Культура22

Прыбралі з музея, бо людзі працягвалі на яго маліцца. Выкупленыя беларусамі эскізы праліваюць святло на невядомы раней абраз з Чырвонага касцёла

Выяўленыя эскізы дапамаглі ідэнтыфікаваць алтарны абраз, які фігуруе на старых фотаздымках, і прасачыць яго гісторыю да вайны. І хоць сляды абраза губляюцца, застаецца вялікая верагоднасць, што ён не страчаны і нават дагэтуль знаходзіцца ў Беларусі.

Выстаўленыя на днях на аўкцыён некалькі эскізаў мастака Юзафа Тэафіла Смалінскага (1865—1927) з прыватнай берлінскай калекцыі, звязаных з мінскім Чырвоным касцёлам, былі па закліку актывістаў за палову дня выкуплены беларусамі замежжа.

Кожны з іх каштаваў нямала — ад 1400 да 2000 еўра. Раней такая аператыўнасць у справе захавання спадчыны была немагчыма, сёння становіцца добрым тонам для забяспечаных беларусаў. Гэтая падзея сведчыць у тым ліку пра шырокае абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці.

Усе эскізы належалі да аднаго твора, як лічылася, да роспісу інтэр'ераў касцёла. Адзін з эскізаў паказваў кампазіцыю цалкам, даючы разуменне да якіх частак адносяцца іншыя эскізы.

Адзін з эскізаў алтарных роспісаў касцёла Святых Сымона і Алены

«Па цэнтры ў нябёсах намаляваны Хрыстос (ці Божая Маці — невыразна бачна), пад ім — выява Чырвонага касцёла. Хлопчык з дзедам — гэта Сямён Вайніловіч і ягоны заступнік Святы Сымон. Насупраць укленчаная дзяўчына гэта Алена Вайніловіч. Шматлікія партрэты жанчыны ў масіўнай кароне — гэта пошук вобразу Святой Алены, маці імператара Канстанціна, якая адшукала Труну Божую і Жыватворны Крыж, які трымае ў руках», — так апісваў яе тэлеграм-канал «Спадчына».

Здымак левага нефа з алтаром у 1918 годзе. Фота: фэйсбук Рамана Забелы

На гэтым гісторыя эскізаў не скончылася. Архітэктар-рэстаўратар Раман Забела з Навукова-праектнага цэнтра «Рэстабіліс» па слядах знаходкі адшукаў архіўнае фота інтэр'ераў касцёла 1918 года, якое апублікаваў у фэйсбуку.

Як адзначае архітэктар, касцёл стылістычна быў аформлены іначай, чым эскізы Смалінскага. Усе сцены і скляпенні алтарнай часткі, нефа і трансепта храма былі пакрыты адметнымі арнаментальнымі трафарэтнымі паліхроміямі ў стылі мадэрн, якія яшчэ нядаўна можна было пабачыць. Гэта выклікала ў яго сумненні ў тым, што эскізы зроблены для алтарных роспісаў.

На выяўленым фота паказаны бочны алтар, які ўпрыгожвае абраз, які мае ідэнтычную кампазіцыю з адным з эскізаў Смалінскага. Алтар месціўся ў канцы левага нефа, то-бок злева ад галоўнага алтара.

Як выявілася, гэты абраз быў вядомы таксама па апісаннях у літаратуры і ўспамінах менчукоў.

Алтарная карціна на здымку 1918 года і адзін з эскізаў Смалінскага

У 1923 годзе касцёл быў разрабаваны бальшавікамі, але канчаткова яго зачынілі толькі ў 1932 годзе.

Забраны савецкімі ўладамі ў музей абраз, выклікаў праблемы, бо і там людзі на яго хрысціліся і маліліся. Праз гэта абраз давялося схаваць на гарышча.

У час нямецкай акупацыі вернікам дазволілі службы ва ўсіх храмах, якія раней былі адабраныя. З Беларускага гістарычнага музея Антонам Шукелойцем, які кіраваў ім у час акупацыі, былі перададзены ў касцёл абраз у стылі мадэрн, што некалі там быў: абраз Божай Маці з краявідам Мінска з касцёлам і ўкленчанымі дзецьмі Вайніловіча. Гэтае апісанне дакладна супадае з абразом з бочнага алтара і эскізамі Смалінскага.

У час акупацыі час службы ў касцёле праводзіў Вінцэнт Гадлеўскі, пробашч кафедральнага касцёла. Нямецкім уладам не падабалася папулярнасць ксяндза Гадлеўскага, увечары 24 снежня 1942 года ён быў адвезены са сваёй кватэры службістамі СД і расстраляны каля ўвахода ў канцэнтрацыйны лагер Малы Трасцянец. Яшчэ адзін ксёндз Чырвонага касцёла, Станіслаў Глякоўскі, таксама быў закатаваны нацыстамі.

Месца на плане касцёла, дзе знаходзіўся алтар з абразом Смалінскага.

Актывісты адзначаюць, што сказаць цяжка, што адбывалася з касцёлам і абразом у гэты час і што з творам мастацтва стала пасля вызвалення. Але ёсць некалькі імаверных варыянтаў.

Па-першае, у Беларусі дзейнічалі групы Аператыўнага штаба рэйхсляйтара Розенберга, якія займаліся разрабаваннем і вывазам у Германію культурных каштоўнасцей на акупаваных тэрыторыях. Лёс гэтых каштоўнасцей мог паўтарыць і абраз. Актывісты не выключаюць, што перадача Шукелойцем абраза з музея ў касцёл, мела адну з мэтаў зберагчы яго ад вывазу.

Праўда, значная частка каштоўнасцей усё ж пасля вайны была вернута ў СССР. Менавіта ў СССР, бо вернутым дабром распараджаліся на саюзным узроўні, таму шмат чаго, што належала да беларускіх збораў, было перададзена зусім не ў Беларусь.

Гэта адкрывае перад намі тры варыянты таго, што магло стацца з абразом: ён мог быць вывезены нацыстамі і страчаны, мог вярнуцца ў СССР, але асесці па-за Беларуссю, і, нарэшце, самы аптымістычны — ён быў вернуты назад і сёння захоўваецца ў фондах аднаго з музеяў, але ніколі не выстаўляўся.

Чырвоны касцёл больш як год зачынены мясцовымі ўладамі пасля таго, як пры падазроных абставінах у ноч на 26 верасня 2022 года ў ім адбыўся пажар. Многія называюць гэтае рашэнне палітычным і звязваюць з адплатай беларускіх уладаў Касцёлу за нелаяльнасць у 2020 годзе. Афіцыйнай жа прычынай называецца рэканструкцыя, другая чарга якой ужо распачалася і мусіць закрануць інжынерыю касцёла, асабліва яго велізарнай падземнай часткі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Дзядзька ў Вільні
    02.12.2023
    Калі чую слова "абраз", то толькі з "абразай" ассацыяцыі.
    Артыкул цікавы, дзякуй.
  • Antahon
    02.12.2023
    Усё вернецца, як было! Навала спадзе нарашце

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі4

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Кітай не шкадуе ніякіх грошай, каб перакупіць тэхналагічныя таленты3

Хто той сабака, што бегаў па вяршыні піраміды Хеопса і праславіўся на ўвесь свет?4

Васіля Верамейчыка прызналі палітвязнем

Наталля Пяткевіч: Тыкток стаў нашай ядзернай зброяй27

Катэдж у Мінску з саўнай і басейнам прадаюць амаль за 400 тысяч даляраў5

Мінадукацыі зацвердзіла 10 «запаветаў» для школьнікаў і бацькоў10

Журналісты ацанілі, колькі ўкраінцаў загінула ў вайне з расіянамі20

Ціханоўская не будзе заклікаць беларусаў ісці на выбары і пратэставаць65

Міністр сувязі: 5G — гэта ўсяго толькі тэхналогія. Карыстальніку ўсё роўна, 5G, 6 або 47

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі4

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →