Паводле ацэнак брытанскага міністэрства абароны, у час уварвання ва Украіну 450 тысяч расійскіх вайскоўцаў былі забітыя або параненыя, піша Defence Journal.
«Паводле нашых ацэнак, каля 450 000 расійскіх вайскоўцаў былі забітыя або параненыя, а дзясяткі тысяч ужо дэзерціравалі з пачатку канфлікту. Колькасць загінулых вайскоўцаў, якія служылі ў расійскіх прыватных вайсковых кампаніях, незразумелая», — сказаў міністр абароны Брытаніі Леа Докерці.
Таксама ён даў ацэнку стратаў тэхнікі Расіяй.
«Паводле нашых ацэнак, з пачатку канфлікту больш за 10 000 адзінак расійскай бронетэхнікі, уключаючы амаль 3 000 асноўных танкаў, 109 самалётаў, 136 верталётаў, 346 беспілотных лятальных апаратаў, 23 вайскова-марскіх судна ўсіх класаў і больш за 1 500 артылерыйскіх сістэм усіх тыпаў былі знішчаныя, кінутыя экіпажам або захопленыя ўкраінскімі вайскоўцамі», — сказаў Докерці.
З пачатку вайны BBC разам з калегамі з выдання «Медыязона» займаецца пайменным падлікам забітых на вайне расіян. Да красавіка гэтага года ім удалося ўстанавіць імёны 51096 расійскіх вайскоўцаў, якія загінулі на вайне ва Украіне з лютага 2022 года.
Каментары