Спорт55

Літоўскі футбаліст, які любіў Лукашэнку і сеў у Беларусі за наркотыкі, дабіўся экстрадыцыі ў Літву і не шкадуе

У ліпені 2023 года з'явілася інфармацыя, што былы футбольны брамнік літовец Сімас Скіндэрыс, які ў свой час выступаў у чэмпіянаце Беларусі і ўжо даўно жыў у нашай краіне, трапіў у турму. Пасля падзей 2020-га ён хваліў Аляксандра Лукашэнку і яго палітыку, сцвярджаючы, што ў беларусаў — калгасны менталітэт. Але, нягледзячы на такую лаяльнасць да рэжыму, Скіндэрыс усё ж атрымаў сем гадоў за справы, звязаныя з пастаўкай наркотыкаў у Беларусь. Але цяпер у гэтай гісторыі ёсць працяг, пра які даведалася «Трыбуна».

З нядаўніх часоў старонка ўраджэнца літоўскага Панявежыса ў фэйсбуку зноў ажыла: абнавілася аватарка, сталі зʼяўляцца запісы на сцяне. Няўжо Скіндэрыс выйшаў на волю?

Затрыманне літоўца па крымінальнай справе адбылося ў лютым 2022-га. Тады крыніцы «Трыбуны» паведамлялі, што ў сітуацыі замяшаныя наркотыкі. Як пазней удалося высветліць, Скіндэрыс збіраўся арганізаваць пастаўку наркатычных рэчываў у Беларусь, але яго хутка накрылі, так і не даўшы разгарнуцца.

У першай палове 2022-га над былым футбалістам прахадзіў суд, дзе ўсё магло скончыцца 12 гадамі пазбаўлення волі (мяркуючы па тэрміне, абвінавачвалі Скіндэрыса па ч. 3 артыкула 328-1 КК «Незаконнае перамяшчэнне праз мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза і (або) Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў»).

У выніку далі сем гадоў калоніі. На волі ў яго засталіся жонка і дачка.

Доўгі час пра Скіндэрыса нічога не было чуваць. Натуральна, маўчалі і яго сацсеткі. Апошні пост быў датаваны 22 снежня 2021 года — фатаграфія з навагодняга ранішніка дачкі. Далей — запісы іншых карыстальнікаў, віншаванні з днём нараджэння.

Аднак 3 лютага 2024 года старонка ў фэйсбуку нечакана ажыла: карыстальнік змяніў фота профіля. Праз тыдзень здымак зноў памяняўся. А далей на сцяне сталі зʼяўляцца новыя запісы: відэа таго, як дачка купаецца ў басейне, фатаграфія дачкі ў кавярні, карцінкі з філасофскімі фразамі («Сысці своечасова — гэта такая ж прыкмета добрага тону, як не спазніцца да пачатку», «Ніколі не перабольшвайце глупства ворагаў і вернасць сяброў»).

У канцы мінулага тыдня зʼявілася фатаграфія, дзе Скіндэрыс хваліцца тым, што скінуў 25 кг. Пры гэтым для нагляднасці выстаўленыя дзве фатаграфіі. Мяркуючы па ўсім, ранейшая і актуальная. На апошняй ён стаіць побач з карцінай і выглядае сапраўды добра схуднелым.

Па такой актыўнасці можна было падумаць, што экс-футбаліст ужо вызваліўся. «Трыбуна» паспрабавала з ім звязацца ў сацсетцы, аднак той не прачытаў паведамленняў. У выніку праз свае крыніцы журналістам удалося даведацца, што хоць літовец і стаў бліжэй да свабоды, але па-ранейшаму знаходзіцца ў зняволенні.

У 2023-м Скіндэрыс здолеў дамагчыся пераводу ў адну з папраўчых устаноў Літвы. Цяпер экс-брамнік працягвае адбываць пакаранне ў Правенішскай калоніі. Гэта папраўчая калонія адкрытага тыпу (калонія-паселішча) недалёка ад Коўна. Створаная яна была яшчэ да Першай сусветнай вайны, насіла статус папраўча-працоўнага лагера, там адбывалі пакаранне асуджаныя па адміністрацыйных артыкулах. Зняволеныя здабывалі торф на торфараспрацоўках, што належалі Ковенскай турме.

У гады акупацыі Літвы нацысцкай Германіяй дзейнічаў Правенішскі канцэнтрацыйны лагер, дзе ў пачатку 1941 года знаходзілася больш за 600 чалавек. Пасля вызвалення Літвы ў 1944-м лагер увайшоў у сістэму ГУЛАГ, была створаная Правенішская калонія на 1000 чалавек. З часам побач са станцыяй Правенішкі зʼявіліся калоніі № 1, № 2, № 3, а ў лютым 2011-га ўстановы былі абʼяднаныя ў адну калонію.

І вось туды ў 2023-м перавялі Скіндэрыса. Як гавораць крыніцы «Трыбуны», гэта стала магчымым дзякуючы таму, што былы спартсмен заставаўся грамадзянінам Літвы, хоць і меў дазвол на жыхарства ў Беларусі.

Як патлумачылі «Трыбуне» ў юрыдычнай службе праваабарончага цэнтра «Вясна», такая працэдура называецца экстрадыцыяй. Яе прававая падстава — міжнародныя дамовы паміж краінамі. У адкрытым доступе гэтых пагадненняў няма, але вядома, што паміж Літвой і Беларуссю такое пагадненне дзейнічае.

Для перадачы зняволенага краіна, куды плануецца перавод, робіць запыт ці праз МЗС, ці праз праваахоўныя структуры ў дзяржаву, дзе адбывае пакаранне чалавек. Але да пачатку працэдуры сам зняволены мусіць падаць хадайніцтва ў адпаведныя органы (у гэтым выпадку Літвы) з просьбай пачаць працэдуру экстрадыцыі.

Што да ўмоваў утрымання Скіндэрыса ў Правенішскай калоніі, то, паводле слоў крыніц «Трыбуны», яны істотна адрозніваюцца ад тых, што былі ў Беларусі. Літовец вельмі задаволены новым рэжымам адбыцця пакарання. Там зняволеным дазволеныя не толькі зносіны са сваякамі па відэасувязі, але і доступ да сацсетак. Уласна, гэтым і тлумачацца абнаўленні ў фэйсбуку Скіндэрыса.

Наколькі вядома, былы футбаліст зусім хутка можа выйсці на волю. Ці адбудзецца гэта, вырашыцца на пасяджэнні камісіі па ўмоўна-датэрміновым вызваленні, якое павінна адбыцца праз дзевяць месяцаў. Пры ідэальным раскладзе ўжо сёлета Скіндэрыс можа апынуцца дома.

Пры гэтым, паводле звестак «Трыбуны», нават у выпадку вызвалення і зняцця ўсіх абмежаванняў па перамяшчэнні вяртацца ў Беларусі экс-брамнік не мае намеру, хоць ягоныя жонка і дачка па-ранейшаму застаюцца ў Мінску.

Пры гэтым у пачатку 2021 года, расхвальваючы рэжым Лукашэнкі, Скіндэрыс бадзёра крытыкаваў стан спраў у Літве. Яму падабалася, як у Беларусі змагаліся з каранавірусам і дапамагалі тым, хто ім захварэў (нібыта на яго радзіме ўсё было зусім не так). Наогул, у Мінску ён нібыта адчуваў сябе лепш і больш бяспечна, чым у Літве, і гэта нягледзячы на рэпрэсіі. Асобна ад яго дасталося экс-прэзідэнтцы Літвы Далі Грыбаўскайце — вельмі падобна, што праз яе пол: «А калі пачала жанчына кіраваць у кірунку ўсіх гэтых меншасцяў, пачалася катастрофа. Угробяць Літву. Ды і паглядзіце, якія там цэны, што там робіцца».

Магчыма, знаёмства з месцамі пазбаўлення волі ў Беларусі прымусіла Скіндэрыса па-новаму зірнуць на Радзіму.

Каментары5

  • Паляўнічы за самагетамі
    12.03.2024
    А што скажа паляўнічы за літвінамі?
  • Леанід
    12.03.2024
    Сядзеў з ім, нават у адным атрадзе, працаваў таксама разам, нават сябравалі. Чалавек з характарам :)
  • Лол
    12.03.2024
    Леанід, с характером,но без мозгов.

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ4

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ

Усе навіны →
Усе навіны

Майнінгавая фірма ў Мінску сышла ў банкруцтва з доўгам 2 мільёны рублёў

18-гадовая дзяўчына зняла відэа ў тыктоку, імаверна, пра свайго хлопца-міліцыянта — яе затрымалі за непавагу да органаў10

Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю ў Сірыі6

Артхаус у беларускай вёсцы. Новы спектакль Карняга, на які ізноў было амаль немагчыма выхапіць квіткі2

Даляр падаражэў упершыню за сем таргоў зніжэння і амаль адразу на тры капейкі

Украінец-ухіліст захрас у цясніне ў гарах, яго выратавала кацяня2

Нарышкін заявіў, што Расія «блізкая да дасягнення мэт СВА ва Украіне», каб не адбылося «знясілення»21

Следчыя вызначылі абставіны жорсткага забойства, якое адбылося 16 гадоў таму ў Пінску

Прызначаны новы рэктар ЕГУ — ізноў не беларус29

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ4

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ

Галоўнае
Усе навіны →