Правядуць тэлефон і адправяць у санаторый. Якія льготы атрымае касманаўтка Васілеўская як Герой Беларусі
Лукашэнка прысвоіў касманаўтцы Марыне Васілеўскай званне Героя Беларусі. Вось што ідзе ў камплекце з медалём.
Званне «Герой Беларусі» прысвойваецца за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам. Разам з ім даецца шэраг ільгот.
Бясплатныя званкі з хатняга тэлефона
Васілеўская ў сябе дома зможа бясплатна карыстацца стацыянарнай тэлефоннай сувяззю, за выключэннем міжнародных званкоў. Калі раптам у Героя Беларусі няма хатняга тэлефона, то дзяржава правядзе лінію бясплатна — пры ўмове, што працягласць абаненцкай лініі будзе не большай за 500 метраў.
Вызваляюць ад платы за тэхнічнае абслугоўванне жылога памяшкання ў межах 20 квадратных метраў. А таксама ад аплаты камунальных паслуг — у межах зацверджаных нормаў спажывання на аднаго чалавека.
Можна бясплатна карыстацца грамадскім транспартам.
Бясплатныя лекі і аздараўленчы адпачынак
Героям Беларусі гарантаваны бясплатныя лекі, якія выдаюцца па рэцэптах дактароў з пераліку асноўных лекавых сродкаў. Апроч гэтага, можна бясплатна вырабляць і рамантаваць зубныя пратэзы ў дзяржаўных стаматалогіях.
Марына Васілеўская атрымае права на пазачарговае медыцынскае абслугоўванне ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя.
Раз на год Героям Беларусі вылучаюць грошы на аздараўленне. Замест іх яны маюць права бясплатна адправіцца на санаторна-курортнае лячэнне або аздараўленне.
Адпачынак летам
Можна атрымліваць льготныя крэдыты, самастойна выбіраць час адпачынку, а таксама мець 14 дадатковых дзён адпачынку без захавання заробку.
Марына Васілеўская стала другой жанчынай, якой прысвоілі геройскі статус. Першай была алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава.
З поўным спісам льгот можна азнаёміцца па спасылцы.
Каментары