Каля зубра на трасе М-1 працягваюць упарадкаванне. Вось што там яшчэ зʼявілася
Каля вялізнай скульптуры зубра, якая стаіць побач з трасай на ўездзе ў Брэсцкую вобласць, устанавілі новыя дэкаратыўныя элементы, піша bar24.by.
Побач з нядаўна абсталяванай паркоўкай зʼявіўся надпіс «Брэсцкая вобласць». Кожная літара ў гэтым надпісе — габіён вышынёй некалькі метраў. Мяркуючы па тым, што побач яшчэ ляжаць упакоўкі з дротам і стаіць будаўнічая тэхніка, дэкаратыўны элемент яшчэ не завершаны.
Упарадкаванне скульптуры жывёлы і прылеглай тэрыторыі пачалося ў канцы 2022 года. Тады металічнага гіганта пафарбавалі. У канцы мая 2023 гады ў зубра сталі міргаць вочы. А ў цемры яны яшчэ і засвяціліся.
Калі скульптуру прывялі ў парадак, узяліся за ўпарадкаванне прылеглай да яго тэрыторыі. Зрабілі месца для заезду з трасы з паркоўкай для аўтамабіляў, лавачкамі і столікамі для адпачынку. А цяпер яшчэ і габіёны ўсталявалі. Яны павінны стаць асновай будучай фотазоны.
Таксама ўлады заяўлялі пра намер зрабіць побач са скульптурай яшчэ і кафэ. Але ніякай канкрэтнай інфармацыі наконт гэтага пакуль няма.
Скульптура зубра на аўтадарозе М-1 Брэст — Мінск — мяжа РФ зʼявілася ў 2003 годзе. Статуя ўстаноўленая на ўездзе ў Баранавіцкі раён, недалёка ад вёскі Петкавічы. Вышыня зубра — каля 20 метраў, яго вага — каля 70 тон. Скульптуру вырабілі на Пінскім суднабудаўніча-суднарамонтным заводзе.
Міні-копію баранавіцкага зубра сёлета ўстанавілі ў Ганцавічах. Аднак зубра там чакалі прыгоды.
Каментары