Цяпер на кожным спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы дадасца яшчэ адзін глядач, праўда, віртуальны: сам Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч), піша «Звязда».
У тэатры ў яго з’явілася пастаяннае месца — тое самае, на якім ён пры жыцці любіў сядзець. Калі паглядзіце на левую ложу, убачыце крэсла з шыльдачкай і партрэт класіка.
«Месца Янкі Купалы» — сумесны праект Купалаўскага тэатра і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, якія 13 верасня падпісалі дамову аб супрацоўніцтве. Дата падпісання дамовы і адкрыцця «Месца Янкі Купалы» выбрана невыпадкова: 104 гады таму пачаў сваю дзейнасць Беларускі дзяржаўны тэатр, сённяшні Купалаўскі.
Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская перадала кіраўніку тэатра ліст сучасніцы Івана Луцэвіча Ларысы Гарэцкай, у якім якраз і згадваецца, што Пясняр звычайна сядзеў у тэатры ў левай ложы, ля самой сцэны.
«Месца Янкі Купалы» было ўрачыста адкрытае ягоным стрыечным унукам — Віктарам Аўлачынскім. У гэты дзень у тэатры была прэзентаваная яшчэ адна навінка — галерэя знакамітых купалаўцаў, створаная па ініцыятыве галоўнага мастака тэатра, народнага мастака Беларусі Барыса Герлавана. Сярод тых, чые партрэты будуць вітаць гледача — Фларыян Ждановіч, Еўсцігней Міровіч, Стэфанія Станюта, Галіна Макарава, Леў Літвінаў, Валерый Раеўскі ды іншыя асобы, што адыгралі вялікую ролю ў станаўленні беларускага тэатральнага мастацтва і стварылі славу Купалаўскага тэатра.
-
У сталічнай школе зафарбавалі размалёўкі на нацыянальную тэматыку. Не стала Купалы, Скарыны і Гусоўскага
-
У сацсетках усплыла карціна Бялыніцкага-Бірулі. Не ўсе вераць, што акадэмік мог маляваць так
-
«З задавальненнем сыграла б Калеснікаву». Святлана Зелянкоўская — пра новыя ролі, Міхалка і тое, як заваблівалі вярнуцца ў Беларусь
Каментары