У Мінску адмянілі паказы фільмаў расійскага рэжысёра Аляксандра Сакурава, паведаміў Falcon Club. Сітуацыю там тлумачаць «тэхнічнымі прычынамі».
Паказы былі запланаваныя на 11-13 сакавіка з удзелам самога Сакурава, а таксама рэжысёра Аляксандра Залатухіна. Сакураў збіраўся прадставіць новы фільм «Казка» і фільм «Сонца» 2005 года, а яго вучань Залатухін — фільм «Хлопчык рускі».
Супраць паказу фільмаў Сакурава ў Беларусі выступалі прапагандысты, сярод якіх былі Рыгор Азаронак і Вадзім Гігін. Азаронак называў рэжысёра «відавочным праціўнікам» вайны ва Украіне «і ўсяго, што з гэтым звязана». Гігін жа лічыць, што
«сустрэча з ім стала б пунктам збору для тых, хто стаіўся, прыстасаваўся, чакае. Ніякага шанцу ім даваць нельга, нават сабрацца разам».
Прэм'ера фільма «Казка» адбылася ў жніўні 2023-га на кінафестывалі ў швейцарскім Лакарна. Ягоныя галоўныя героі — Сталін, Гітлер, Мусаліні і Чэрчыль, якія сустракаюцца ў пекле. Міністэрства культуры Расіі адмовіла ў выдачы пракатнага пасведчання.
Каментары