"Сахара" і "Шчасьлівая лічба Слэвіна"
Прыгодніцкі фільм "Сахара" і крымінальная драма Пола МакГігана.
БТ, 22.05
Сахара (Sahara)
ЗША - Гішпанія, 2005, каляровы, 127 хв.
Рэжысэр: Брэк Эйснэр
Ролі выконваюць: Мэцью МакКонахі, Стыў Зан, Пэнэлёпа Круз, Ламбэр Ўілсан, Глін Турман, Дэлрой Лінда
Жанр: Прыгоды
Адзнака: 5 (з 10)
«Сахара» — старое добрае прыгодніцкае кіно, якое ні на што не прэтэндуе, але й не прымусіць гледача сумаваць.
Для прыгод неабходны тайны, скарбы, пошукі, экзатычныя краіны, ворагі (зямныя варыянты цмокаў і Кашчэяў Бесьсмяротных), бойкі, атракцыёны з элемэнтамі рамантычнай гісторыі ды камічнымі пэрсанажамі.
У карціне «Сахара» ўсе гэтыя складнікі маюцца, зьмяшаныя ў добрай прапорцыі, і гарантуюць дзьве гадзіны лёгкага адпачынку.
Падводны археоляг Дырк Піт (Мэцью МакКонахі) шукае амэрыканскі карабель часоў Грамадзянскай вайны 1861—1865 гг. у афрыканскай пустыні (чаго карабель заплыў у пустыню — няважна). Адначасова лекар Эва Рохас (Пэнэлёпа Круз) сутыкаецца з эпідэміяй. Ёй трэба знайсьці крыніцу атруты — і шляхі герояў сыходзяцца.
Адразу ўзгадваюцца клясычныя «Індыяна Джонз» і «Раман з каменем», але «Сахара» не спакушаецца на чужыя ляўры: ёй дастаткова сваіх жанравых і прафэсійна-роўных атракцыёнаў.
Уцёкі й бойкі на катэрах, злачынны завод па перапрацоўцы таксычных адкідаў (Індыяна Джонз, Джэймз Бонд і «Грынпіс» у адным фляконе), патаемны штурм цягніка на вярблюдах, выбухі, золата ў бочках. Стары самалёт пераўтвараецца ў яхту на колах — адмыслова для афрыканскіх барханаў (фільм здымаўся ў Марока), а пустыня ашчэрваецца сакрэтнымі люстэркамі схаванае фабрыкі.
Рамантычная лінія паміж героямі МакКонахі і Круз ледзьве пазначаная й не перашкаджае атракцыёнам (а ў бойках лекарка не саступае спэцыяльнаму агенту).
Прыгода ідзе за прыгодай, і «Сахара» — кіно нясумнае, жанрава-вытрыманае й відовішчнае.
Добры адпачынак для ўсёй сям’і на выхадныя.
НТВ, 23.10
Шчасьлівая лічба Слэвіна (Lucky Number Slevin)
ЗША, 2006, каляровы, 109 хв.
Рэжысэр: Пол МакГіган
Ролі выконваюць: Джош Гартнэт, Брус Ўіліс, Морган Фрымэн, Бэн Кінгсьлі, Стэньлі Тучы, Люсі Лю, Олівэр Дэвіс
Жанр: Крымінальная драма
Адзнака: 7,5 (з 10)
Небараку Слэвіна прымаюць за зьніклага сябра, які вінен мафіі вялікія грошы. У якасьці аплаты пазыкаў Слэвіну прапануюць забіць сына аднаго з гангстэраў…
Крымінальная драма Пола МакГігана ўдала грае на супярэчнасьцях: кожны герой ня той, кім здаецца. Кіраўнік негрыцянскай мафіі (Морган Фрымэн) – ветлівы шахматыст, ягоны канкурэнт (Бэн Кінгсьлі) – гангстэр-рабін (!), а легкадумная суседка героя – мэдычны экспэрт і аматарка вышукаў.
У гэтай кампаніі Слэвін (Джош Гартнэт) – зусім не трагікамічны расьцяпа, як можна было меркаваць. Недарэчнасьці завершацца жорсткай расплатай – і толькі Брус Ўіліс (прафэсійны кілер "Добры сабака") прадэманструе намёкі на прабачэньне.
Пол МакГіган вядомы глючным "Кіслотным домам", але ў гэтай карціне рэжысэр псыхадэлічнымі вымудрыкамі не злоўжывае. Уся ўвага – трапным пэрсанажам-маскам і ўдалым сюжэтным падстаноўкам.
МакГігана папракалі, што ён не такі мізантроп – як Тарантына, і не такі гуманіст – як Хічкок. Але забаўляльнае кіно ён робіць з годнасьцю.
Каментары