Пра змены на тэлеканале расказаў падчас прэс-канферэнцыі кіраўнік «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі.
Асноўнае прыводзіць агенцтва «Позірк».
«Мы мусім адмовіцца ад часткі праектаў, якія яшчэ не пачалі, на шчасце. Таксама некаторыя праекты рабіць радзей, а ад некаторых адмовіцца», — сказаў Дзікавіцкі.
І ўдакладніў:
«Штотыднёвыя перадачы будуць выходзіць радзей, плануецца скараціць выдаткі на канкрэтныя праграмы, не будуць працягнутыя гістарычны праект «Лабірынты», здымкі мастацкага серыяла «Працэсы».
Дзікавіцкі таксама дадаў, што яны, пэўна, не запусцяць музычныя праграмы.
Таксама, сказаў ён, «Белсат» адмовіцца ад тэставых выпускаў новых праектаў на ютубе.
Рускамоўныя праграмы «Белсата» пачнуць выходзіць таксама на міжнародным канале TVP World (ён, як і «Белсат», уваходзіць у структуру Польскага тэлебачання) у англамоўным тлумачэнні.
У 2023 годзе «Белсат», асноўнай крыніцай фінансавання якога з’яўляюцца сродкі ад МЗС Польшчы, атрымаў ад ведамства 63 млн злотых (каля 15,8 млн даляраў на сёння). На цяперашні год гэтая сума скарочана да 40 млн (трохі болей за 10 млн).
Паволе Дзікавіцкага, пачаўся пошук іншых донараў сродкаў, акрамя МЗС Польшчы. Сітуацыя з фінансаваннем «можа пераламіцца ў другой палове гэтага года», мяркуе кіраўнік медыя.
«Калі я гляджу на бюджэт, які ўжо абрэзаны, на сёння нам, каб захаваць самае каштоўнае, што ў нас ёсць, — калектыў і нашую разнароднасць — нам не хапае каля 10-11 млн злотых», — заявіў ён.
На сёння на «Белсаце» працуе агулам каля 300 чалавек. «Калі б быў толькі інфармацыйны канал, то хапіла б паловы гэтага персаналу», — удакладніў Дзікавіцкі.
Ён пракаментаваў таксама новыя патрабаванні да тэлеканала з боку МЗС Польшчы:
«Жаданні такія, што… Яны былі адным сказам мне асабіста сказаныя, што сетка «Белсата» павінна быць больш прывабнай, — дадаў ён. — Але гэта агульныя словы. Я не ведаю, што такое прывабная. Для мяне вельмі прывабнай была б сетка вяшчання, дзе б ад раніцы да вечара быў хэві-метал і хард-рок. Для майго сваяка — рыбалка. Для кагосьці — Віталь Цыганкоў каб быў цэлы дзень, а яшчэ для кагосьці — дакументальнае кіно. Таму гэта няяснае патрабаванне. Спадзяюся, такая размова яшчэ будзе».
Дырэктарка «Белсата»: Мяне звольнілі па дысцыплінарным артыкуле
«Што значыць, што мне хопіць кіраваць?» Былая кіраўніца «Белсата» расказала, чаму яшчэ не гатовая пакінуць канал
«Мусім фармаваць пазітыўны вобраз Беларусі, а не толькі «дапамажыце, палітвязні, рэпрэсіі». Дырэктар «Белсата» Дзікавіцкі аб пераменах
Каментары