Абарона Лужына і Фядот-стралец
24 лютага на тэлеканалах экранізацыя рускай клясыкі “Абарона Лужына” і рэдкі жанр кіналубка-гратэску “Паданьне пра Фядота-стральца”, таксама на экранах “Адданы садоўнік”, “Шыза” і “Пад гіпнозам”
Лад, 18.55
Паданьне пра Фядота-стральца (Сказ про Федота-стрельца)
Расея, 2002, каляровы, 102 хв.
Рэжысэр: Сяргей Аўчароў
Ролі выконваюць: Канстанцін Вераб’ёў, Андрэй Мягкоў, Уладзімер Гасьцюхін, Вольга Пашкова, Натальля Шчарбакова, Вольга Волкава, Алена Габец, Віктар Сухарукаў, Сяргей Данцоў
Жанр: Кіналубок-гратэск паводле аднайменнага паданьня Леаніда Філатава
Адзнака: 7 (з 10)
Стары бяздомны распавядае паданьне пра Фядота-стральца. У казачна-гратэскнай краіне цар (Андрэй Мягкоў) дае заданьні зухаватаму маладцу Фядоту. Сакавітая (і вершаваная!) мова Леаніда Філатава, пэрсанажы казак з сучаснымі звычкамі, кплівы гратэск. Тлустыя русалкі, гнуткая ахвяра для ўсіх катаваньняў, цар-недарэка і п’яныя, якія не адрозьніваюцца ад забітых… Але на зьмену пэрсанажам рускай казкі прыйдуць Фрэдзі Кругеры, панкі й Супэрмэны.
Сяргей Аўчароў – адзіны расейскі рэжысэр, які сьвядома працуе ў жанры лубка, народнай пацешкі й фальклёрнага паданьня (“Нескладуха”, “Яно”, “Барабаніяда”, “Ляўшун”). Ягоны мастацкі сьвет сатырычны, эксцэнтрычны, трагікамічна-гратэскны – і ні на што не падобны.
НТВ, 22.05
Шыzа (Шиzа / Шиза)
Казахстан – Расея – Францыя – Нямеччына, 2004, каляровы, 86 хв.
Рэжысэрка: Гульшат Амарава
Ролі выконваюць: Алжас Нусупбаеў, Вольга Ландзіна, Эдуард Табішаў, Віктар Сухарукаў, Гульнара Ераліева, Нуртай Канагат
Жанр: Драма
Шыза – мянушка 15-гадовага хлопца, які жыве з маці й ейным палюбоўнікам Сакурам. Грошы, улада, жанчыны, цынічнае стаўленьне да людзей – гэта жыцьцё Сакуры, які зарабляе кулачнымі баямі. Гэты сьвет, прываблівае й Шызу. Але калі на рынгу забіваюць чалавека, жыцьцё героя зьмяняецца. Хаця ў яго невялікі розум, але вялікае сэрца…
Карціна дэманстравалася на “Лістападзе”-2004.
АНТ, 23.00
Пад гіпнозам / Доктар Сон (Doctor Sleep)
Вялікабрытанія, 2002, каляровы, 108 хв.
Рэжысэр: Нік Ўілінг
Ролі выконваюць: Горан Вісьніч, Пэдзі Консідайн, Шырлі Гендэрсан, Міранда Ота, Корын Рэдгрэйв, Клэр Рушбрук
Жанр: Акультна-містычны трымценьнік
Адзнака: 5 (з 10)
Доктар Стротэр, які працуе нелегальна, здольны чытаць вобразы ў снах загіпнатызаваных пацыентаў. Дапамагаючы кінуць паліць сьледчай Лозі, ён бачыць дзяўчынку, якая тоне. Лозі расшуквае маньяка, але дзіця, якое вырвалася з рук забойцы, маўчыць. Доктар Стротэр вырашае дапамагчы. Але сьледзтву прыйдзецца сутыкнуцца з сатанізмам, чорнай магіяй і перасяленьнем душаў.
Незаўважны страшны фільм з малавядомымі акторамі (дый ня вельмі зграбнаю рэжысурай!) цікавы асобнымі сюжэтнымі паваротамі… і гіпнозам, які зьяўляецца таемнай зброяй кінаэкрана.
АНТ. 00.00
Абарона Лужына (The Luzhin Defence)
Францыя – Вялікабрытанія, 2000, каляровы, 109 хв.
Рэжысэр: Марлін Горыс
Ролі выконваюць: Джон Туртура, Эмілі Ўотсан, Джэральдзін Джэймз, Сьцюарт Ўілсан, Крыстафэр Томпсан
Жанр: Драма паводле аднайменнага раману Ўладзімера Набокава
Адзнака: 6 (з 10)
Ён – геніяльны шахматыст, які засяроджаны на гульні. Ягоная любоў да жанчыны – адзінае, што прывязвае да рэальнага сьвету. Але ў шахматную гульню ўмешваецца жорсткая рэальнасьць, а каханьню перашкаджаюць шахматныя трызьненьні.
Джон Туртура, які ўжо аднойчы граў пэрсанажа на мяжы ўяўнага й рэальнага сьвету (“Бартан Фінк”) – пранізьліва паказвае засяроджанасьць і самоту, непрыстасаванасьць, закаханасьць і крохкасьць, якая мяжуе з вар’яцтвам. Смак раману перадае й атмасфэра эпохі – з састарэла-чыннымі строямі, падстрыжанымі газонамі і музыкай Шастаковіча.
Каментары