Меркаванні145145

Швед-«медзведзіроўшчык»: Перасяклі мяжу ў раёне выступу, у Мінску аэрапорт нас выклікаў

Арганізатар дзёрзкага палёту адказаў на пытанні «Нашай Нівы».

Шведы спачатку меркавалі захаваць інкогніта, але недаверлівая рэакцыя шведскіх і беларускіх СМІ вымусіла іх раскрыцца. «Наша Ніва» напісала на мэйл, указаны на сайце шведскай ініцыятывы, што ўзяла на сябе адказнасць за смяротна рызыкоўную акцыю, і нам амаль адразу адказалі. Пэр Кромвэл (Per Cromwell) расказаў, што акцыю планавалі год, пілот атрымаў правы лётчыка толькі тры тыдні таму. Што мяжу перасеклі ў «раёне такога выступу на карце», што сам ён дзяжурыў у Івянцы на машыне і вылецеў у Стакгольм першым рэйсам. Што ў выпадку збіцця машыны меркавалася ўкрыцца ў шведскім пасольстве. Што з самалётам кантактавалі з аэрапортам Мінск-1 па-расейску, і шведы нічога не зразумелі, але ў выніку пабаяліся ляцець над рэзідэнцыю Лукашэнкі, як былі задумвалі спачатку.

Відэа. Дэсант мядзведзікаў над Мінскам:

Першым нашым пытаннем было: ну і як яна, наша сінявокая Беларусь з вышыні птушынага палёту? Уражвае?

— Яны [сябры Пэра, што былі ў самалёце] былі настолькі засяроджаныя на тым, каб даляцець да Мінска, што ні ў што не ўглядаліся. Але калі мы два месяцы таму прыязджалі ў Мінск, каб падрыхтавацца да прылёту на мясцовасці — то так. У вас фантастычна прыгожая краіна.

— Дык вы так доўга і старанна рыхтаваліся?

— Год! Амаль год!

— А дзе мядзведзікаў узялі?

— Праз інтэрнэт купілі і пачапілі на іх цыдулкі.

— Дарэчы, як называецца гэтая мадэль?

— Самалёта?

— Мядзведзіка.

— Гм… Мядзведзь, проста мядзведзь.

— Скажыце, а мяжу заўважылі, калі ляцелі? Неяк рэагавалі беларускія і літоўскія сістэмы паветранага кантролю, армія на тое, што вы перасякалі граніцу ў два бакі?

— Ніяк! І гэта нас уразіла. Калі мы планавалі, то разглядалі як асноўны сцэнар, што нас перахопяць, але ніхто нас не заўважыў. Цікава, што і мяжа Літвы, а гэта значыць і Еўрасаюза, таксама непрыкрытая.

— А дзе канкрэтна самалёт перасёк граніцу?

— Я не ведаю, як называецца тая мясцовасць. Там такі… вялікі выступ на карце, тэрыторыя Літвы паўвостравам уразаецца ў Беларусь. [Дзевянішскі выступ маецца на ўвазе, дзе тэрыторыя Літвы клінам уразаецца ў Беларусь у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці.НН] А пасля там першы гарадок. Не ведаю, як правільна ён вымаўляецца: Івановіч?

— Івянец.

Вось, Івянец. Паводле дамоўленасці, я дзяжурыў у Івянцы на машыне. Бо гэта найбліжэй да мяжы [па запланаванай лініі палёту]. План быў такі: калі іх засякуць, то яны працягвалі б палёт. А калі прымусяць сядаць, то я павінен быў іх падабраць і кіравацца ў бок Мінска, каб паспрабаваць дабрацца да шведскага пасольства.

— Пасольства ведала пра вашу задуму?

— Што вы! Вядома, не. Мы ні з кім не гаварылі пра гэта. Мы нават між сабой баяліся камунікаваць унутры Беларусі, бо баяліся, што спецслужбы перахопяць нашы размовы… Дык вось, Івянец ідэальна пасаваў, каб чакаць [Івянец, калі зірнуць на мапу Беларусі, сапраўды ляжыць амаль роўна на лініі Дзевянішкі — МінскНН]. Але ніхто самалёта не заўважыў і не перахапіў. І ён паляцеў на Мінск.

— Спачатку «Афтанбладэт» — у артыкуле адразу пасля вашага палёту — напісала, што вы скінулі мядзведзікаў на рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі. Але на відэа там не рэзідэнцыя, а поўдзень Мінска.

— Так-так. Напісалі, бо мы планавалі, што даляцім да цэнтра, да рэзідэнцыі, і далі такую інфармацыю журналістам. Там у цэнтры наш чалавек дзяжурыў з фотаапаратам.

— Швед ці беларус?

— Швед. Мы свядома нікога з беларусаў не прыцягвалі да сваёй акцыі, бо разумелі, што за гэта чалавеку можа пагражаць.

Дык вось, на падлёце да Мінска пілота стаў выклікаць аэрапорт, які ў цэнтры горада [аэрапорт Мінск-1НН]. І яны пабаяліся ляцець над рэзідэнцыю.

— Што сказаў аэрапорт пілоту?

— У тым то і штука, што пілот не зразумеў, што яму казалі. Аэрапорт кантактаваўся па-расейску, а пілот расейскай не разумее. Вырашылі не рызыкаваць. Скінулі парашуцікі на жылыя кварталы і паляцелі назад.

— Адразу ў Швецыю?

— Не, па дарозе прызямліліся ў Літве для дазапраўкі.

— У тых самых Пацюнах (Pociunai)?

У тых самых Пацюнах. І спакойна даляцелі назад, і зноў ніхто іх не перахопліваў. І цяпер яны думаюць, што варта было ляцець і на рэзідэнцыю, што нічога не было б.

— Яны вярнуліся ў Літву, а вы?

— А я сходу — у Мінск, у аэрапорт, і першым рэйсам — на Стакгольм.

— І вы хочаце сказаць, што вы самі прыдумалі такі план, што вас не рыхтавалі ніякія спецслужбы? У нас тут ужо некаторыя ствараюць тэорыі, што вас паслаў Пуцін, каб атрымаць аргумент у гандлі з Лукашэнкам.

(Не смяецца.) Ніхто нас не пасылаў. Ніякая дзяржава, ніякі ўрад не ведалі пра нашу задуму. Наадварот, мы страшэнна баяліся, каб нейкая спецслужба не перахапіла нашы перамовы і не сарвала наш план.

Гэта не была проста бравада. Гэта была акцыя падтрымкі апазіцыі ў Беларусі, падтрымкі свабоды слова.

Мы рыхтаваліся, мы прадумвалі. Мы дазналіся, што 3 Ліпеня — гэта свята, і падумалі: на наступны дзень будзе пахмелле, большыя шанцы. Усё адно наш План А заключаўся ў тым, што нас перахопяць і будуць садзіць. Але ніводнага знішчальніка за час пералёту не заўважылі.

— А калі б не садзілі, а збілі? Пра гісторыю з паветраным шарам ведаеце? Завяшчанне напісалі хлопцы?

— (Збіты з панталыку.) Не, завяшчання не пісалі. Але мандраж быў. Яшчэ й які.

— А дзе вы ўзялі самалёт, калі не сакрэт?

— Купілі спецыяльна паўтара месяца назад. За 20 тысяч еўра прыкладна. А зараз мы яго зноў прадамо, мусіць.

— Ужо былі прапановы? Машына ж аказалася надзейная.

— Так (смяецца). Можа нам зараз удасца прадаць яе ўтрыдорага. Але калі будзе цікавасць у нейкага музея, то мы і за 1 еўра аддамо. Усё ж гэта цяпер найперш сімвал барацьбы за свабоду слова. Дый пашкодзілі мы яго.

— Пашкодзілі?

— Мы яго перарабілі: у шкле вырабілі фортку, каб можна было адкрываць і скідаць мядзведзікаў.

— У «Нашу Ніву» акурат звярнуўся чытач, расказаў, што пайшоў шукаць і знайшоў мядзведзіка на даху свайго шматпавярховіка. Што б вы хацелі перадаць гэтаму чалавеку?

— Таму чалавеку і ўсім беларусам, хачу перадаць: вы не адны. Ведайце, што беларусаў не забыліся. Хай сабе сусветныя СМІ больш пішуць пра галівудскіх зорак, а не пра тых, хто сядзіць у турмах, няхай… Ведайце: на Захадзе людзі памятаюць пра беларусаў.

* * *

Пэр Кромвэл — заснавальнік рэкламнага агенцтва «Тотал», якое робіць сабе імя на вось такіх прынцыповых акцыях.

Сказаў, што зараз пойдзе прыме душ і правядзе гэты вечар сам адзін. Бо трэба адпачыць пасля ўсяго.

* * *

Памежнікі вядуць кругласутачны візуальны кантроль паветранай прасторы Беларусі, у апошнія гады парушэнняў не выяўлена. Пра гэта заявілі ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі.

Візуальны кантроль паветранай прасторы праводзіцца з дапамогай спецыяльных прыбораў, якія дазваляюць адсочваць усе нізкалётныя паветраныя мэты, растлумачылі ў Дзяржпамежкамітэце, каментуючы інфармацыю аб самалёце пад кіраваннем грамадзян Швецыі, які нібыта перасёк літоўска-беларускую мяжу.

«Былі выпадкі, калі самалёты несанкцыянавана перасякалі паветраную прастору нашай краіны, але ўсе яны фіксаваліся, і інфармацыя пра іх аператыўна перадавалася сілам супрацьпаветранай абароны для прыняцця рашэння»,

— адзначылі ў Дзяржпамежкамітэце. Аднак у апошнія гады падобных выпадкаў не было.

У памежным ведамстве падкрэслілі, што нават калі б падобнае парушэнне мела месца, то быў бы закрануты гонар дзвюх сістэм СПА: беларуска-расійскай і НАТА, бо паветраную прастору над Літвой патрулююць менавіта сілы альянсу.

У той жа час памежнікі не вядуць кантроль на мяжы Беларусі і Расіі. У дзвюх краін агульная сістэма СПА.

Раней інфармацыю аб несанкцыянаваным перасячэнні літоўска-беларускай мяжы абверглі і ў Міністэрстве абароны Беларусі.

Каментары145

Лукашэнка стаў прадзедам12

Лукашэнка стаў прадзедам

Усе навіны →
Усе навіны

Новая вакцына ад ВІЧ прайшла фінальнае выпрабаванне. Эфектыўнасць — рэкордныя 99%8

У класных журналах будуць звесткі аб месцы працы бацькоў3

У Тбілісі пратэстоўцаў рассеялі на праспекце Руставелі6

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?11

Шольц расказаў, што было ў яго таямнічай валізцы6

Беларускай блогерцы адмовіліся прадаваць рэмень «Луі Вітон». Яна абураная40

Беларусам стане складаней ехаць на заробкі ў Літву. Там змяніліся правілы падачы на ДНЖ

Ігара Кулея звольнілі з пасады кіраўніка рэдакцыі навін «Белсата»22

Як мінімум 56 чалавек загінулі падчас цісканіны на футбольным стадыёне ў Гвінеі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка стаў прадзедам12

Лукашэнка стаў прадзедам

Галоўнае
Усе навіны →