Спорт44

Хто пераможа, Кітай ці ЗША? Інтрыга на парыжскай Алімпіядзе захавалася да апошняга дня

Перад апошнім днём спаборніцтваў на Алімпіядзе-2024 у Парыжы ў агульным заліку сярод краін захоўваецца немалая інтрыга. На агульнае першынство прэтэндуюць толькі дзве краіны: ЗША і Кітай, а розніца ў колькасці залатых медалёў у іх зусім мінімальная. Хто ў выніку пераможа?

Змаганне паміж амерыканскай і кітайскай спартсменкамі ў спаборніцтвах па пляжным валейболе. Фота: Lintao Zhang/Getty Images

Па залатых медалях пакуль наперадзе Кітай — з 90 медалёў у іх 39 залатых, 27 срэбраных і 24 бронзавыя. У ЗША медалёў нашмат больш, ажно 122. Аднак з іх толькі 38 залатыя і па 42 срэбраных і бронзавых. А ў агульным заліку, так ужо традыцыйна вядзецца, справядліва ці не, але значэнне маюць перадусім залатыя ўзнагароды.

Такім чынам, каб амерыканцам такі апярэдзіць кітайцаў не толькі па агульнай колькасці, але і па якасці ўзнагарод, ім патрэбна заваяваць толькі адно золата пры ўмове, што Кітай больш не пераможа нідзе. Ці здабыць любую іншую колькасць залатых медалёў, абы толькі хоць на адзін больш, чым заваююць у гэты дзень кітайцы.

Наколькі гэта верагодна, улічваючы тыя дысцыпліны, медалі па якіх засталося разыграць у нядзелю?

У апошні дзень Алімпіяды перад яе вячэрнім урачыстым закрыццём застаюцца неразыгранымі 13 камплектаў узнагарод: 4 у гульнявых відах, па 3 у барацьбе і роварным спорце, па 1 — у лёгкай і цяжкой атлетыцы, а таксама сучасным пяцібор'і.

Чатыры камплекты медалёў будуць разыгрывацца ў гульнявых відах спорту: мужчынскіх гандболе і водным пола, а таксама жаночых баскетболе ды валейболе. У мужчынскіх фінальных разборках ні амерыканцаў, ні кітайцаў не будзе, адпаведна, у гэтым плане вынікі тых матчаў ні на што не паўплываюць.

А вось у абодвух жаночых відах кітаянак у фінале таксама няма, але ёсць амерыканкі: у баскетболе яны будуць змагацца за золата з гаспадынямі-францужанкамі, а ў валейболе — з італьянкамі.

Прытым у жаночым баскетболе зборная ЗША — бясспрэчны сусветны лідар, на Алімпійскіх гульнях яна апошні раз саступіла першынства ў далёкай Барселоне-1992 аб'яднанай камандзе былых рэспублік СССР, а пасля таго запар выйграла сем турніраў. Упэўненая гульня амерыканскіх баскетбалістак на парыжскіх Гульнях робіць цалкам верагодным, што бяспройгрышная серыя працягнецца і гэтым разам.

Што тычыцца валейболу, то італьянкі там выступалі па ходзе турніру больш упэўнена, але ў амерыканак рэальныя шанцы на золата ёсць таксама.

У самай цяжкай вагавой катэгорыі ў жаночай цяжкай атлетыцы сярод дванаццаці ўдзельніц фіналу будуць кітаянка Лі Вэньвэнь і амерыканка Мэры Тэйсэн-Лапэн.

Фаварытка тут — больш тытулаваная 24-гадовая кітаянка, пераможца мінулай Алімпіяды і ўладальніца дзейнага сусветнага рэкорду. Амерыканка таксама моцная і можа прэтэндаваць на траплянне ў прызёркі, але золата яна здабудзе наўрад ці.

У роварным спорце ў жаночым омніўме стартуюць амерыканка Джэніфер Валентэ і кітаянка Лю Цзялі. Але вагавыя катэгорыі ў іх яўна няроўныя:

калі Валентэ — несумненна сярод лідараў дысцыпліны, яна пераможца Алімпіяды-2000 і двух апошніх чэмпіянатаў свету, то кітаянка на сусветным узроўні ніколі нічога не дабівалася: найвышэйшыя пакуль яе дасягненні — медалі на Азіяцкіх гульнях.

У іншых дзвюх роварных дысцыплінах, медалі па якіх яшчэ не разыграныя — жаночым спрынце і мужчынскім кейрыне, — амерыканска-кітайскае суперніцтва неактуальнае, бо прадстаўнікі ЗША і Кітая там калі ад пачатку і былі, то ўжо выбылі з барацьбы.

Два камплекты медалёў засталося разыграць у вольнай барацьбе ў мужчын і адзін — у жаночай барацьбе. Фіналісты, якія сустрэнуцца ў паядынках за золата, усюды ўжо вядомыя, і ў абедзвюх мужчынскіх катэгорыях сярод іх няма ні амерыканцаў, ні кітайцаў.

А вось у жаночай барацьбе ў найцяжэйшай вагавай катэгорыі да 76 кг будзе змагацца 20-гадовая амерыканка Кенэдзі Блэйдс супраць 22-гадовай японкі Кагамі Юка. Фаварытка там, здаецца, японка, але ў амерыканкі шанцы ёсць таксама.

З лёгкаатлетычнай праграмы застаецца разыграць медалі толькі на самай доўгай дыстанцыі ў жанчын — марафонскім бегу. Тут пабягуць па тры амерыканкі і кітаянкі і тэарэтычна можа так стацца, што хтосьці з іх заваюе алімпійскае золата. На практыцы верагоднасць гэтага не вельмі высокая: звычайна рэй на дыстанцыі вядуць афрыканкі з Кеніі і Эфіопіі. Тым не менш, акурат гэтая дыстанцыя як ніякая іншая можа прыносіць сюрпрызы, таму можна сказаць, што шанцы тут нешта здабыць і ў Кітая, і ў ЗША ёсць. Прынамсі, на мінулай Алімпіядзе ў Токіа амерыканка Молі Сайдл заняла трэцяе месца адразу за дзвюма кенійкамі, зусім недалёка ад іх адстаўшы. Але тут трэба золата, а яго кенійкі і эфіопкі на топ-спаборніцтвах саступаюць рэдка.

Урэшце будуць разыграныя яшчэ медалі ў індывідуальным жаночым сучасным пяцібор'і. Амерыканкі там увогуле сярод удзельніц няма, а кітаянка ёсць, але яна на медалі, а тым больш на залаты, ужо не прэтэндуе.

Таму выглядае так, што шанцаў на агульную перамогу на гэтай Алімпіядзе па ўсіх паказчыках у амерыканцаў усё ж больш. Прытым чыста выпадкова пасьянс склаўся так, што вырашацца канчатковы вынік змагання грандаў будзе ў спаборніцтвах толькі і выключна жанчын.

У ЗША на нядзелю ёсць адно амаль гарантаванае (жаночае баскетбольнае) золата і добрыя шанцы заваяваць яшчэ тры (у жаночых валейболе, роварным спорце і барацьбе). Кітайцам жа па сутнасці застаецца рэальна спадзявацца ўсяго толькі на адно дадатковае золата ў жаночай цяжкой атлетыцы, плюс на цуд жаночым марафоне. Ну і, вядома, на тое, што ад іхніх вечных сапернікаў удача ў апошні дзень адвернецца проста катастрафічна. У спорце бывае і такое.

Увогуле ж Кітаю дагэтуль удавалася абысці амерыканцаў на Алімпійскіх гульнях па залатых медалях толькі аднойчы — на хатняй Алімпіядзе-2008 у Пекіне. Тады ў кітайцаў было роўна 100 медалёў (48+22+30) супраць 112 (36+39+37) у амерыканцаў.

У 2012-м у Лондане ў ЗША было 103 (46+28+29), у Кітая — 91 (38+31+22).

У 2016-м у Рыа-дэ-Жанэйра амерыканцы выступілі яшчэ лепей, узяўшы 121 медаль (46+37+38), а вось кітайцы з 70 медалямі (26+18+26) праваліліся, прапусціўшы наперад яшчэ і Вялікабрытанію: 67 (27+23+17).

А вось на папярэдняй Алімпіядзе-2020 (рэальна праходзіла ў 2021-м) у Токіа сітуацыя была падобная да цяперашняй, усё вырашыў толькі адзін залаты медаль. Амерыканцы там атрымалі 113 медалёў (39+41+33), а кітайцы — 88 (38+32+18). 

Каментары4

  • Улад
    11.08.2024
    Больш справядліва было б праводзіць агульны залік так: "золата" - 10 балаў, "срэбра" - 5 балаў, "бронза" - 2,5 бала. А зараз каманда з адным залатым медалём будзе стаяць вышэй, чым каманда, якая здабыла, напрыклад, 40 срэбных і 30 бронзавых :)))
  • Сацыялістычнае Спаборніцтва
    11.08.2024
    Калі ўзяць залік сярод з большага сапраўдных відаў спорту (хаця на цыркампіядзе адно ражно бюджэтнае) бяз ўсялякіх міксаў, адкрытых і кабечых відаў, дык мужчынскіх залатых мэдалёў ў кітая 17, зша - 13, францыі зь японіяй па 11, ўзбэкістану - 7
    Але сама ідэя агульных залікаў мэдалёў - вар'яцкае спаборніцтва намэнклятураў. Цыркампіяда - бальтазараў банкет на падаткаплацельнікавым карку, агульны залік гэта хто лепей станчыў
  • Сацыялістычнае Спаборніцтва
    11.08.2024
    Спадару Уладзе, пра якіе каманды вы гаворыце? Паразытаў ў валасох падаткаабкладанага? Падзел паводле знаходжаньня на галаве крыве даўцы?

Алексіевіч ў ТОКу: Калі вы адмовіцеся чытаць Чэхава і Дастаеўскага, то ўпадзеце ў правінцыйнасць47

Алексіевіч ў ТОКу: Калі вы адмовіцеся чытаць Чэхава і Дастаеўскага, то ўпадзеце ў правінцыйнасць

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША афіцыйна абвінавацілі Іран у падрыхтоўцы забойства Трампа

Плакат з жанчынай у чырвона-зялёным з'явіўся на матчы чэмпіянату Беларусі ў Мазыры6

Тыль Швайгер расказаў, у якім жанры зняў бы фільм пра Беларусь. Вы здзівіцеся11

Мігрант на беларуска-польскай мяжы схаваўся за прыбіральняй. Але не ўлічыў адзін нюанс ВІДЭА2

Фанаты распавялі, як змаглі арганізаваць перфоманс на матчы ў Варшаве і як змагаліся з п'янымі правакатарамі

Імаверны прэм'ер Літвы: Штучныя абмежаванні для беларусаў нелагічныя. Беларусы дапамагаюць эканоміцы Літвы14

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА37

«Ты здзейсніла сапраўдны ўчынак». «Дынама» запісала ВІДЭА з падзякай жанчыне ў чырвона-зялёным23

Продажы новых аўтамабіляў у Беларусі зноў паставілі рэкорд2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алексіевіч ў ТОКу: Калі вы адмовіцеся чытаць Чэхава і Дастаеўскага, то ўпадзеце ў правінцыйнасць47

Алексіевіч ў ТОКу: Калі вы адмовіцеся чытаць Чэхава і Дастаеўскага, то ўпадзеце ў правінцыйнасць

Галоўнае
Усе навіны →