Вясёлы тыраназаўр і іншыя цацкі
Уначы ажываюць экспанаты Музэя натуральнай гісторыі. Шкілет тыраназаўра ганяецца за косткай, цацачныя рымскія легіянэры б'юцца з каўбоямі Дзікага Захаду, а стод з вострава Пасхі патрабуе жуйкі.
Ноч у музэі (Night at the Museum)
ЗША, 2006, каляровы, 107 хв.
Рэжысэр: Шон Леві
Ролі выконваюць: Бэн Стылер, Робі Ўільямз, Дык Ван Дайк, Мікі Руні, Джэйк Чэры, Біл Кобз
Жанр: Камэдыя для сямейнага прагляду
Адзнака: 5 (з 10)
У недарэкі Лары ўсё складваецца блага: згубіў працу, разьведзеная жонка адхіляе яго ад сына, а сам сын ганарыцца айчымам-брокерам.
Апошнім шанцам Лары становіцца праца… начнога вартавога ў Музэі натуральнай гісторыі. Уначы экспанаты музэю ажываюць і пачынаецца такое…
Карціна Шона Леві – ідэальная камэдыя для дзяцей. Дый сам дарослы герой вядзе сябе, як гарэзьлівае дзіця, якому трэба знайсьці агульную мову са шкілетам тыраназаўра, накарміць стода з Пасхі жуйкай і даць стратэгічнае заданьне цацачным рымскім легіянэрам.
Звычайна экспанаты ажывалі ў карцінах жахаў (варта прыгадаць шматлікія “Музэі васковых фігураў”). Гэная – камэдыя, галоўныя прылады якой уцёкі, выспяткі, грымасы – і іншыя прыгоды ў кампаніі са львамі, Атылай, вікінгамі, найшкадлівейшай малпай і забранзавелым Калюмбам.
Бэн Стылер (“Знаёмства з Факерамі”) – падае, скача, абураецца, даганяе – і хаця болей складаных задачаў фільмам не прадугледжана, для дзіцячага кіно гэта самае то. Робін Ўільямз, які ўжо трапляў у нерат з карцінаю “Джуманджы” – тут зьяўляецца васковаю статуяй Тэадора Рузвэльта, які дае герою каштоўныя парады й дапамагае яму з навядзеньнем парадку.
А будзе шчэ чароўны эгіпецкі артэфакт (галоўная прычына ажыўленьняў), бадзёрыя старыя рабаўнікі – і буйная радасьць сына Лары.
Пасьля стужкі амэрыканцы штурмуюць Музэй натуральнай гісторыі, а залі поўняцца гледачамі.
У Менску з 12 студзеня 2007 г.
Каментары