідзе да вяршыняў славы праз падманы й здраду.
Гэтая карціна здымалася ў часы, калі ў Галівудзе шчэ панавалі актрысы, якія былі болей, чым зоркамі. Бэт Дэвіс – найпершая зь іх. Ейная Марго Чэнінг капрызьлівая, сьцярвозная, уладалюбная – і вялікая. Шыкоўная роля, за якую Дэвіс была вельмі ўдзячная Манкевічу. Надалей такіх зорак ужо не было.
І нат Мэрылін Манро на ўзьлёце сваёй кар’еры (у стужцы прамільгнула ў эпізодзе) – толькі намякае на каралеўскі статус.
Гукі музыкі (Sound of Music)
ЗША, 1965, каляровы, 174 хв.
Рэжысэр: Робэрт Ўайз
Ролі выконваюць: Джулі Эндрус, Крыстафэр Пламэр, Элеанор Паркер, Рычард Гэйдн, Пэгі Вуд
Жанр: Сямейны м’юзыкал
Прызы і намінацыі: “Оскары”, “Залаты глёбус”
Аўстрыя. Канец 30-ых гадоў. Аўдавелы барон (Крыстафэр Пламэр) шукае ў кляштары гувэрнантку для сваіх дзетак. Былая выхавальніца кляштару Марыя (Джулі Эндрус) вучыць дзяцей бачыць прыгажосьць, сьпяваць песьні й ставіць хатнія спэктаклі. У дом прыходзіць сьвятло й супакой. Дый сам барон трапляе пад чары гераіні.
Тым часам Нямеччына анэксуе Аўстрыю…
Карціна Робэрта Ўайза, трапна разьлічаная на ўсіх і на кожнага , узначальвае сьпіс найлепшых м’юзыклаў.
Каментары