ТВ, 26 сакавіка, панядзелак
АНТ, 23.25
Унутраны космас (Innerspace)
ЗША, 1987, каляровы, 120 хв.
Рэжысэр: Джо Дантэ
Ролі выконваюць: Дэніс Куэйд, Марцін Шорт, Мэг Раян, Кевін МакКарці, Фіёна Льюіс
Жанр: Фантастычная прыгодніцкая камэдыя
Адзнака: 7,5 (з 10)
”Оскар” за адмысловыя эфэкты.
Лейтэнант авіяцыі Так Пэдлтан (Дэніс Куэйд) становіцца “астранаўтам наадварот”. У выніку навуковага экпэрымэнту яго разам з караблём памяньшаюць да мікраскапічных памераў, каб увесьці ў вену труса. Але ў выніку нападу на лябараторыю астранаўт трапляе ў цела іпахондрыка (комік Марцін Шорт).
Пакуль ня скончыцца кісларод, герой мусіць знайсьці павелічальны чып, разабрацца з ворагамі і памірыцца са сваёй любай. Няшчаснага іпахондрыка гэныя пляны зусім ня радуюць.
У 1966 годзе ў “Фантастычнай вандроўцы” Рычард Флэйшэр ужо зьдзівіў гледачоў прыгодамі ў чалавечым целе. Выхаванец “караля B-movie” Роджэра Кормэна й пратэжэ Стывэна Сьпілбэрга Джо Дантэ (“Грэмліны”, “Вой”) ня толькі агаломшвае сучаснымі візуальнымі трукамі, але й дасьціпна, па-постмадэрніску грае з фантастычным і прыгодніцкім жанрам.
Гангстэры-шпегі, пераўтвораныя ў злых лялек (фільмы халоднай вайны й традыцыі Тода Браўнінга), глямурны каўбой-псыхапат (вэстэрны й Джэймз Бонд), недарэка, які спрабуе быць супэргероем (крутыя баевікі) – і цытаты з “Алісы ў краіне цудаў” як пароль…
Відовішча, сьмех і прыгоды – пасьпяховая формула Джо Дантэ.
Фота з сайту Kinopoisk.ru
Каментары