Грамадства3434

«Іх дэпартуюць, візы анулююць». Каля 40 беларускіх турыстаў, што ехалі ў Іспанію, затрымалі ў Германіі

Каля 40 турыстаў з Беларусі, якія ехалі на аўтобусе ў Іспанію з грэчаскімі шэнгенскімі візамі, затрымалі ў Нямеччыне. Папярэдняя прычына — парушэнне правілаў выкарыстання віз. Пра гэта «Люстэрку» распавялі некалькі крыніц. Цяпер беларусам пагражае дэпартацыя і нават забарона на ўезд у ЕС. Вось што вядома. 

Паводле інфармацыі «Люстэрка», каля 60 турыстаў адправіліся на аўтобусе ў тур ад фірмы Interlux.

Як пазначана на яе сайце, стартавалі турысты 19 жніўня з Мінска, пункт прызначэння — Іспанія, узбярэжжа Міжземнага мора.

Фактычна аўтобус выехаў з Беларусі ў Латвію (каб аб'ехаць чэргі), далей праехаў тэрыторыю Польшчы — у гэтых краінах праблем не ўзнікла.

Далей яны накіраваліся ў Нямеччыну, і на мяжы з Польшчай быў пашпартны кантроль.

Падчас яго затрымалі каля 40 чалавек. З аўтобуса знялі тых беларусаў, у каго была першая паездка па грэчаскай шэнгенскай візе.

Па словах нашай крыніцы, грэчаскія візы падарожнікам дапамагла аформіць турфірма, «бо толькі іх і было рэальна атрымаць». За гэта яны плацілі 400 рублёў.

Тыя, для каго ўезд быў паўторным, змаглі прадоўжыць падарожжа. А затрыманых змясцілі ў паліцэйскі ўчастак у горадзе Франкфурт-на-Одэры. Яны там знаходзяцца ўжо больш за суткі.

Што гавораць у туркампаніі?

Як звычайная грамадзянка журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў Interlux. Там пацвердзілі, што турыстаў сапраўды затрымалі. І зараз кампанія на сувязі з імі.

Па паведамленні крыніцы, туркампанія імкнецца дапамагчы затрыманым турыстам і паабяцала пакрыць усе грошы за сапсаваны адпачынак.

Што гавораць у пасольстве?

— Мы займаліся гэтым пытаннем, нямецкая паліцыя нам абяцала, што да вечара ўсіх адпусцяць, — сказалі ў пасольстве Беларусі ў Германіі журналістцы «Люстэрка», якая звярнулася туды як фізічная асоба.

Па іншыя падрабязнасці суразмоўца адправіла да консула. Прадставіўшыся беларускай, у якой маці з грэчаскай візай адпраўляецца ў тур па Еўропе, журналістка «Люстэрка» распавяла, што чула пра такое затрыманне, і спытала, што рабіць у выпадку, калі ўжо набыты тур. Консул пацвердзіў, што затрымалі беларусаў, якія мелі першы ўезд па грэчаскай візе.

— У каго была першая паездка, тых знялі. З 62 чалавек больш за 20 паехалі далей, — сказаў ён. — Выявілі прынцыповасць немцы.

Як нямецкая паліцыя вызначыла, што гэта нямэтавы ўезд і турысты, напрыклад, не накіроўваюцца ў Грэцыю? Консул растлумачыў, што яны праверылі дакументы вадзіцеляў, а таксама апыталі пасажыраў.

— Яны апыталі ўсіх, людзі шчыра сказалі, што едуць у Іспанію. Паглядзелі дакументы вадзіцеляў, убачылі, што напрамак зусім не грэцкі. Ды і Грэцыя крыху ў іншым напрамку, першапачаткова ўжо падазрэнні ўзнікаюць, — сказаў дыпламат.

— А якое пакаранне за гэта?

— Іх дэпартуюць. Візы анулююць і дэпартуюць. Не ведаю (трэба будзе потым удакладняць), з забаронай на ўезд ці не. Але нам паліцыя напісала, што візы ануляваныя. Сёння вечарам турфірма аўтобус ім дасць і іх у Беларусь адвязе.

— Гэта значыць, могуць яшчэ і забарону на ўезд накласці?

— Мы запыт рабілі, каб яны [паліцыя] растлумачылі, за што затрымалі. Яны палічылі гэта ўездам не па прызначэнні і адказалі, што гэтыя дзеянні падпадаюць пад крымінальны пераслед. У нашых грамадзян шмат такіх сітуацый, але звычайна па 1-3 выпадкі. Але каб тураўтобус [затрымалі], такога не было.

Па словах консула, у такой сітуацыі лепш шукаць іншыя варыянты. Калі зараз паехаць у Нямеччыну з візай іншай дзяржавы і гэта будзе першая паездка — «могуць быць праблемы».

— Я памятаю, 10 гадоў таму зыходзілі з таго, што пры адкрыцці візы трэба ўпершыню ўязджаць у тую краіну, праз пасольства якой ты атрымаў шэнген. Потым гэта неяк усё знікла, — тлумачыць дыпламат. — І калі было ўсё добра, быццам на гэта ўвагі не звярталі. Больш за тое, наколькі я ведаю, нават самі консулы ў той далёкі час казалі: так-так, можна ехаць, умоўна кажучы, калі візу вам далі ў Літве, нічога, можна ехаць у Балгарыю адпачываць.

Але гэтае правіла нікуды не знікла, яно заўсёды заставалася. Проста на нейкім этапе яно сцерлася, турфірмы перасталі папярэджваць. Крыху проста на гэта перасталі зважаць іншыя краіны. Але… Крыху іншы час, таму вырашылі праявіць прынцыповасць. Турфірма сказала, што ўсё, больш у такіх сітуацыях праз Нямеччыну ехаць не будзем. Але я кажу, глядзіце, каб іншыя краіны так не пачалі рабіць.

Каментары34

  • Снова здорово
    21.08.2024
    Он же сам вам говорит: у наших граждан много таких ситуаций, но обычно 1-3 за раз. Это не новость ни для консула, ни для тех, кто ездит автобусами: на немецкой границе высаживали пассажиров с греческой визой и 20, и 10 лет назад. И времена тут не причём. Немцы просто такие дотошные. Турфирма тоже не могла не знать, что не пустят немцы с греческой визой, о чем думали? Надеюсь, людям компенсируют всё.
  • Хамон, заняткі па сада-маза...
    21.08.2024
    Ну гаварылі ж тут ужэ, што напачатку трэба па фрычаскай візе ехаць за аліўкамі ў Ахххфіны, затым токі цягнуцца вывучаць Сьвяту Інквізіцыю і палучаць Барсялонскія індульгенцыі... Не, ўсе на аднаго каторы врот падлучаецца дзелаюць, вот вам і каторы рэзутат: ні алівак, ні хамона.
  • Белорусов не считают за людей везде и в хвост и в гриву...
    21.08.2024
    Зато когда припекло, то сразу за помощью в "Лукашенковское" консульство обращаются!

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА21

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Памілавалі яшчэ 31 палітвязня5

Пустыя рамы ў залах. У Мастацкім музеі навочна паказалі драматычныя страты беларускага мастацтва ў час вайны4

На таргі выставілі дзве запраўкі, якія належалі Юрыю Чыжу

Прапагандысткі перад Лукашэнкам білі дровы патэльнямі ВІДЭА9

«Львоў нашмат больш бяспечны за Тэль-Авіў». Украіна хоча аднавіць палёты са сваіх аэрапортаў ужо ў студзені1

«Мінск нагадвае савецкі гарнізонны гарадок». Як прапануюць замяніць царскія і камуністычныя назвы ў сталіцы?16

Польшча цягам найбліжэйшых трох дзён установіць на мяжы з Беларуссю ўмацаванні1

Новая хваля палітычных арыштаў у Гомелі: што вядома

Камуніст Сыранкоў усімі сіламі даказвае сваю фіктыўнасць: пахваліўся, што паставіў подпіс за Лукашэнку3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА21

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →