Свет33

«Маглі з беларускімі памежнікамі закурыць цыгарэту». Як жыве польскае памежжа з буфернай зонай

Жыхары польскага памежжа засмучаныя тым, што да іх стала прыязджаць менш турыстаў, але адчуваюць сябе ў бяспецы, а ля самай мяжы назбіраліся прадметы, з дапамогай якіх мігранты прабіраюцца ў Польшчу з Беларусі. «Белсат» даведаўся, што адбываецца на польска-беларускай мяжы пасля ўвядзення буфернай зоны, што думаюць на памежжы пра беларусаў і навошта ў польскім плоце дзверы ў Беларусь.

Слуп ля плота на мяжы Польшчы і Беларусі. Вёска Белавежа, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года. Фота: Белсат

Польшча, абараняючыся ад нелегальных мігрантаў, якія ідуць з боку Беларусі, увяла буферную зону на мяжы 13 чэрвеня. Яна праходзіць уздоўж 60,67 кіламетраў беларуска-польскай мяжы і ідзе ўглыб Польшчы на 0,2 — 2 км. Там нельга знаходзіцца без спецыяльнага дазволу памежнай службы Польшчы. Атрымаць гэта размяшчэнне могуць журналісты і прадстаўнікі арганізацый, якія дапамагаюць мігрантам, якія апынуліся ў бядзе.

«Зразумела, чаму Польшча захацела пабудаваць сцяну»

«Белсат» атрымаў дазвол і адправіўся ў бок Беларусі. Яшчэ ў Беластоку ўсё выглядае звычайна, але, чым бліжэй да мяжы, тым больш зразумела, што жыццё тут стала трохі іншым. На пад’ездзе да Гайнаўкі можна заўважыць ваенныя машыны. У самім горадзе іх мільгае столькі, што ў нейкі момант збіваешся з рахунку — каля 10 налічылася дакладна. Тут і спецыяльныя невялікія аўтамабілі, на якіх можна ездзіць па лесе, дзе не пройдзе машына звычайных памераў, і ваенныя грузавікі.

Турысты ў вёсцы Белавежа, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года. Фота: Белсат

У турыстычнай Белавежы, якая знаходзіцца на мяжы, пуста, ціха і спакойна. Усё ж знаходзім чалавека, які прыехаў убачыць унікальнае месца ў Еўропе — Белавежскі Нацыянальны парк. Гэта Севасцьян з Нямеччыны. Ён распавядае, што ў Белавежы першы дзень, а плануе правесці тут 3-4 дні. Аб праблеме з міграцыяй мужчына чуў:

«Без вялікіх падрабязнасцяў, але чытаў і шыльды, што нельга ісці на мяжу цяпер».

Суразмоўца кажа, што адчувае сябе бяспечна ў гэтым месцы. Міграцыйны крызіс ён называе цэлым комплексам праблем.

«Я не магу сказаць, што мігранты добрыя або дрэнныя. Мы маем шматслаёвую праблему і нам патрэбныя адпаведныя рашэнні. Мы павінны глядзець індывідуальна на розныя выпадкі. Зразумела, чаму Польшча захацела пабудаваць сцяну на мяжы з Беларуссю, але гэта праблема для жывёлаў. Зубры больш не могуць пераходзіць мяжу. Для дзікай прыроды гэта сумна, але з пункту гледжання людзей зразумела», — кажа Севасцьян.

У цэнтры бачым гандлёвы пункт, дзе прадаюць сувеніры і традыцыйныя польскія пачастункі. Там працуе Ганна. Яна з Беларусі.

Турысты разглядаюць сувеніры. Вёска Белавежа, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года. Фота: Белсат

«Калі зʼявілася буферная зона, турыстаў стала вельмі мала. Гэта напалохала людзей. Заўсёды па-рознаму ішоў гандаль, але значна менш людзей», — кажа яна.

Ніякай небяспекі сама жанчына не адчувае і да мер па ахове мяжы ставіцца з разуменнем.

«Нехта павінен абараняць мяжу. У нас мігрантаў не відаць, дзесьці ў лесе іх ловяць, а тут вельмі спакойна, таму хай прыязджае больш турыстаў. На гэта спадзяемся і мы, і мясцовыя рэстараны», — адзначае Ганна.

«Гэта чалавечыя трагедыі, але ў нас вельмі розныя культуры»

Сюды прыехаў і мужчына з Польшчы ў адпачынак. Кажа, што выбраў гэтае месца, бо яно спакойнае. Пра праблему з мігрантамі ён чуў, але лічыць, што пішуць пра гэта больш, чым варта было б.

«Нічога не адбываецца», — азіраецца ён па баках сярод парку і смяецца.

Пра плот на мяжы яму складана сфармуляваць нейкае меркаванне:

«Памежная служба патрэбная для таго, каб абараняць мяжу, а якімі спосабамі — мне не цікава».

Мясцовая жыхарка Марта лічыць, што буферная зона — гэта добрае рашэнне і так яна адчувае сябе ў бяспецы. У зоне няма нічога страшнага, але гісторыя занадта разадзьмутая медыя, лічыць жанчына. Таму ёй шкада, што турысты перасталі прыязджаць.

Вайсковы транспарт на вуліцах вёскі Белавежа, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года. Фота: Белсат

«Людзям здаецца, што тут усё закрыта і забаронена, але гэта ж толькі 200 метраў ля мяжы. Я не сутыкалася з хамствам або дрэнным стаўленнем памежнікаў і паліцыі, як гэта паказана ў фільме Агнешкі Холанд «Зялёная мяжа»», — кажа яна.

Жанчына адзначае, што міграцыйны крызіс моцна пагоршыў адносіны паміж палякамі і беларусамі.

«Адносіны павінны быць добрымі, суседскімі, каб палітыка на іх не ўплывала. Раней у нас былі выдатныя адносіны. Вельмі шкада, што ўсё сапсавалася», — кажа Марта.

Да мігрантаў, якія ідуць з боку Беларусі, у яе няма непрыязнасці, аднак міграцыйны крызіс ёй не падабаецца.

«Гэта чалавечыя трагедыі, але ў нас вельмі розныя культуры. Мы ўсе павінны засяродзіцца на тым, каб дапамагчы гэтым людзям у іх дома. Тыя, хто крычаць, што трэба прымаць іх тут, хай возьмуць аднаго чалавека на тыдзень да сябе дадому і зразумеюць, што так жыць немагчыма», — адзначае Марта.

Беларусь за плотам

На ўваходзе ў лес ля мяжы дзве жанчыны сядзяць у альтанцы, а ў лесе яшчэ адна — ідзе па турыстычнай сцежцы, якая праходзіць паралельна мяжы. Мы ж ідзем бліжэй, куды цяпер амаль нікога не пускаюць. Прыкладна за 85 метраў да плота на мяжы з Беларуссю супрацоўнікі памежнай службы Польшчы просяць спыніцца — далей нельга. Акрамя іх тут бус з паліцыяй.

Знак, які забараняе праход каля мяжы Польшчы і Беларусі. Вёска Белавежа, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года. Фота: Белсат

Адсюль бачны плот, за якім Беларусь. Тут жа стаяць дзве драўляныя лесвіцы, часткі якіх злепленыя скотчам і пластыкавымі заціскамі. Выглядае не вельмі трывала, але для шматразовага карыстання яны і не прызначаныя. Гэта тое, што пакінулі мігранты, якія прабраліся на польскі бок. За плотам з польскага боку ёсць яшчэ загарода з калючага дроту. Адхіліўшы сценкі плота, мігранты накідваюць лесвіцу на загароду і прабягаюць зверху. Яшчэ з прадметаў з Беларусі на зямлі засталася скрыначка ад нікацінавых вырабаў — можна паглядзець, хто імпарцёр у горад Менск.

Пакуль разглядаем абстаноўку на мяжы, пачынаецца нейкі шум ля плота — праязджаюць два квадрацыклы, аднак затым усё сціхае. Падысці бліжэй або шпацыраваць тут нельга, таму пад наглядам памежнікаў вяртаемся назад.

З пачатку года было больш за 19 тысяч спробаў нелегальна трапіць у Польшчу

Прадстаўнікі Падляскага аддзелу памежнай службы Польшчы распавядаюць, што цяпер сітуацыя на мяжы з-за міграцыйнага крызісу абвастрылася — іх паток расце ў апошнія месяцы.

«У пачатку гэтага года былі дні, у якія не было ніводнай спробы прайсці польскую мяжу, але ў апошнія час да 200 спробаў кожны дзень. З пачатку гэтага года такіх спробаў было больш за 19 тысяч, а ў чэрвені ўжо каля 3 тысяч», — кажа старшы штабавы харунжы Міхал Бура.

Старшы штабавы харунжы падляскага аддзелу памежнай службы Польшчы Міхал Бура. Беласток, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года. Фота: Белсат

Часта гэтыя спробы спалучаныя з агрэсіяй і правакацыямі з боку мігрантаў. Бывае, што адны групы спецыяльна прыцягваюць увагу памежнікаў, каб прайшлі іншыя.

«Выкарыстоўваюць камяні, бярвенне, у бок польскіх памежнікаў ляцелі петарды і нават быў выкарыстаны газ», — кажа Міхал Бура.

Таксама ў Польшчы толькі за першую палову 2024 года было затрымана 200 памагатых нелегальнай міграцыі. Звычайна гэта замежнікі, сярод іх шмат украінцаў, працягвае суразмоўца.

Смерць польскага салдата на мяжы пасля нападу мігранта — трагедыя, якой баяліся, але разумелі, што рана ці позна так можа адбыцца, кажуць у памежнай службе Польшчы.

«Мы бачылі і ведалі, з чым маем справу. Думаю, такая смерць салдата адкрыла таксама вочы тым, хто не бачыў, якую складаную службу мы нясем», — кажа Бура.

Раней маглі выкурыць з беларускімі памежнікамі па цыгарэце

Беларускі Дзяржпагранкамітэт неаднаразова абвінавачваў польскіх калегаў у жорсткім стаўленні да мігрантаў. Таксама быў выпадак, калі паведамлялася пра смерць аднаго з іх і нібыта супрацоўнікі памежнай службы Польшчы перанеслі цела на беларускі бок праз дзверы ў плоце.

Драбіны, якія выкарыстоўваліся мігрантамі, каб перасекчы плот на польска-беларускай мяжы. Вёска Белавежа, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года. Фота: Белсат

Падобныя заявы няпраўда, кажа штаб-сяржант Падляскага аддзелу памежнай службы Польшчы Эвеліна Ляўковіч. Аднак дзверы ў плоце сапраўды ёсць.

«У плоце пакінутыя тэхнічныя вароты. Яны патрэбныя для тэхнічных рэчаў. Напрыклад, кашэнне травы на тым баку, паколькі за плотам яшчэ кавалак зямлі належыць Польшчы.

Таксама мы маем справу з асобамі, якія не хочуць падавацца на міжнародную абарону ў Польшчы. Іх праводзяць да дзвярэй, каб яны маглі вярнуцца ў краіну, у якую трапілі легальна. У дадзенай сітуацыі гэта Беларусь», — распавядае Эвеліна Ляўковіч.

Акрамя таго, з пачатку міграцыйнага крызісу памежная служба Польшчы выдзеліла 4 млн злотых на медычную дапамогу мігрантам. Таксама там падзяляюць мігрантаў і ўцекачоў.

Штаб-сяржант Эвеліна Ляўковіч, падляскі аддзел памежнай службы Польшчы. Беласток, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года. Фота: Белсат

«Розніца паміж мігрантамі і ўцекачамі значная. Мы маем прыклад уцекачоў з Украіны. Гэта людзі, якія бягуць ад вайны ў першую бяспечную краіну. Мы зʼяўляемся гэтай бяспечнай краінай. Мігранты — гэта людзі, якія эмігруюць у іншыя краіны. У Польшчы летась мы ўжо мелі справу з людзьмі з 38 краін свету, а летась — з 55 краін», — кажа Эвеліна Ляўковіч.

«На жаль, сітуацыя на мяжы з пачатку міграцыйнага крызісу вельмі моцна змянілася. Раней мы добра супрацоўнічалі з беларускімі службамі. Мяжа была абароненая, як намі, так і памежнікамі Беларусі. Мы маглі разам закурыць цыгарэту на мяжы — усё было нармальна. На жаль, цяпер мы ведаем, што ля мяжы знаходзяцца людзі са згоды, а часта і з дапамогай беларускіх службаў.

Мы вельмі добра ставіліся і да грамадзян Беларусі і Расеі. Гэта былі, можна сказаць, нашы сябры. Так здарылася, што сёння пераходы зачыненыя, але я спадзяюся, што гэтыя часы скончацца», — падсумоўвае Міхал Бура.

Каментары3

  • Рэаліст
    20.06.2024
    Нічога не скончыцца, усё будзе толькі горш, скончыцца ўсе ядзернымі выбухамі і знішчэнне эўрапейскай цывілізацыі
  • Литвин
    20.06.2024
    Мяжа была абароненая, як намі, так і памежнікамі Беларусі. Мы маглі разам закурыць цыгарэту на мяжы — усё было нармальна.
    усё было нармальна!!

    https://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/345314
    hahahaha!!!
  • Мх
    20.06.2024
    Дакурыліся?

У Мінску разбіраюць Гістарычную майстэрню, якая захоўвала памяць пра Халакост2

У Мінску разбіраюць Гістарычную майстэрню, якая захоўвала памяць пра Халакост

Усе навіны →
Усе навіны

Фрыдман: Пасля вайны ціск Масквы на Лукашэнку павялічыцца6

Дваіх жыхароў Магілёва затрымалі нібыта за фінансаванне УСУ1

Цана біткойна ўпершыню ў гісторыі перавысіла 100 тысяч даляраў2

Начальнікі Генштабоў Расіі і ЗША правялі таемную тэлефонную размову1

Анёлы на столі, залаты ёршык і дызайн з вокладкі часопіса. Як выглядаюць кватэры ў элітных дамах Мінска ШМАТ ФОТА3

Памёр Алесь Мікалайчанка

Мужчына ў Кітаі застрахаваў жонку на вялікую суму і забіў яе, каб атрымаць кампенсацыю і разлічыцца з прастытуткамі3

Работнікі дзіцячых садоў з Баранавічаў шакавалі «ведамі» ў краязнаўстве6

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску разбіраюць Гістарычную майстэрню, якая захоўвала памяць пра Халакост2

У Мінску разбіраюць Гістарычную майстэрню, якая захоўвала памяць пра Халакост

Галоўнае
Усе навіны →