Пясочак для прынца Персіі
«Прынц Персіі» цяпер скача па кінаэкранам.
ЗША, 2010, каляровы, 116 хв.
Рэжысёр: Майк Ньюэл
Ролі выконваюць: Джэйк Джыленгал, Гема Артэртан, Бэн Кінгслі, Альфрэд Маліна, Стыў Тусант, Тобі Кебел
Жанр: Прыгоды мяча і магіі паводле аднайменнай відэагульні
Адзнака: 5 (з 10)
Усыноўлены каралём прынц Дастын набывае ў захопленым горадзе магічны кінжал, здольны паварочваць час. Але за кінжалам і самім прынцам палююць забойцы, якія мараць авалодаць усім светам. Герой разам з прынцэсай Тамінай мусіць абыграць лёс.
Карціна Майка Ньюэла — экранізацыя папулярнай аркаднай гульні. Фірмовыя трукі гульні — акрабатычныя скокі — напоўніцу захаваныя ў фільме. Дададзены адмысловыя эфекты — шкляна-пясчаныя буры, драпежныя змеі і вогненныя катастрофы.
Касцюмная раскоша магічнага Усходу абавязана цешыць вока, лётаюць мячы, стрэлы і дроцікі.
Маецца нават і нескладаны сюжэт, што для экранізацыі гульні — заўжды галаўны боль.
Прадусар стужкі Джэры Брукгеймер яўна хацеў паўтарыць поспех «Піратаў Карыбскага мора». Але прыгодаў прынца замала, каб Джыленгал, Кінгслі і камічны Альфрэд Маліна, паспелі напоўніцу праявіць свае здольнасці. Прыгодніцкія атракцыёны багатыя і відовішчныя, але сціплыя трукі з гульні выглядалі жывей.
Каментары