Грамадства66

«Для мяне аднолькава важна быць і беларусам, і габрэем, і шведам». Чалавек, які выехаў з Беларусі ў мінулым стагоддзі, расказаў, як і чаму прыйшоў да беларускай мовы пасля 2020-га

Зміцер Васэрман пакінуў Беларусь у 1996 годзе і з тых часоў жыве ў Швецыі. Да беларускай тэмы ён вярнуўся пасля доўгага перапынку ў 2020 годзе, калі выявілася, што «беларусам гэта патрэбна». І пры гэтым прыйшоў не толькі да Беларусі, але і да беларускай мовы. Выданне BG.Media паразмаўляла са Змітром пра ягоны шлях да беларускай мовы падчас доўгай эміграцыі, падабенства беларускага і габрэйскага досведу, а таксама месца беларускай ідэнтычнасці сярод іншых. 

Зміцер Васэрман у Стакгольме. Фота з фэйсбук-старонкі Змітра Васэрмана

Пра згоду беларусаў на дыктатуру

— Я заўсёды лічыў, што беларуская мова мусіць быць дзяржаўнай, але асабіста не быў зацікаўлены ў культурных пытаннях наогул. У Беларусі перад тым, як з’ехаць, я працаваў менеджарам па распаўсюдзе ў «Беларускай дзелавой газеце» і газеце «Імя». Гэта былі расейскамоўныя прадэмакратычныя выданні. 

Беларусь мяне, зразумела, цікавіла, бо я там нарадзіўся, вырас, прымаў удзел у дэмакратычным руху. Але хутчэй не з культурніцкай, не з моўнай перспектывы. Мне хацелася, каб Беларусь была вольнай, а ўсё астатняе з гэтым прыйдзе.

Потым я шмат гадоў мала цікавіўся Беларуссю па дзвюх прычынах. Па-першае, я з’ехаў, мне трэба было будаваць новае жыццё. Па-другое, мне да 2020 года здавалася, што беларусам самім гэта не вельмі патрэбна, што большасць беларусаў згодная на жыццё ў дыктатуры.

Лукашэнку доўга ўдавалася ствараць у беларусаў ілюзію, што ён карыстаецца падтрымкай большасці, і нават дэмакратычныя сілы лічылі, што тыран здольны выйграць выбары без фальсіфікацый, хоць і не з такім вынікам.

Пра расстраляных беларускіх і габрэйскіх паэтаў

А 2020 год змяніў усё. Ён паказаў, што беларусам гэта патрэбна. Я, можна сказаць, вярнуўся ў беларускую палітыку, будучы ў Швецыі. 

Хаця цікавасць да мовы і культуры прыйшла трошкі пазней. Спачатку таксама цікавіў найперш дэмакратычны кампанент: каб беларусы перамаглі прарасійскую дыктатуру. Потым, калі я пачаў заглыбляцца, мне сталі цікавымі і астатнія пытанні. Мне стала больш зразумелай сувязь паміж дыктатурай і русіфікацыяй.

Дыктатура — гэта інструмент русіфікацыі Беларусі. А можна казаць і ў адваротным парадку: русіфікацыя — гэта інструмент дыктатуры. Праблема Расійскай Імперыі / СССР / Расійскай Федэрацыі ў тым, што калі мы спытаем сярэдняга расейца, што важней: дэмакратыя ці вялікая дзяржава — адказ заўсёды будзе: вялікая дзяржава. 

«Незалежнасць, у тым ліку культурніцкая незалежнасць, абсалютна неабходная для таго, каб Беларусь магла быць свабоднай дэмакратычнай краінай».

Зміцер Васэрман на Канферэнцыі беларусаў свету ў Вільні. Фота з фэйсбук-старонкі Змітра Васэрмана

Падштурхнула на гэтым шляху разуменне, наколькі русіфікацыя была мэтанакіраванай палітыкай. Яна не атрымалася сама сабой, як многія лічаць: быццам у нейкі час людзі перасталі размаўляць па-беларуску і пачалі размаўляць па-расейску. Гэта рабілася праз жудасны гвалт. 

Тут трэба ўзгадаць Ноч расстраляных паэтаў. Знішчылі каля 130 чалавек. Я пачынаю гэта экстрапаляваць на Швецыю: тут зараз каля 10 мільёнаў, трошкі больш, чым у Беларусі, але ў тагачаснай Беларусі жыло каля 5 мільёнаў. Я задумваюся, ці нават ведаю ў Швецыі каля 250-260 чалавек культурнай эліты? Калі іх знішчыць, нічога не застанецца, гэта будзе ў культуры выпаленая зямля. 

Тое ж самае тычыцца маіх продкаў, якія размаўлялі на ідышы. Сярод гэтых 130 чалавек было шмат культурных дзеячоў, якія пісалі і размаўлялі на ідышы. З гэтым здарылася тое ж самае: культура ідыш была знішчаная яшчэ раней, чым было знішчана падчас Халакосту габрэйскае насельніцтва. Этнацыд ішоў паперадзе фашысцкага генацыду.

Да гэтага было шмат габрэйскіх школ, пісалася шмат літаратуры. Мая бабуля — дзіўны прыклад: яе роднай моваю, якой размаўлялі ў сям’і, быў ідыш. Калі пачалі змяншаць колькасць школ на ідышы, яна пайшла ў беларускую школу. Потым беларускую школу таксама зачынілі, і давялося давучвацца ў расейскамоўнай школе. 

Таму да мяне прыйшло разуменне, што калі ў мяне ёсць магчымасць размаўляць беларускай, але я размаўляю ў побыце расейскай, я з’яўляюся не толькі ахвярай гэтай палітыкі, але і яе інструментам. Калі б я мог размаўляць на ідышы — на жаль, у мяне няма досведу, — я б таксама выкарыстоўваў гэтую магчымасць, каб навучыць сваіх дзяцей, каб гэтая мова не знікла зусім. Гэты цягнік, на жаль, ужо сышоў. 

Пра беларусізацыю шведскіх беларусаў

Арганізацыя «Беларусы Швецыі» да 2020 года была вельмі маленькая, накіраваная перш за ўсё на культурніцкую дзейнасць і ўся такая беларуская. У ёй было 16-18 чальцоў, вельмі няшмат. 

У 2020 годзе, як і ўся Беларусь, гэтая арганізацыя вельмі палітызавалася. Тое, што адбывалася, было немагчыма ігнараваць. У ёй стала больш за 200 чальцоў. Большасць размаўляла па-расейску, як і сярод беларусаў увогуле на сённяшні дзень. І большасць камунікацыі стала расейскамоўнай, таму што трэба было, каб людзі разумелі. Але потым шмат чальцоў зацікавілася беларускай культурай. 

У нас з’явіўся курс беларускай мовы для тых, хто хоча пачаць размаўляць. Зноў паднялася цікавасць да культурніцкай Беларусі, не толькі палітычнай. Зараз у суполцы ідзе працэс унутранай беларусізацыі, і ідзе натуральным чынам, без усялякага ціску. Думаю, што гэта тое, што будзе адбывацца ў Беларусі, калі Беларусь будзе вызваленая.

Зразумела, вайна падштурхнула гэты працэс, і мяне асабіста падштурхнула, таму што я бачыў, наколькі абурае нашых украінскіх сяброў, калі людзі пачынаюць з імі размаўляць на расейскай мове. 

«Трэба разумець, што гэты гвалт, пра які я размаўляў раней, калі казаў пра Ноч расстраляных паэтаў, украінцы бачаць зараз. Калі акупанты ўваходзяць у горад, першае, што яны робяць, — гэта мяняюць усе шыльды і ставяць помнік Пушкіну».

Для іх вельмі балючая і вельмі зразумелая сувязь паміж культурніцкім імперыялізмам і вайсковым імперыялізмам. Для нас, беларусаў, яна таксама стала больш зразумелай.

Я пачаў размаўляць па-беларуску пасля пачатку вайны, і шмат іншых у нашай суполцы.

Зміцер Васэрман (справа) на Oslo Freedom Forum. Фота з фэйсбук-старонкі Змітра Васэрмана

Пра шматідэнтычную сям’ю

Я выкарыстоўваю беларускую дома. З гэтым не ўсё вельмі проста. Мая жонка размаўляе па-расейску, але яна разумее беларускую, з гэтым асаблівых праблем няма. Але ў мяне трое дзяцей, і яны збольшага не чулі беларускую мову. І ім вельмі складана.

Не заўсёды добра адчуваецца, калі тата пачаў на мове, якую ім складана разумець. Таму я намагаюся знаходзіць баланс, каб гэта працавала. Калі яны нешта не разумеюць, тлумачу гэта па-расейску, ці па-шведску, ці па-ангельску. Яны ў мяне шматмоўныя.

Гэта складана, калі толькі адзін чалец у сям’і перайшоў на беларускую. Але, я думаю, гэта пытанне часу, калі гэта пачне працаваць лепш. Я не патрабую, каб мае дзеці размаўлялі па-беларуску, але было б добра, калі б яны праз нейкі час пачалі яе вольна разумець. 

Дзеці ў першую чаргу лічаць сябе шведамі, у другую — габрэямі, таму што яны атрымалі габрэйскую адукацыю. Беларускасць для іх стала чымсьці новым, што прыйшло ў апошнія гады. Да гэтага Беларусь была проста краінай, дзе мама з татам нарадзіліся.

«Ідэнтычнасць увогуле вельмі складаная рэч. Некаторыя людзі лічаць, што можна мець толькі адну ідэнтычнасць. Я з гэтым не згодны. Для мяне аднолькава важна быць і беларусам, і габрэем, і шведам. Я думаю, што гэта толькі робіць мяне багацейшым».

Пра перспектывы беларускай нацыянальнай дзяржавы

Калі мы дастаткова хутка пераможам, і людзі яшчэ не паспеюць інтэгравацца ў тых краінах, дзе яны жывуць, то пабудова нацыянальнай дзяржавы мне здаецца рэальнай. На жаль, з часам адсотак тых, хто вернецца, будзе змяншацца. Але ўсё роўна існаванне беларускасці за мяжой, я ўпэўнены, стане каталізатарам для беларускасці ў Беларусі. 

Калі паглядзець, як гэта было ў балтыйскіх краінах, — напрыклад, у нас ёсць «Эстонскі дом», які вельмі дапамагае зараз беларусам. Яны самі прайшлі праз гэта. Ён быў створаны падчас савецкай акупацыі, каб захоўваць эстонскую культуру, каб развіваць літаратуру, каб уплываць з-за мяжы на тое, што адбываецца ў Эстоніі, друкаваць, весці радыёвяшчанне і г. д.

Калі паглядзець на Заходнюю Украіну, якая была да Першай сусветнай вайны ў складзе Аўстра-Венгрыі і дзе было больш свабоды для развіцця ўкраінскай культуры, то потым гэта ўсё ўзялі з сабой і ва Усходнюю Украіну, якая была ў складзе Расійскай Імперыі. Я бачу, што дыяспара адыграе сваю важную ролю ў будучыні. 

«У мяне адчуванне, што беларусізацыя — гэта ўсеагульны працэс, што ў іншых даяспарах таксама такое адбываецца. Прынамсі паміж скандынаўскімі суполкамі мы размаўляем па-беларуску. Пасля 2020 года, калі ўсе гэтыя суполкі раслі і арганізоўваліся, мы збольшага размаўлялі на расейскай, зараз на беларускай».

Таксама ў дзейнасці Народнай амбасады мы ўсё больш размаўляем па-беларуску. Самая першая канферэнцыя, якую мы арганізоўвалі ў Вільні ў 2021 годзе, была збольшага расейскамоўная. Апошняя, якая была ў Варшаве, на 80-90% была беларускамоўная.

Зміцер Васэрман (другі злева) на Канферэнцыі беларусаў свету ў Вільні. Фота з фэйсбук-старонкі Змітра Васэрмана

Мы намагаемся, каб беларускія дзеці маглі атрымліваць урокі беларускай мовы. У Швецыі ёсць сістэма адукацыі на «хатняй» мове, як гэта называецца. Пакуль трэба вырашыць складаныя юрыдычныя пытанні, каб гэта стала магчымым. 

Але калі мы не пераможам прарасейскую дыктатуру ў найбліжэйшыя гады або дзесяцігоддзі, то перспектыва, на жаль, будзе вельмі змрочнай. Але мы ўсе спадзяемся на лепшае, таму што ўвесь гістарычны досвед кажа, что часам адбываюцца хістанні паміж свабодай і тыраніяй, але большасць нацый усё ж прыходзіць да свабоды і дэмакратыі. 

Каментары6

  • бабруйчанін
    27.08.2023
    Ні разумею ні прымаю беларус на 5% ці на 95% ты ці беларус Ці..
    І гєта ні кроу - глеба маці бацька царква сінагога касцел Гєта раземенне адчуванне жыцце Беларусью
    А так у 96 я " у кіпе" падчас " 2020" і пасля я беларус
    Х..к 24 Лютага ..я швед..
    Наконт " прымання дыктатуры" беларусамі
    У 94 сідзячы " на чамаданах" з квіткамі у Штаты Ізраіль знаемые суседзі бабруйчане галасілі за агєєла
    Ці пасля дзеці унукі у Германіі Ізраілі а яны за " парадак"
    АЛЕ адчуць у сябе сябе Беларусам ніколі ні позна
  • Ź Biełarusi
    27.08.2023
    Dziakuj, spadar Źmicier, za dakładnyja vyznačeńni j za ŭsio, što robicie dziela Biełarusi!
  • Стасик
    27.08.2023
    НН, спасибо за перепечатку интересного материала, заодно узнал и про такой сайт BG.Media

«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ9

«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ

Усе навіны →
Усе навіны

У Лукашэнкі знайшлася пазашлюбная дачка Крысціна? Вось што вядома58

Замежнікі скардзяцца — у беларускі ўніверсітэт не паступіш без пасярэднікаў2

Вальфовіч: У Лукашэнкі ёсць свой ядзерны чамаданчык і чырвоная кнопка17

Самалёт Пуціна ў Мінск суправаджалі два знішчальнікі

«Яшчэ 10 чалавек паехалі». Як кашмарылі Гродна падчас апошняй аблавы2

Мінчанка паслізнулася на прыступках свайго пад'езда, паламалася і адсудзіла 11 000 рублёў

З Новага года вырасце некалькі падаткаў

Беларускі «Гастрафэст» пройдзе ў трох краінах. Што ў меню?2

Палітвязня Толчына, які выйшаў па памілаванні, затрымалі па адміністрацыйнай справе

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ9

«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ

Галоўнае
Усе навіны →