«На вякі вечныя». Пра што будзе сумесны беларуска-кітайскі фільм з такой назвай?
Сталі вядомы некаторыя падрабязнасці сумеснага фільма, які «Беларусьфільм» будзе здымаць з кітайскімі партнёрамі.
Кінастудыя «Беларусьфільм» і кампанія па вытворчасці кіно і тэлебачання правінцыі Сычуань (Sichuan Blue Eyes Film and Television Culture Media) падпісалі дамову аб стварэнні мастацкага фільма «На вякі вечныя». Генеральным прадзюсарам і галоўным рэжысёрам фільма будзе генеральны дырэктар кітайскай кампаніі Лэй Хань.
Некаторыя падрабязнасці Лэй Хань і генеральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Юрый Аляксей расказалі ў эфіры канала «Культура» Беларускага радыё.
Па словах Аляксея, падрыхтоўчыя работы вяліся каля паўгода, быў напісаны сцэнарый. З 24 па 26 жніўня на базе «Беларусьфільма» Лэй Хань будзе праводзіць кастынг. Аляксей запэўніў, што палова артыстаў, занятых у фільме, будзе з Беларусі. Галоўную мужчынскую ролю будзе граць беларус, жаночую — кітаянка.
Фільм коратка апісваецца так: «Двое маладых людзей, якія выхоўваліся ў разных краінах і культурах, адпраўляюцца ў складанае падарожжа».
У фільме будзе дзве часткі — гістарычная і сучасная. У першай будуць паказаны часы Другой сусветнай вайны, калі савецкія (у тым ліку і беларускія) добраахвотнікі дапамагалі кітайцам змагацца з японскай агрэсіяй.
Сцэнарый напісаны кітайскім бокам. Па словах Лэй Ханя, які прымаў актыўны ўдзел у яго стварэнні, «галоўная задача — паказаць, што супрацоўніцтва і ўзаемасувязь паміж жыхарамі Беларусі і Кітая мае глыбокія карані».
Здымкі будуць праводзіцца як у Беларусі, так і ў Кітаі. Галоўнымі лакацыямі ў нашай краіне стануць Мінск, Брэст і Белавежская пушча. У Кітаі здымаць будуць у сталіцы правінцыі Сычуань Чэньду, самым вялікім горадзе Кітая Чунцыні а таксама пакажуць Ухань, які для кітайцаў з'яўляецца вельмі важным гістарычным месцам.
Работу над фільмам плануюць скончыць у снежні 2025 года.
Каментары