Вось што там можна пабачыць.
Урачыстае адкрыццё крыпты Святога Дамініка і біскупа Віта пад касцёлам Святога Міхаіла Арханёла адбылося ў суботу 27 красавіка. Цяпер кожны наведвальнік Навагрудка можа пабываць у гэтым старажытным месцы і такім чынам дакрануцца да багатай гісторыі краю.
Крыптай у хрысціянстве называецца падземная частка храма, размешчаная звычайна пад алтаром, якая служыла для ганаровых пахаванняў.
Навагрудская крыпта знаходзіцца ў найстарэйшай частцы касцёла, дзе ёсць пахаванні айцоў дамініканцаў і сям’і фундатараў касцёла з роду Хадкевічаў.
Працы па падрыхтоўцы крыпты касцёла, яе ачышчэнні і прывядзенні да ладу доўжыліся тры гады.
Адкрыццё крыпты для наведвальнікаў было прымеркавана да юбілею 400-годдзя касцёла Святога Арханёла Міхала, які адзначаецца сёлета. Урачыстасць узначаліў біскуп-намінат Уладзімір Гуляй.
У доўгім памяшканні, перакрытым цыліндрычным цагляным скляпеннем, маецца невялікая экспазіцыя, прысвечаная гісторыі горада і святыні. Пры ўваходзе наведвальнікаў сустракае скульптура Хрыста ў роздуме.
Уздоўж сцен выстаўлены графічныя творы Паўла Татарнікава, якія рэканструююць арыгінальны выгляд старажытнага беларускага горада з розных ракурсаў.
У вялікіх бакавых нішах, які раней служылі для пахаванняў, сёння за шклом выстаўлена каштоўнае касцёльнае начынне і абразы. У адной з нішаў — герб Хадкевічаў «Касцеша» і некалькі трунаў, у якіх сабраныя парэшткі фундатараў.
У дальнім канцы, перад алтаром крыпты, скульптура арханёла Міхаіла, які забівае змея, тытульнага святога храма і заступніка Навагрудка. Летась на касцельным падворку таксама паставілі 7-метровую калону са скульптурай святога.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
ну і чаму? вось мне незразумела. дык чаму? патлумачце.