У Чыжоўцы пасялілася вельмі рэдкая птушка. Яе сустрэць — вялікая ўдача
У пачатку тыдня стала вядома, што ў Антонаўскім парку ў Мінску пасялілася свіязь. Гэтая качка вядомая незвычайнымі гукамі, якія выдаюць самцы. Гэтым разам удалося сфатаграфаваць яшчэ больш рэдкую птушку — агара, або, як яго яшчэ называюць, чырвоную качку, піша Onliner.by.
Калі вы плануеце заняцца бёрдвотчынгам, адпраўляцца трэба на Чыжоўскае вадасховішча. Сустрэць агара ў Беларусі — сапраўды вялікая ўдача. Як нам патлумачылі ў кампаніі «Дзікая прырода», для нашай краіны гэта вельмі рэдкі, толькі выпадкова залётны від.
— Першы раз чырвоная качка была заўважаная ў нас у 1954 годзе. З 2019 года птушкі адзначаліся ў Беларусі штогод. Самец па афарбоўцы падобны да самкі — гэтым і сваімі паводзінамі яны нагадваюць гусей. Вывадак водзяць абое бацькоў.
Гэта паўднёвыя качкі, насельнікі стэпаў і пустыняў. Але ў Маскве заапаркаўскія агары разляцеліся па горадзе, зімуюць, гняздуюцца і даўно сталі звычайнай гарадской птушкай. У прыродзе агар гняздуецца ў норах або дуплах. У Беларусі іх размнажэнне пакуль не адзначана, — распавёў Onlíner арнітолаг Аляксандр Вінчэўскі.
Каментары