«Здаецца, гэта адпудзіць пакупнікоў». У Беларусі з'явілася чорная-чорная каўбаса з самурайскай назвай
У продажы з'явілася чорная каўбаса. Яна носіць самурайскую назву і абяцае незвычайныя смакавыя адчуванні. Журналіст выдання Blizko.by неадкладна выехаў у камандзіроўку ў фірмовую краму мясакамбіната, набыў навінку, а пасля таго яе прадэгуставалі.
Што яшчэ за чорная каўбаса?
Беларусы ўжо елі чорнае марожанае, чорную макарону і чорныя пельмені. Цяпер дайшла чарга да каўбасы. Такімі тэмпамі хутка можна будзе наогул есці і піць усё чорнае, прыхільнікам цёмных тэм у мабільных прыладах павінна спадабацца.
Чорную каўбасу выпусціў Слонімскі мясакамбінат. Каўбаса называецца «Бусідо». Гэта такі самурайскі кодэкс гонару, калі ёсць толькі шлях, але няма мэты, а шлях трэба прайсці годна, каб іншым самураям не давялося за цябе чырванець, калі спатрэбіцца правесці чайную цырымонію ці зрабіць харакіры.
У апісанні ад мясакамбіната сказана так:
«Навінка Слонімскага мясакамбіната з унікальным стылем і смакам — каўбаса «Бусідо»! У чым жа яе асаблівасць? Чорная афарбоўка. Яе мы атрымалі дзякуючы расліннаму чорнаму вугалю ў саставе. Дызайн. Ён натхнёны японскімі матывамі і адлюстроўвае назву прадукта — «Бусідо» — кодэкс самурая. Мясны мікс. Сакавітая ялавічына і курынае філе проста растаюць у роце. Паспрабуйце нашу каўбасу «Бусідо» ўжо сёння і акуніцеся ў Японію проста ў сябе дома!»
Дзе знайсці?
Каўбасу вам прададуць у фірмовай краме Слонімскага мясакамбіната. У Мінску іх усяго тры: на Камароўцы, каля станцыі метро «Міхалова» і на вуліцы Чкалава недалёка ад Дома культуры чыгуначнікаў.
Каўбаса знайшлася ў той краме, што каля метро «Міхалова». На сайце прадпрыемства яна намаляваная цэлым батонам, але ў краме сказалі, што такіх у іх не бывае. Прыязджае толькі нарэзаная кавалкамі па 450—480 грамаў і спакаваная ў поліэтылен пад вакуумам, з-за чаго ўражанне ад прыгожай абалонкі змазваецца.
Каштуе каўбаса 29 рублёў за кіло.
Як выглядае і што ўнутры?
Вынятая з поліэтылену, каўбаса выглядае крута. Тэкстыльная ўпакоўка, якая нагадвае каленкоравую вокладку кнігі з тых часоў, калі трава была зелянейшая, і з акуратным швом, нібы на падгалоўніку вашага Koenigsegg. На абалонцы можна разгледзець самурая, які ўкладвае сваю катану ў ножны на фоне ўзыходзячага сонца.
Наогул каўбаса завецца чорнай, але насамрэч яна, хутчэй, шэрая, асабліва калі сарваць абалонку і зірнуць на прадукт збоку. Зрэз прыгожы, тут усе адценні белага, чырвонага і шэра-чорнага. Адразу хочацца яе з'есці.
Апісанне на сайце камбіната вельмі беднае, як быццам сам самурай сказаў як адрэзаў: «Састаў — ялавічына, філе курынае».
Усё, што чырвонае, — гэта натуральная ялавічына кавалкамі, з пражылкамі, з усім, што мае мець мяса. Усё, што чорнае, — гэта курынае філе, зафарбаванае вугалем. Усё, што белае, застаецца назваць салам.
На этыкетцы можна знайсці нашмат больш слоў і лічбаў у апісанні. Гэта інгрэдыенты, што ўсе ведаюць: ялавічына, філе курынае, крухмал бульбяны, чорны перац, духмяны перац, лаўровы ліст, кмен, цыбуля, часнок, мускатны арэх, соль.
Не абышлося без араматызатараў і ўзмацняльнікаў смаку ды водару.
Бялкоў — 17 грамаў, тлушчаў — 9 грамаў, вугляводаў — 2 грамы, энергіі — 160 кілакалорый.
Што кажуць дэгустатары?
На этыкетцы сказана, што тэрмін захоўвання каўбасы — да 45 сутак, але толькі сапраўдны самурай можа чакаць столькі часу. Калі ж каўбасу парэзалі тонкімі лустачкамі, то на сакавіты пах з усяго паверха адразу ж збегліся клеркі прапанаваць свае паслугі ў дэгуставанні «Бусідо».
І вось што яны расказалі на ўмовах поўнай ананімнасці.
«Калі ты яе ясі, то гэта смачней, чым калі нюхаеш. Зроблена так, як быццам сальцісон ці кумпяк, як у вёсцы рабілі і да столі падвешвалі. Але мне здаецца сумнеўным, што яна чорная, — думаю, гэта будзе адпужваць пакупнікоў. Затое радуе, што гэта нармальнае мяса, а не жэлацін нейкі».
«Колерам цікавая. Але яна гумовая, рассыпістая, у ёй нейкія жылкі, якія дрэнна жуюцца. Лепш есці яе без хлеба. Але другога кавалачка я не хачу, мне не спадабалася».
«Яна такая мяккая адразу, потым цвярдзейшая. Саланаватая, смачная. Падобная да запечанай галёнкі».
«На выгляд прыгожая, але пах у яе трошкі… рэзкі. У цэлым нічога так, але я б лепш купіла звычайны брэсцкі сервелацік і з'ела».
«Каляндра ў ёй ці што? Адчуваю сумесь мяса рознага, вяленую ялавічыну, па-мойму, і вельмі вострыя спецыі; пакідае прысмак у роце досыць працяглы. Пад гэта трэба барадзінскі хлеб. Каўбаса падыходзіць, каб перабіць горкі смак. Пад перакус я б яе не ўзяў, але ўзяў бы для застолля».
«Тэкстура дзіўная, на смак цікавая. Тры віды мяса, адчуваю свініну з ялавічынай, а курыцы тут няма. Не адчуваю нічога, акрамя перцу і солі, — няма тут каляндры, нічога такога».
«Пад піва будзе самае тое. Адчуванне, што дадавалі курыную пячонку і ўнутраныя органы. Такое вось фуа-гра».
«Каўбаса падобная да рулета, сакавітая. Будзем браць на офісныя вечарынкі на закусь».
«Нязвыкла ў звычайнай каўбасе адчуваць не перамолатае ў аднастайную кашу, а натуральнае мяса кавалкамі. Гэта смачна, хочацца есці яе з якім-небудзь чорным жытнім хлебам. Было б класна, калі б каўбаса гэтая была трохі сушэйшая».
Каментары