Грамадства66

«Ідзе вайна, а нашы з пісталецікамі і флікерамі». Як беларуская мяжа выглядала ў першыя месяцы расійскага ўварвання ва Украіну

Беларускім вайскоўцам, якія павінны былі ахоўваць беларускую мяжу, усё было зразумела — пачалася вайна. Толькі вось на чыім яны баку і якая іх роля ў канфлікце, кіраўніцтва не тлумачыла. Бяздзейнасць, чаканне, маўчанне, сорам — усё гэта прыйшлося адчуць тым, хто суперажываў Украіне. Адзін з суразмоўцаў прызнаўся, што ён даўно хацеў з кімсьці падзяліцца пра тыя падзеі: «стаміўся ўсё ў сабе трымаць». Выданне «Флагшток» прапанавала паглядзець на першыя месяцы вайны вачыма людзей, якім давялося назіраць за падзеямі з беларускага боку мяжы. У мэтах бяспекі суразмоўцаў у публікацыі імёны не пазначаныя.

«У нас усе павінны быць за!»

Нас ніхто не інфармаваў пра будучае ўварванне. Мы ведалі толькі тое, што па тэлевізары чулі. Перад падрыхтоўкай да нясення нараду дручылі праглядам усялякага гаўна па тэлеку.

Тады думаў сам сабе: «На каго гэта дзейнічае?». Толькі на тых, каму такая херня падабаецца. А самі ідэолагі ні на што не здольныя.

Калі ўбачылі танкі, нашы самі прыфігелі. Расійскія войскі не пайшлі праз памежныя пераходы. Яны проста не прызначаныя для руху вайсковай тэхнікі, там абмежаванні па габарытах на ўезд з-за наяўнасці сістэм прымусовага спынення. Трэба было б шмат чаго дэмантаваць для іх праезду. Таму яны пайшлі, у асноўным, праз заставы і пункты спрошчанага пропуску.

За некалькі гадзін да пачатку ўварвання ўкраінскі бок пакінуў пункты пропуску.

Украінскія памежнікі на адным з памежных пераходаў перад уварваннем расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі. 24 лютага 2022 года. Крыніца: анлайн-камера Дзяржпамежслужбы Украіны

Бязладдзе… Ніхто гэтага не чакаў. Мне сорамна і шкада, што так выйшла. Але чакаць, каб гэта абурыла, прынамсі наша кіраўніцтва, дакладна не варта было. Правільна заўважаюць — яны ўсё пагалоўна пралукашэнкаўскія і прарасійскія. «Вышэйшыя» — хутчэй за ўсё яны ўсё ведалі, простыя афіцэры — не.

Тыя, хто быў супраць усяго гэтага, проста нічога не абмяркоўвалі. Аднойчы вайсковец на прамое пытанне пра вайну прадэманстраваў сваё нейтральнае стаўленне, дык яго афіцэр ледзь не забіў на месцы: «У нас усе павінны быць за!»

Тыя ж людзі, хто падтрымліваў (уварванне), нічога не баяліся абмяркоўваць публічна. У асноўным усякую дурноту абмяркоўвалі: што х***ам канец і іншыя глупства па тыпу «Кіеў за тры дні», што вось-вось даціснуць. Было прыемна на іх потым глядзець, калі нават яны зразумелі, што ўсё правалілася. А так доўга верылі, што паспяхова ўсё скончыцца.

«Яны як у сябе дома тут гаспадарылі»

Праз Чарнобыльскую зону калоны тэхнікі ішлі на Кіеў, вельмі шмат тэхнікі. У першы дзень вайны памежны пераход Камарын стаў бескарысны — украінцы ўзарвалі мост праз Дняпро. Падчас акупацыі ЧАЭС і адсутнасці моста (праз памежныя пераходы Камарын — Славуціч) расійскімі войскамі рабілася перавозка складу змены атамнай станцыі.

Узарваны ў першыя дні вайны мост праз Дняпро паміж Украінай і Беларуссю. Фота: Суспільне Чернігів

Праз Чарнобыльскі кірунак ішоў асноўны паток рабавання. Яшчэ да вайны там нічога не было, можна было ганяць туды-сюды. Але па законе яго маглі выкарыстоўваць толькі людзі, якія працуюць на ЧАЭС. Пасля пачатку вайны на гэты кірунак пачалі завозіць будкі, каб хоць неяк кантраляваць абстаноўку. Прымаць бежанцаў.

Калі шчыра, рускім наогул пляваць на нас было, яны як у сябе дома тут гаспадарылі, а нашы былі як прыслуга. Праз памежныя пераходы з Украіны выязджалі па-рознаму: легкавухі, фуры кралі, каб даехаць. Іншага дабра накралі ва Украіне — не злічыць.

Памежнікі не павінны былі кантраляваць крадзенае. Мытні не было на Чарнобыльскім кірунку — толькі памежнікі, бо там быў непаўнавартасны пункт пропуску.

Адпраўленне нарабаванага расійскімі салдатамі пры дапамозе паштовага сэрвісу ў Мазыры 2 красавіка 2022 года
Аўтамабілі, як мяркуецца, скрадзеныя з тэрыторыі поўначы Украіны, у Гомелі 30 сакавіка 2022 года

Як мінімум пару сотняў чалавек рускія перавезлі з Украіны. Яны былі больш падобныя да бежанцаў. Мы з імі не размаўлялі, таму сказаць, добраахвотна яны выязджалі ці не, немагчыма. Рускія проста набралі іх і вывозілі да нас. У людзей выбару асаблівага не было.

Нашы афіцэры вымушаныя былі бегаць за рускімі вайскоўцамі, каб аформіць украінцаў, што яны афіцыйна заехалі. Рускім было наогул на гэта напляваць. Але ў нас служба такая скурпулёзная — яны могуць ведаць, хто быў вымушаны пакінуць свой дом, а каго вывезлі сілком. Маё меркаванне, гэта быў хутчэй гвалтоўны вываз.

Прозвішчы вывезеных перапісвалі не звычайныя кантралёры, а больш высокапастаўленыя вайскоўцы. У Пагранкамітэта павінны быць даныя большасці тых, каго вывозілі праз Беларусь праз пагранпункты. Калі ж кагосьці вывозілі праз заставы, то іх маглі не перапісваць, там для гэтага няма інфраструктуры.

Многія выязджалі самастойна, прыязджалі па бензін і прадукты. Вельмі мала людзей хацелі падавацца на бежанства, у асноўным, як бы дрэнна ні было, людзі вярталіся назад.

Пункт дапамогі ўкраінцам — жыхарам памежжа, 2 красавіка 2022 года. Фота: старонка «Укантакце» Пятра Філона

«Паперліся ваяваць за Расію, былі і такія дурні»

Розныя былі камічныя і незвычайныя выпадкі на мяжы, пра якія я чуў ці сам сутыкаўся. Расказвалі пра сітуацыі, калі расейцы ехалі дадому і траплялі нейкім чынам на беларуска-ўкраінскую мяжу. Вы б бачылі іх твар, калі ім казалі, што там далей Украіна.

Імправізаваны дарожны знак на поўначы Украіны, зроблены расійскімі салдатамі. Фота: Аляксандр Ратушняк

Была сітуацыя, чалавек, які нібыта служыў у АТА, хацеў ва Украіну трапіць. Яго доўга нашы мурыжылі, абшуквалі, дапытвалі, правяралі і ўсё ж прапусцілі, а ўкраінцы яго не ўпусцілі. Ён вярнуўся да нас назад і ўсё гэта пачалося зноўку, нашы пачалі зноў яго «катаваць». Пасля гэтага яго павезлі ў невядомым кірунку.

І яшчэ абмяркоўваўся такі выпадак, што нейкія найміты хацелі паваяваць за Расію. І ўжо пасля красавіка 2022 года нейкага чорта вырашылі незаконна трапіць ва Украіну, каб ваяваць за Расію. А там ужо стаіць УСУ, наогул незразумелая і камічная сітуацыя. У выніку нашы злавілі іх і дапытвалі ўжо як парушальнікаў дзяржмяжы.

Аказалася, што нейкія мужыкі з пашпартамі ЕС, арабскай знешнасці, нешта накшталт такога. Паперліся ваяваць за Расію, а ішлі ў рукі проста да УСУ. Былі і такія дурні.

«Ідзе вайна, а нашы з пісталецікамі»

Акрамя бясчынстваў ва Украіне, былі выпадкі неадэкватных паводзін расейцаў і ў беларускіх маленькіх гарадах — са стральбой у паветра сярод белага дня. Проста стралялі ў паветра і палохалі народ.

Вельмі шмат зброі нейкім чынам апынулася ў нашага мясцовага насельніцтва. Каля месяца КДБшнікі хадзілі па вёсках і збіралі пісталеты, кулямёты. Як гэта ўсё трапляла да людзей, я не ведаю.

Аб'ява УС РБ з патрабаваннем здачы зброі і выбухоўкі ў Хойніцкім раёне. Крыніца: МатолькаПамажы

Наогул, я чуў пра выпадак, калі расейцы прапаноўвалі зброю нашым. Гэта наогул смешна. Ідзе вайна, а нашы стаяць з пісталецікамі. Расейцы камусьці для смеху (здзекаваліся так, напэўна) прапанавалі ўзяць у іх трафейнае ўзбраенне, а не гэтую ганьбу.

І гэта і сапраўды было смешна, таму што ў той сітуацыі самыя ўразлівыя людзі былі з нашага боку. Уявіце, што з аднымі пісталетамі, і нават ніякіх бронекамізэлек не было. Вайна, хто заўгодна прыйдзе і цябе расстраляе.

Памежнік Гомельскай памежнай групы з пісталетам, ілюстрацыйнае фота 2019 года. Крыніца: ДПК Беларусі

Яшчэ да вайны патрабавалася, каб людзі, якія былі на паласе, насілі флікеры. Святло падчас актыўных баявых дзеянняў ніхто не вырубаў. І ўсе як ідыёты з гэтымі флікерамі ходзяць. Гэта значыць, за кіламетр можна было ўбачыць, і гэта нікога не хвалявала.

Калі ваенная актыўнасць стала сціхаць, украінцы вызвалілі паўночныя тэрыторыі, толькі тады кіраўніцтва стала задумвацца: вось нашы стаяць без зброі, без нічога, фактычна як мішэні. Потым панабудавалі ўмацаванняў з мяшкоў з пяском, пад якімі салдат павінен як ідыёт стаяць на месцы і нікуды не ісці. Яму аўтамат і два ражкі. А на салдата глядзіць у кабінеце праз камеру (камандзір) і не дай бог табе адысці ў іншае месца. Ну вось пачварна гэта ўсё выглядае.

Асабліва ў памяць урэзалася тое, што калі ўсё страляла і пуляла, то ніякіх праверак ДПК або ад нашага пагранатрада наогул не было, усе так званыя «афіцэрышкі» схаваліся па норах у сябе ў кабінетах і морды свае не тыркалі ў нашыя справы. Вось ды такога трызнення ўсё дайшло: як была вайна, усім на ўсё было напляваць. А як усё скончылася, то вырашылі паказаць, хто тут начальства — сталі ездзіць і дакалупвацца.

Каментары6

  • ну й
    23.02.2024
    хто б сумняваўся ў "нашых" афіцэрашках"
  • Ясь
    23.02.2024
    Гэтае войска смеху вартае
  • A
    24.02.2024
    Брыдка чытаць апраўданьні гэтых недаваяк. Флікеры ім насіць страшна ў такой сітуацыі... Тьфу!

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»10

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Усе навіны →
Усе навіны

Марзалюк: Мяне раздражняе гэтая мантра — «у нас едіная історія, у нас едіный язык»34

Маргарыта Ляўчук нарэшце атрымала пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці7

«На асуджаных могуць уздзейнічаць звонку». Сілавікі вучыліся душыць бунт у калоніі

Студэнты-аматары запусцілі ў космас гіпергукавую ракету ўласнай вытворчасці3

Куды небяспечна ехаць беларусам, якіх на радзіме пераследуюць за палітыку КАРТЫ15

Аб'явілі збор на падтрымку Васіля Верамейчыка10

«Па-ўсякаму бывае. Так дзяржава вырашыла, так зрабіла». Літоўскія чыноўнікі пракаментавалі справу Верамейчыка15

Выратаваныя беларускія альпіністкі расказалі, як выжылі ў гарах Турцыі1

У Брэсце чыноўнікі паспрабавалі перабіць рэкорд БРСМ па колькасці дзяржсцягоў на квадратны метр ВІДЭА6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»10

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Галоўнае
Усе навіны →