Нудна-фэстывальная стужка для асобных крытыкаў.
Фляндрыя (Flandres)
Францыя, 2006, каляровы, 91 хв.
Рэжысэр: Бруна Дзюмон
Ролі выконваюць: Адэалаід Лёру, Самуэль Буадэн, Анры Крэтэль, Жан-Мары Брувар
Жанр: Драма
Адзнака: 6 (з 10)
Гран-Пры Канскага кінафэсту
Фэрмэр Дэместэр корміць сьвіньняў, паша зямлю і забаўляецца ў кустах зь сяброўкай дзяцінства. Дзяўчына без згрызотаў сумленьня сьпіць і зь сябрам Дэместра. Але абодвух адпраўляюць на вайну. У далёкай мусульманскай краіне героі будуць забіваць дзяцей, гвалтаваць жанчынаў – і ўцякаць ад партызанаў. Дэместэр кіне свайго сябра параненым і вернецца да дзяўчыны, каб сказаць, што кахае яе.
Фільм канскага ўлюбёнца Бруно Дзюмона, які ўжо “дабіваў” публіку сваёй “Чалавечнасьцю” і “29 пальмамі” – аскетычна-мінімаліскі і незабыўна нудны.
Чвяканьне бруду пад ботамі рыфмуецца з хліпамі каітусных целаў, адстаронена-пастаральныя пэйзажы зьмяняюцца гвалтоўнымі сцэнкамі, а твары непрафэсійных актораў нічога не выяўляюць. Музыкі няма, гукі вязнуць у цішыні, словы амаль не патрэбныя.
Фэстывальны фільм філёзафа Бруно Дзюмона не разьлічаны на масавую аўдыторыю. Гэта кіно для крытыкаў, якія падзяліліся ў сваіх меркаваньнях.
Пры жаданьні ў карціне можна знайсьці мэтафізычны натуралізм, прыпавесьцевую глыбіню і сацыяльны пратэст, брэхтаўскую адстароненасьць і брэсонаўскі аскетызм, вышукаць намёкі на Дастаеўскага й Русо – і парадавацца за “каліграфічна-цялесную” фотагенію.
І крытыкам анічога болей не застаецца.
Бо як шчэ апраўдаць паўтары гадзіны безнадзейна згубленага часу?
Фільм дэманструецца ў менскім «Доме кіно», як радыкальная канская стужка.
Таксама ў кінатэатрах «Прынцэса», «Тыпу крутыя мянты», «Любоў-морква», «Фантан», «Каралева», «Мост у Тэрабітыю».
Фота з сайту Lenta.ru
Каментары