Не патрэбная трэнажорка і можна знайсці скарбы. Гродзенскі рок-музыка расказаў, як уладкаваўся на смеццявоз у Польшчы
«У школе заўсёды смяяліся з тых, хто не хацеў вучыцца. Казалі: «Будзеш ленавацца — будзеш выносіць смецце за іншымі», — узгадвае гродзенец Уладзіслаў Бернат. Ён — вакаліст панк-гурта Dzieciuki і настаўнік англійскай мовы. А цяпер жыве ў Польшчы і зарабляе акурат вывазам смецця.
Уладзіслаў, многім вядомы як «Дзядзенька», з’ехаў з Беларусі ў 2022 годзе. Ён асеў у Беластоку, дзе пачаў працаваць на смеццявозе. Пра гэтую працу ён расказаў каналу «Беларусы могут», гутарку пераказаў Hrodna life.
Заўсёды «тапіў» за working class
Кар’ерных планаў на тое, каб быць смеццяром, Улад не меў. Ён наогул думаў асесці ў Варшаве, бо там ужо жылі некаторыя чальцы гурта Dzieciuki. «Але потым сябар прапанаваў папрацаваць на смеццявозе ў Беластоку», — кажа Уладзіслаў. Ён падумаў — і вырашыў паспрабаваць.
«Сумняваўся, што праца на смеццявозе будзе чымсьці адпаведным па статусе. Але адкінуў абсалютна ўсе сумневы, калі паглядзеў на гэта з боку чалавека, які заўсёды «тапіў» за так званы working class — людзей, якія не баяцца бруду, цяжкой працы», — кажа Улад. І дадае кароткае: «Не графы мы».
VR-акуляры, ноўтбук і залаты пярсцёнак — што можна знайсці на сметніку
Працу на смеццявозе музыка не ідэалізуе. Складана сем-восем гадзін цягаць кантэйнеры на ветры і марозе. А яшчэ няма адпачынку, які аплочвае кампанія, а таксама бальнічнага. Ды і заробак па польскіх мерках невысокі. Быццам вышэйшы за беларускі, але калі ўлічыць выдаткі на жыллё, то застаецца тое ж самае, кажа Уладзіслаў.
Сярод плюсаў музыка вылучае тое, што не трэба выдаткоўваць грошы на трэнажорную залу — і так штодзённа цягае цяжкія кантэйнеры. А яшчэ на сметніку можна знайсці нешта каштоўнае.
«Самае каштоўнае, што я знаходзіў — VR-акуляры для тэлефона. І ноўтбук, які я так і не пратэставаў, бо не знайшоў да яго зарадкі. Людзі выкідаюць штосьці неўяўляльнае: пачынаючы ад нейкай дробязі — дзіцячых цацак, якіх у Беларусі нават немагчыма набыць — і сканчаючы шлюбнымі пярсцёнкамі. Залатымі ў тым ліку. Адзін з якіх ляжыць у мяне дома», — расказаў Уладзіслаў.
У Беларусі людзі безадказна ставяцца да сартавання смецця
Адрозненне працы на смеццявозе ў Беларусі і ў Польшчы, на думку Уладзіслава, у тым, што ў Беларусі людзі безадказна ставяцца да сартавання смецця.
«У Польшчы многія таксама не прытрымліваюцца правілаў сартавання. Але іх [палякаў] добра дысцыплінуюць: каля кантэйнераў вісяць камеры, якія адсочваюць правільнасць сартавання, каб можна было вылічыць парушальнікаў і выпісаць штраф», — кажа Уладзіслаў.
Праца не перашкаджае выступаць на фестывалях
Музыку Уладзіслаў не закінуў. Dzieciuki граюць канцэрты ў польскіх гарадах і на фестывалях, хоць музыкі і жывуць у розных гарадах. Але паўнавартасна займацца толькі музыкай і з гэтага жыць няма магчымасці.
Смеццявоз — не адзіная праца
Уладзіслаў працуе не толькі на смеццявозе. Яшчэ ён падпрацоўвае ў бары. Паводле яго словаў, там яго часта пазнаюць эмігранты. Але ж менавіта дзякуючы працы на смеццявозе музыка зразумеў больш пра жыццё і эміграцыю.
«Выжыць можна заўсёды. Калі чалавек хоча чагосьці дамагчыся, то ён гэта зробіць. І для гэтага неабавязкова ісці па галовах, камусьці шкодзіць. Можна проста працаваць на смеццявозе і спяваць свае любімыя песні», — лічыць Уладзіслаў.
«Драіш чарговы ўнітаз і думаеш: пара з гэтым сканчаць». Чым цяпер займаецца Лявон Халатран
«Умею даіць карову, пячы пірагі, ткаць». Малады чалавек знайшоў сябе ў глыбінцы і цяпер улюбляе ў яе турыстаў
«Дырэктар спадзяваўся, што я буду хадзіць на спатканні з канкурэнтамі». Жанчыны — пра найгоршыя сумоўі
Каментары