Румынскія вайскоўцы 9 верасня выявілі фрагменты беспілотніка, «аналагічнага тым, што выкарыстоўваюцца расійскімі вайскоўцамі», гаворыцца ў сённяшняй заяве Міністэрства нацыянальнай абароны краіны.
Пошукавыя работы былі праведзеныя прыкладна за 2,5 км на паўднёвы ўсход ад раёна Плаўру пасля атрымання інфармацыі ад мясцовых уладаў.
«Раён ачэплены вайскоўцамі, выяўленыя элементы будуць сабраныя для аналізу і тэхнічнай экспертызы», — паведамляюць у ведамстве.
«Міністэрства нацыянальнай абароны рашуча асуджае атакі Расійскай Федэрацыі на аб'екты і элементы грамадзянскай інфраструктуры ва ўкраінскіх партах на Дунаі. Гэтыя атакі неабгрунтаваныя, яны сур'ёзна супярэчаць нормам міжнароднага гуманітарнага права і ўяўляюць сабой ваенныя злачынствы», — заяўляюць у румынскім Міністэрстве абароны.
Адзначаецца, што вайскоўцы застаюцца ў стане баявой гатоўнасці і будуць працягваць прачэсваць раёны «паблізу месцаў, дзе расійскія сілы ажыццяўляюць атакі на аб'екты інфраструктуры ўкраінскіх партоў на Дунаі».
У ноч на 4 верасня Расія атакавала партовую інфраструктуру ў Ізмаільскім раёне Адэскай вобласці. Украіна заявіла, што расійскія дроны ўпалі на тэрыторыі Румыніі. Румыны адмаўлялі гэта некалькі дзён, але 6 верасня міністр абароны краіны прызнаў, што на яе тэрыторыі знайшлі абломкі расійскага дрона.
Каментары