«Выступленне коміка не скончылася раней». Чэшская паліцыя расказала, што адбылося з канцэртам Славы Камісаранкі ў Брне
Беларускі комік Слава Камісаранка выступіў 17 лістапада ў чэшскім горадзе Брно, але пасля таго ў музычны клуб Sono прыбыла паліцыя. «Радыё Свабода» даведалася, у чым была прычына.
Як паведамляюць мясцовыя СМІ, прычынай стала паведамленне аб выбухоўцы. У выніку паліцыя не знайшла выбухной прылады, але да наступнага выступу коміка былі прынятыя меры бяспекі.
Чэшскія СМІ, са спасылкай на паліцыю, зняпраўджваюць інфармацыю аб нібыта заўчасным спыненні канцэрта. Раней паведамлялася, што выступленне скончылася заўчасна, а гасцей эвакуіравалі з будынка, даўшы коміку 2 хвіліны для заканчэння канцэрта. Аднак паліцыя Чэхіі гэта адмаўляе. Паводле іх інфармацыі, выступленне Камісаранкі завяршылася ў прызначаны час.
«Выступленне коміка не скончылася раней. Яно скончылася своечасова згодна з раскладам музычнага клуба Sono, дзе яно праходзіла», — адказала прадстаўніца паліцыі на пытанне партала iDNES.cz.
Паводле яе слоў, перад канцэртам, які адбыўся на наступны дзень, 18 лістапада, у Карлавых Варах, былі прынятыя дадатковыя меры бяспекі.
Каментары