«Змяніліся жыццёвыя абставіны, таму вырашыў прадаць горача любімы мною дэбаркадар,— тлумачыць сваё рашэнне прадпрымальнік. — Зрэшты, са здзелкай не спяшаюся, таму аддаваць яго за бесцань не буду: калі не прадасца ў гэтым годзе, нічога страшнага — працягну свой бізнэс і паспрабую ў наступным. Балазе, усе працэсы адладжаныя і настроеныя».
Пры гэтым стары гаспадар гатовы інфармацыйна і тэхнічна падтрымаць новага ўласніка. А таксама аддаць яму ў дадатак усе сацсеткі: у інстаграме ў яго амаль 20 000 падпісчыкаў, ёсць і свой сайт.
«Тэрміновага рамонту судна не патрабуе, з ім усё ў парадку. Я перыядычна нешта падпраўляю, але гэта, хутчэй, з любові да мастацтва, чым дзеля вострай неабходнасці. Мне хочацца, каб усё было прыгожа, дыхтоўна, але ў той жа час каб захоўваўся гістарычны дух», — гаворыць гаспадар карабля.
Паводле яго, толькі за мінулы тыдзень на караблі адпачылі чалавек з 250 (гэта з улікам таго, што цяпер у працы толькі 20 нумароў на другім паверсе). На наступным — штодня будзе адпачываць 34-35 чалавек. Цяперашні сезон вельмі добры.
Пры жаданні дэбаркадар можна перапрафіляваць і пад нешта іншае, на 300 «квадратаў» можна ўвасабляць любыя ідэі. Камунікацыі на судне цэнтральныя, вада прыходзіць і сыходзіць праз санаторый, праблемы толькі з зімовым ацяпленнем. Але на гэты выпадак побач з караблём абсталяваны жылы домік-кантэйнер.
За свой карабель гамяльчук разлічвае атрымаць $190 000 па курсе.
Каментары