Праўладны спявак пайшоў у армію. Парадавалася нават нявестка Лукашэнкі
«Ты сапраўдны прыклад таго, як артыст, які выступае на вядучых пляцоўках краіны, не бегае ад позваў па замежжах, не адмазваецца ад службы дзякуючы сувязям, а служыць на карысць Радзімы!» − напісаў у інстаграме аўтар гімна лукашыстаў «Любимую не отдают» Яўген Алейнік і запосціў фота хлопца ў акулярах з аўтаматам.
Такім чынам кампазітар павіншаваў з прыняццем прысягі Івана Аксенчыка, які ці то па закліку сэрца, ці то па рашэнні ваенкамата змяніў сцэнічны касцюм на ўніформу. Да таго, як стаць радавым, Іван быў бэк-вакалістам гурта «Аўра» (у гэтым гурце выступае жонка Алейніка Юлія Быкава, якая і спявае час ад часу «Любимую не отдают»), а таксама выступаў з гуртам «Добрыя людзі».
Калі вы нічога не ведаеце пра «Добрых людзей» (дарэчы, яго пазіцыянуюць як фольк-гурт), то гэта не дзіўна: афіцыйна пра яго стварэнне паведамілі толькі ў верасні — на так званы Дзень народнага адзінства. Тады ж на патрыятычным форуме «Мы беларусы» гурт прэзентаваў песню «Сапраўдны беларус». Аўтары — тыя самыя Яўген Алейнік і Юлія Быкава — сабралі ў ёй усе стэрэатыпы пра беларусаў: ад памяркоўнасці да «абы не было вайны».
Вось, напрыклад, якія словы ёсць у песні:
«Хто падыме чарку з песняй ды пад скварку?
Гэта ён, сапраўдны беларус».
Навіна пра тое, што праўладны спявак ідзе ў армію, спадабалася падпісчыкам Алейніка. Нават нявестка Лукашэнкі, якая таксама ў вольны час піша песні і выдае іх пад псеўданімам Ганна Сялук, паставіла лайк.
Каментары